Фламінга звычайны, фламінга ружовы (Phoenicopterus roseus) — птушка з роду фламінга.

Апісанне Даўжыня цела 120—145 см, размах крылаў 130—165 см. Птушкі дасягаюць масы 3,4-4 кг. Самка меншая за самца.

Апярэнне ў дарослых самцоў і самак пяшчотна-ружовага колеру, крылы пурпурова-чырвоныя, махавыя — чорныя. Без пер’я — аброць і кольца вакол вачэй — чырвоныя. Дзюба ў асноўнай частцы — ружовая, на канцы — чорная. Маладыя птушкі бруднавата-шэрыя, з ружовым налётам. На кожнай назе па 4 пальцы. У палёце выцягвае шыю і ногі. Голас: гучнае, прарэзлівае «крок, грок», крыху падобнае да гогату гусей.

Пашырэнне Арэал разарваны, з лакальнымі калоніямі ў паўднёвых Іспаніі і Францыі, на Сардзініі, узбярэжжах Каспійскага мора, у Малой і Паўднёвай Азіі, на захадзе Пакістана, у Афрыцы, на астравах Зялёнага Мыса, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, на Антыльскіх і Галапагоскіх а-вах. Сустракаецца ў дэльтах рэк, неглыбокіх, часта салёных азёрах, па берагах марскіх заток або на астравах сярод разліваў вады.

Паўднёвыя папуляцыі — аселыя, еўрапейскія — часткова аселыя, сярэднеазіяцкія — пералётныя, астатнія — аселыя. Залятае ў большасць еўрапейскіх краін, нават у Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю. У некаторыя гады сустракаецца часцей (гэта могуць быць птушкі, якія ўцяклі з няволі). На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від.

Месца зімовак: паўднёвае ўзбярэжжа Каспійскага мора, Блізкі Усход, Паўднёвая Еўропа, Афрыка, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка.

Асаблівасці біялогіі Гняздуе калоніямі. Гняздо — куча, выступаючая з вады, зробленая з ілу і водных раслін. Латок без высцілкі.

Яйкі (2-3) авальна-падоўжаныя з завостраным канцом, аліўкава-зялёныя з налётам вапны. Памеры: 88,5 х 54,5 мм.

Падвіды Ph. r. roseus — Паўднёвая і Усходняя Еўропа, Сярэдняя Азія, Малая Азія, паўднёвы захад Індыі, Афрыка; Ph. r. ruber — цэнтральная частка Паўночнай Амерыкі, архіпелаг Галапагос.

Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X

Катэгорыя:Фламінгавыя Катэгорыя:Птушкі Еўразіі Катэгорыя:Птушкі Афрыкі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1811 годзе