Паўно́чна-Захо́дні край, або паўно́чна-захо́днія губе́рні, (рус. Северо-Западный край, або северо-западные губернии; ) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні). Тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні») пачаў першапачаткова ўжывацца ва ўрадавай тэрміналогіі ў адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) як жаданне паказаць не толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель (Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губерняў). Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не распаўсюджваўся на Віцебскую і Магілёўскую губерні. Да пачатку 1860-х гг. часцей за ўсё ў расійскай урадавай тэрміналогіі «паўночна-заходнія губерні» не вылучаліся асобна, а разам з «беларускімі» (Віцебскай і Магілёўскай губернямі) і «паўднёва-заходнімі губернямі» («Паўднёва-Заходнім краем» — Кіеўскім ваенным генерал-губернатарствам) прадстаўляліся сукупна і фігуравалі пад агульнай назвай «заходнія губерні» (ці «Заходні край»). Падпарадкаванне ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў уладзе віленскага ваеннага генерал-губернатара распаўсюдзіла тэрмін «Паўночна-Заходні край» і на гэтыя («беларускія») губерні, што захавалася нават пасля выхаду ў 1869 г. Віцебскай і Магілёўскай губерняў з-пад улады віленскага генерал-губернатара. У расійскай імперскай ідэалогіі і ідэалогіі «заходнерусізму» тэрмін «Паўночна-Заходні край» фактычна абазначаў паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расію»), што асабліва пачало прапагандавацца пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Акрамя таго, замацаванне з 1860-х гг. за шасцю губернямі (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) назвы «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»), нават пасля скасавання ў 1912 г. Віленскага генерал-губернатарства, фактычна было прызнаннем, што гэтая тэрыторыя з’яўляецца землямі былога Вялікага Княства Літоўскага і мае падобныя агульныя рысы ва ўсіх адносінах, што і адлюстроўвалася, адпаведна, у спецыфіцы кіравання і рэжыме законаў у гэтых губернях. З 1830-х гг. спецыфіка кіравання і рэжым законаў у паўночна-заходніх (і паўднёва-заходніх) губернях паступова набывалі выразна русіфікатарскі і дыскрымінацыйны характар у адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі). Плошча Паўночна-Заходняга края (шасці губерняў — Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай) у пачатку XX ст. складала 260 490 квадратных рускіх вёрст (ці 266 978 квадратных дзесяцін)Сакалова, М. Паўночна-Заходні край / М. Сакалова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — С. 445.. Цэнтрам Паўночна-Заходняга края лічылася Вільня.
Аналагі тэрміна
Расійскія азначэнні губерняў да часу ўзнікнення тэрміна
Жаданне паказаць справядлівасць захопу зямель Рэчы Паспалітай, атрыманых у выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795), праявілася ва ўзнікненні ў афіцыйна-бюракратычным справаводстве Расійскай імперыі тэрміну «губерні, вернутыя ад Польшчы» («губернии, возвращённые от Польши»)Пад «Польшчай» у тыя часы разумелася ўся Рэч Паспалітая., які выкарыстоўваўся адразу з часу першага падзела (1772) да пачатку 1860-х гг.Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 297. У ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай, калі адбываўся працэс усталявання расійскіх парадкаў у «нованабытых» губернях імперыі, у расійскім афіцыйным справаводстве выкарыстоўваліся таксама тэрміны «новадалучаныя ад Польшчы вобласці», «набытыя ад Польшчы вобласці», «зноў далучаныя да Расіі ад Польшчы губерні» і г.д.Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17108, 17113, 17114, 17122, 17279 і інш.
З 1796 г., пачаткам царавання Паўла I, па сярэдзіну 1830-х гг. (нават пасля «Лістападаўскага паўстання») у адносінах да «новадалучаных» губерняў выкарыстоўваўся таксама тэрмін «польскія губерні» («нашы польскія губерні», «польскія правінцыі»), якія не планавалася злучыць з ваяводствамі Царства ПольскагаЗападные окраины Российской империи / Л. А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 94; Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 28, № 21586, 21588; Т. 32, № 25319 і інш.. У справаводстве таксама можна было сустрэць тэрміны «літоўскія губерні» («літоўскія правінцыі», «Літва») і «беларускія губерні» («беларускія правінцыі»Тэрмін «правінцыі» («польскія правінцыі», «літоўскія правінцыі», «беларускія правінцыі» і г.д.) выкарыстоўваўся толькі да пачатку 1830-х гадоў., «Белая Расія» альбо «Беларусія») у адносінах да адпаведных губерняў, якія так называліся сукупна. Зрэдку ўжываліся і тэрміны «Літоўскі край» і «Беларускі край»Тэрмін «край» у расійскай афіцыйнай бюракратычнай тэрміналогіі меў шырокае значэнне. «Краем» маглі называць асобную губерню; некалькі губерняў, аб’яднаных адной прыкметай (напрыклад, «Літоўскі край», «Беларускі край» і г.д.); генерал-губернатарства; некалькі генерал-губернатарстваў, аб’яднаных адной прыкметай. Напрыклад, тэрмінам «Заходні край» («заходнія губерні») у свой час сукупна называлі тры генерал-губернатарствы (з цэнтрамі ў Вільні, Віцебску і Кіеве). Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 21, аддзяленне 2, № 20295; Т. 28, аддзяленне 1, № 27017; і інш..
Пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) у адносінах да ўсіх губерняў, атрыманых Расійскай імперыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, пачаў стала выкарыстоўвацца аж да 1917 г. тэрмін «заходнія губерні» (альбо «Заходні край»)Зрэдку тэрмін «заходнія губерні» выкарыстоўваўся яшчэ пры цараванні расійскага імператара Аляксандра I. Гл.: Указ 12 чэрвеня 1812 г. Аб выкарыстанні лясной варты Заходніх губерняў для патрэб пры арміях // Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 32, № 25138.. Землі былога Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі ў склад адасобленых суседніх генерал-губернатарстваў і не вылучаліся ў бюракратычнай тэрміналогіі асобна з «заходніх губерняў» (у першую чаргу, з-за падобнасці ўрадавай палітыкі ў адносінах да гэтых губерняў)Пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў для выпрацоўкі агульнай палітычнай лініі царскай улады ў адносінах да заходніх губерняў 14 верасня 1831 г. быў створаны «Камітэт, заснаваны для разгляду розных меркаванняў па губернях, ад Польшчы вернутых». У бюракратычных сферах гэты камітэт хутка сталі называць «Камітэтам заходніх губерняў» (1831—1848). Камітэт дзейнічаў як самастойная ўстанова, але меў блізкія зносіны з Камітэтам міністраў Расійскай імперыі, і распрацоўваў у адносінах да заходніх губерняў розныя ўніфікацыйныя мерапрыемствы, каб «губерні, ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які для кіравання ў іншых расійскіх губернях існуе». З пачаткам сялянскай рэформы (1861) і напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў быў створаны «Заходні камітэт» (1862—1865), які меў задачы абмеркавання мерапрыемстваў «да ўстанаўлення ў адзначаным краі парадка і ўмацавання ў ім спакою».. Менавіта гэты тэрмін быў самым распаўсюджаным да пачатку 1860-х гг. у заканадаўчых актах Расійскай імперыі. У пачатку 1840-х гг. (у час эйфарыі ўрада пасля скасавання ўніяцтва і павелічэння колькасці праваслаўных у Расійскай імперыі за кошт былых уніятаў) і ў пачатку 1860-х гг. (у час чарговага абвастрэння адносін паміж мясцовым дваранствам і расійскай уладай) у афіцыйных дакументах імперыі можна было сустрэць і такія тэрміны (з узмацняльнай канатацыяй) як «нашы заходнія губерні» альбо «заходнія, вернутыя ад Польшчы губерні»Западные окраины Российской империи / Л. А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 104; і інш..
Узнікненне тэрміна і яго расійскія аналагі з часу ўзнікнення Пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839) у адносінах да Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), якое складалася з Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губерняў, у афіцыйным расійскім справаводстве і прэсе пачаў паралельна выкарыстоўвацца тэрмін «Паўднёва-Заходні край» («паўднёва-заходнія губерні»), а адносна Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864) — тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»)Упершыню тэрмін «паўночна-заходнія губерні» ужыты ў афіцыйным заканадаўстве ва ўказе ад 18 снежня 1842 г., якім праводзілася рэарганізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віленскага ваеннага генерал-губернатарства: са складу Віленскай губерні былі вылучаны Ковенскі, Цельшаўскі, Расіенскі, Панявежскі, Вількамірскі і Новааляксандраўскі для стварэння Ковенскай губерні, а Беластоцкая вобласць (1808—1842) уключана ў склад Гродзенскай губерні. (Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 17, аддзяленне 2, № 16347). Другім разам у Поўным сборы законаў Расійскай імперыі тэрмін ужываецца ва ўказе Сената ад 27 ліпеня 1843 г. («Аб прывядзені ў дзейнасць Найвысачайшага ўказа 18 снежня 1842 года адносна стварэння ў новым складзе паўночна-заходніх губерняў» — гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 18, аддзяленне 1, № 17074. ці «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў)Западные окраины Российской империи / Л. А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 103; Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»… С. 17.Нават пасля паўстання 1863—1864 гадоў, калі тэрмін «Паўночна-Заходні край» пачаў шырока ўжывацца ў заканадаўчых актах, афіцыйных дакументах і публіцыстыцы, тэрмін «Заходні край», які «прыжыўся» у грамадскай свядомасці ў адносінах да генерал-губернатарства з цэнтрам у Вільні, яшчэ часам суадносіўся толькі з Віленскім генерал-губернатарствам. Так, у дванаццатым томе (1894) вядомага і папулярнага энцыклапедычнага слоўніка Бракгауза і Эфрона ў артыкуле «Западный край» указваецца, што тэрмін адносіцца да дзевяці заходніх губерняў Расійскай імперыі — Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Валынскай, Падольскай і Кіеўскай, але і адзначаецца, што пад Заходнім краем пераважна разумеюцца першыя шэсць губерняў («паўночна-заходніх»). А ў дзявятым томе (1902) выдання «Большая энциклопедия: Словарь общедоступных сведений по всем отраслям знания» пад рэдакцыяй Южакова ўказваецца, што тэрмін «Заходні край» адносіцца да дзевяці заходніх губерняў, а часцей за ўсё — да шасці губерняў (Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) ці ўвогуле — да трох (Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай), якія складалі Віленскае генерал-губернатарства. Гл.: Западный край // Энциклопедический словарь; изд. Ф. А. Брокгауз… С. 247; Западный край // Большая энциклопедия… С. 507.. Прычым, тэрмін «Заходні край» для абазначэння Віленскага ваеннага генерал-губернатарства быў больш распаўсюджаным да пачатку 1860-х гг., чым тэрмін «Паўночна-Заходні край»Гл.: Миллер, А. Формирование наций у восточных славян в XIX в. — проблема альтернативности и сравнительно-исторического контекста . У тыя часы Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і не адносіліся да «паўночна-заходніх», а называліся «беларускімі». Да пачатку 1860-х гг. у заканадаўстве і справаводстве Расійскай імперыі «заходнія губерні» (як «паўночна-заходнія», так і «паўднёва-заходнія» і «беларускія»), калі пра іх ішла гаворка ў дакументах, часта прыводзіліся проста пералікам губерняў па імені альбо ўказаннем генерал-губернатарства (ці ваеннага губернатарства).