Руская праваслаўная царква, Маскоўскі Патрыярхат — аўтакефальная праваслаўная царква, якая займае 5-е месца ў дыптыху праваслаўных цэркваў, найбольшая з існых праваслаўных цэркваў. Найбольшая рэлігійная арганізацыя ў Расіі, Беларусі і Украіне. У склад Маскоўскага Патрыярхату ўваходзяць аўтаномныя Японская, Кітайская, Украінская, Латвійская, Эстонская праваслаўныя цэрквы, Руская праваслаўная царква за мяжой і Праваслаўная царква Малдовы.
Іншымі памеснымі (аўтакефальным) цэрквамі, што ўваходзяць у дыптых, прызнаецца адзінай кананічнай праваслаўнай царквой на тэрыторыі былога СССР з выключэннем Грузіі, дзе кананічнай з’яўляецца Грузінская праваслаўная царква, і Эстоніі, дзе апрача РПЦ кананічнай з’яўляецца Эстонская апостальская праваслаўная царква Канстанцінопальскага Патрыярхата.
Аўтакефалію ад Канстанцінопальскага Патрыярхата царква атрымала ў 1448 годзе, Патрыярхат устаноўлены ў 1589 годзе. Дзякуючы ў тым ліку таму, што мітрапаліт Філарэт (Фёдар) быў бацькам Міхаіла — Раманавы прыйшлі да ўлады ў Маскоўскай дзяржаве, пры Аляксею Міхайлавічы патрыярх Нікан правеў рэформы і ўзмацніў кантроль цара над царквой. У 1721 годзе патрыярхат скасаваны Пятром I, РПЦ кіравалася Свяцейшым Сінодам, які падначальваўся імператару. Афіцыйна святары атрымлівалі заробак ад дзяржавы і падпарадкоўваліся свецкім ураднікам. У 1917 годзе адноўлены патрыярхат, але СССР праводзіла рэпрэсіўную палітыку да святарства і рэлігіі. Фізічна вынішчала святароў, знішчала і рабавала цэрквы. Станам на 1940 год, працавала толькі 2,9 % ад колькасці прыходаў у 1916 годзе. Пасля таго як нацысты і іх калабаранты абвясцілі пра вяртанне цэркваў вернікам і аднаўленні РПЦ, пад кантролем эмігранцкіх іерархаў на акупаваных тэрыторыях, у верасні 1943 года Сталін заявіў пра аднаўленне царквы ў СССР. Святары сталінскай РПЦ былі падкантрольныя НКУС, збіралі сродкі на вайну ў тым ліку ў дыяспары, у замен ім дазволілі правесці Сабор і абраць патрыярха. Пасля вайны ціск на вернікаў, руйнаванне цэркваў і кантроль КДБ над царкоўнай структурай працягваліся, але фізічнага вынішчэння святароў і іх сем’яў ужо не было.
На канец 2006 года, і да ўз’яднання з РПЦЗ, РПЦ мела 136 епархій; 1 экзархат (Беларускі); 171 архірэяў, з іх 131 епархіяльных, 40 вікарных, без уліку 13, якія былі на адпачынку. Дзейнічаюць 713 манастыроў, у тым ліку ў Расіі: 208 мужчынскіх і 235 жаночых; на Украіне: 89 мужчынскіх і 84 жаночых; у іншых краінах СНД і Прыбалтыкі: 38 мужчынскіх і 54 жаночых; у рэшце замежных краін: 2 мужчынскіх і 3 жаночых. Стаўрапігіяльных манастыроў 25. Агульная колькасць прыходаў — 27 393 (колькасць хутка ўзрастае). Агульная колькасць духавенства — 29 450.
Духоўных навучальных устаноў 75, з іх 5 духоўных акадэмій, 34 духоўныя семінарыі, 36 духоўных вучылішч. Усяго на дзённай форме навучання каля 5400 чалавек. Таксама дзейнічаюць 2 праваслаўныя ўніверсітэты і 1 багаслоўскі інстытут.
Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы — Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (з 1 лютага 2009 года).
У снежні 2017 года стала вядома, што СБУ зняла грыф «цалкам сакрэтна» з дакументаў НКДБ пра стварэнне Маскоўскай Патрыярхіі. У іх, у прыватнасці сцвярджаецца, што ўсе дэлегаты так званага Памеснага Сабора РПЦ МП 1945 года былі завербаваныя чэкістамі.
З рассакрэчаных дакументаў вынікае, што НКДБ СССР і яго падраздзяленні ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, краях і абласцях займаліся падборам кандыдатаў для ўдзелу ў саборы з прадстаўнікоў духавенства і свецкіх. З гэтай мэтай трэба было намеціць «асоб, якія маюць рэлігійны аўтарытэт сярод духавенства і вернікаў і ў той жа час правераных на агентурнай або патрыятычнай працы».
20 жніўня 2024 года Вярхоўная Рада Украіны забараніла Рускую праваслаўную царкву ва Украіне, прыняўшы Закон Украіны «Аб абароне канстытуцыйнага ладу ў сферы дзейнасці рэлігійных арганізацый». Украінскія рэлігійныя арганізацыі, афіляваныя з Рускай праваслаўнай царквой, будуць забаронены праз 9 месяцаў з моманту вынясення адпаведнай пастановы, калі гэтая рэлігійная арганізацыя не разарве адносіны з Рускай праваслаўнай царквой у адпаведнасці з праваслаўным кананічным правам.
Гл. таксама Праваслаўе Свяшчэнны сінод Рускай праваслаўнай царквы
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Афіцыйны сайт Статут РПЦ