Пу́хавічы. Сустракаецца таксама варыянт Пухо́вічы (, ) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Пухавіцкага сельсавета. Месціцца за 6 км на ўсход ад Мар’інай Горкі, 54 км ад Мінска, на рэках Свіслач і Цітаўка.

Гісторыя

Ранняя гісторыя Упершыню Пухавічы ўпамінаюцца за часамі Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагоддзі як вёска, прыватнае ўладанне. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У XVII стагоддзі маёнтак Лядскіх, з 1690 года ўласнасць Наваградскага падстолія Пшарадоўскага.

У 1726 годзе было мястэчка Пухавічы на 30 двароў і фальварак уласнасці Б. Суркавіцкага.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У канцы XVIII стагоддзя мястэчка было ўва ўласнасці варшаўскага банкіра Я. Мексцера. У 1800 годзе ўласнасць Сулістроўскіх, была драўляная Багародзіцкая царква, яўрэйская школа, лаўка, праводзіліся 2 штогадовыя кірмашы, быў вадзяны млын. Пазней Пухавічамі валодалі Фрыбесы, Эсткі. Праз вена ад Канстанцыі з Эсткаў Пухавічы перайшлі да Ваньковічаў.

Пасля 1861 года мястэчка стала цэнтрам Пухавіцкай воласці Ігуменскага павета. У 1863 годзе адкрыта народнае вучылішча, для якога ў 1865 годзе было пабудавана мураванае памяшканне.

Станам на 1886 год у мястэчку было 73 двары, праваслаўная царква, народнае вучылішча (110 вучняў), 3 сінагогі, 2 піваварныя заводы, 26 дробных лавак, паромная пераправа на Свіслачы. Праводзіліся 4 штогадовыя кірмашы, штотыднёвыя таржкі (жывёла, бандарныя вырабы, прылады працы, посуд і іншае). Сярод насельніцтва былі распаўсюджаны рамёствы: ткацтва, шавецкае і кравецкае. У 1894 годзе быў заснаваны бульбяны крухмальны завод (11 рабочых). У 1889 годзе маёнткам Пухавічы валодаў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Канстанцін Аляксандравіч Ваньковіч, было 516 дзесяцін зямлі. У мястэчку сярод дробных землеўладальнікаў былі: праваслаўны мешчанін Сафрон Васілевіч Какура (39 дзесяцін); праваслаўны мешчанін Аляксей Маркавіч Какура (3 дзесяціны); праваслаўныя мяшчане Іван, Ануфрый і Міхаіл Якаўлевічы Какуры (3 дзесяціны); праваслаўны ганаровы грамадзянін Арыстарх Іванавіч Кушлянскі (20 дзесяцін); дваране рыма-каталіцкага веравызнання Сігізмунд, Людвіг і Іосіф Канстанцінавічы Ліпніцкія (4 дзесяціны); 96 мяшчан х. Пухавічы (7 дзесяцін); праваслаўны мешчанін Міхаіл Паўлавіч Пігулеўскі (19 дзесяцін); мешчанін рыма-каталіцкага веравызнання Людвіг Феліцыянавіч Ярашэвіч (4 дзесяціны); дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Саверый Іванавіч Ярашэвіч (4 дзесяціны); мяшчане рыма-каталіцкага веравызнання Яськевічы Іван Венядыктавіч і Франц Іванавіч (15 дзесяцін).

Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку было 392 двары, хлебазапасны магазін, завод сельцерскай мінеральнай вады, 49 лавак, 4 піцейныя дамы, праводзіліся 4 штогадовыя кірмашы. У маёнтку быў паравы і вадзяны млыны, таксама была аднайменная вёска.

У 1900 годзе ў народным вучылішчы было 134 вучні і 34 вучаніцы. У 1905 годзе было адкрыта паштовае аддзяленне. У жніўні 1905 года адбыліся рэвалюцыйныя выступленні, у якіх удзельнічала каля 50 чалавек. У 1909 годзе было 418 вучняў, паштовае і тэлеграфнае аддзяленне.

Найноўшы час

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай воласць абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Пухавічаў накіроўвалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад С. 19.. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1922 годзе працавалі 3 крупадзёркі, сукнавалка, маслабойня, было лясніцтва і сямігадовая школа (12 настаўнікаў, 268 вучняў). 17 чэрвеня 1924 года Пухавічы сталі цэнтрам Пухавіцкага раёна (да 29 ліпеня 1925, пасля чаго цэнтр быў перанесены ў Мар’іну Горку, хоць і захаваў назву). З 18 снежня 1925 года цэнтр Пухавіцкага сельсавета. У 1933 годзе працавалі МТС, картонная фабрыка (47 рабочых), абутковая і швейная арцелі. 27 верасня 1938 статус Пухавічаў панізілі з мястэчка да вёскі.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. Адразу з пачаткам акупацыі было створана гета. У верасні 1941 года здзейснена масавае забойства яўрэяў Пухавічаў і Мар’інай Горкі, агулам было забіта 1260 чалавек. У 1942 годзе было расстраляна 20 ваеннапалонных і 90 жыхароў вёскі.

У 1960 годзе сяло, цэнтр калгаса імя Карла Маркса.

Насельніцтва

Дэмаграфія XVIII стагоддзе: 1726 год — 30 двароў 1745 год — 17 двароў 1800 год — 153 двары, 704 жыхары XIX стагоддзе: 1861 год — 734 жыхары 1886 год — 73 двары, 860 жыхароў 1897 год — мястэчка, 392 двары, 2714 жыхароў; вёска, 129 двароў, 783 жыхары; маёнтак, 45 жыхароў XX стагоддзе: 1909 год — 2225 жыхароў; маёнтак, 44 жыхары 1917 год — 3093 жыхароў; маёнтак, 67 жыхароў 1926 год — 2160 чал., 929 яўрэяў (43 %) 1960 год — 1822 жыхары 1999 год — 889 двароў, 2287 жыхароў XXI стагоддзе: 2002 год — 882 двары, 2300 жыхароў 2010 год — 1825 жыхароў 2019 год — 1938 жыхароў

Рэлігія

У пачатку XIX стагоддзя дзейнічала драўляная ўніяцкая Багародзіцкая царква, 1841 годзе збудавана новая праваслаўная. У 1950 гадах гадах царква была закрыта, часткова разбурана і пераабсталяваны пад клуб. Пад канец 1990-х праваслаўная грамада змагла вярнуць будынак. 18 жніўня 2015 года пасля завяршэння набажэнства епіскап Веніямін заклаў у падмурак будучага храма камень і памятную грамату.

Сацыяльная сфера У Пухавічах ёсць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, клуб, бальніца.

Славутасці Царква Нараджэння Божай Маці. Помнік землякам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне. Памятная дошка Якубу Коласу на будынку Пухавіцкай сярэдняй школы. Яўрэйскія могілкі.

Вядомыя асобы Аляксандр Ваньковіч (1881—1947) — палкоўнік аэранаўтыкі Войска Польскага. Анатоль Вольны (1902—1937) — паэт, празаік, журналіст, драматург. Аляксандр Дасужаў (1945—2014) — мастак. Яўген Корань (нар. 1950) — архітэктар. Мікалай Лабуш (нар. 1951) — доктар палітычных навук. Аляксандр Лабуш (нар. 1957) — акцёр тэатра і кіно. Мікалай Правалоцкі (нар. 1955) — беларускі біятланіст і трэнер. Рыгор Прус (1914—2010) — хірург, доктар медыцынскіх навук. Іуда Лёб бэн-Іосіф Пуховіцер — рабін і прапаведнік. Барыс Рэпін (нар. 1940) — мастак. Вольга Савасцюк (нар. 1963) — пісьменніца. Уладзімір Сянчук (1923—2008) — кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. Любоў Фрыд (1892—1991) — педагог. Аляксандр Шабалін (1938—2014) — пісьменнік, журналіст, шашыст, дзеяч Камуністычнай партыі. Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Пухавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Пухавіцкага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства