Ста́сеўка (, ) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Вішнёўскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца на правым беразе ракі Бярэзіна, за 30 км на поўдзень ад Бабруйска, 140 км ад Магілёва, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Беразіна, за 4 км на паўночны ўсход ад аўтамабільнай дарогі .

Насельніцтва 1844 год — 213 жыхароў 1857 год — 224 жыхары 1897 год — 564 жыхары 1907 год — 919 жыхароў 1917 год — 797 жыхароў 1926 год — 957 жыхароў 1959 год — 786 жыхароў 1970 год — 659 жыхароў 1986 год — 487 жыхароў 1997 год — 392 жыхары 2001 год — 387 жыхароў, 179 двароў 2007 год — 338 жыхароў 2014 год — 271 жыхар

Гісторыя Успамінаецца ў рэестравых актах 1-й паловы XVII ст. як Стасаў востраў ці Стасаў бераг. У 2-й палове XVIII стагоддзя вёска ў складзе Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Рэчы Паспалітай. У 1844 годзе вёска ў складзе маёнтка Каралеўская Слабада Бабруйскага павета Мінскай губерні, 25 двароў, уласнасць памешчыка. У 1897 годзе ў Стасеўцы 91 жылы двор, вёска ўваходзіць у склад Парыцкай воласці Бабруйскага павета.

У 1913 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, настаўніцай працуе Настасся Сердзюкова. Паводле перапісу 1917 года ў вёсцы 114 двароў. У 1925 годзе ў школе 88 вучняў. У 1926 і 1932 гадах для школы пабудаваны новыя будынкі, дзейнічае школа па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930 годзе арганізаваны калгас «На варце», працуюць гужавая арцель «Лазакрут», кузня і млын.

У 1986 годзе 210 гаспадарак, у складзе калгаса «імя Фрунзе», дзейнічаюць майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, цэх па вырабе кошыкаў і мётлаў, лесапільня, сярэдняя школа, ФАП, ветучастак, аддзяленне сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, Дом культуры, бібліятэка, 2 магазіны, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ахвяры палітычных рэпрэсій

З Агляду Бабруйскага гарадскога аддзела НКУС палітычна-эканамічнага стану Бабруйскага раёна (1931 год) «10. Контрреволюционные факторы района. Из наиболее поражённых антисоветскими элементами являются: Рымовецкий, Осовский, Сычковский, Мальевский, Продвинский, Капустинский, Воротынский с/с… За последние 1927—1930 гг. отмечено 4 случая массовых выступлений, кои имели место в 1930 г. в момент выселения кулачества… Кроме этого, весной 1931 г. имело место массовое выст. крестьян в д. Стасевка Продвинского с/с — на почве отвода земли колхозу. Подкулачники и кулаки не пускали колхозников поехать запахать отведенную землю. В данном выступлении участвовало 100 чел., преимущ. женщины…» Іван Герасімавіч Кулік, жыў у вёсцы Стасеўка. Рэпрэсіраваны ў 1932 годзе. Рэабілітаваны 24.02.1993 г. Яўхімія Іванаўна Кулік, жыла ў вёсцы Стасеўка. Рэпрэсіравана ў 1932 годзе. Рэабілітавана 24.02.1993 г. Карп Пятровіч Лапей, нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Стасеўка, працаваў у калгасе імя Стасевай. Рэпрэсіраваны 16.07.1938 г. Рэабілітаваны 19.11.1939 г. Фёдар Аляксандравіч Патапчык, нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Стасеўка, настаўнік. Рэпрэсіраваны 30.09.1938 г. Расстраляны ў 1938 годзе. Рэабілітаваны 03.12.1956 г.

Помнікі гісторыі і археалогіі

Стаянка За 750 метраў на захад ад вёскі, на другой надпоплаўнай тэрасе правага берага ракі Бярэзіна знаходзіцца познамезалітычная стаянка (9-5 тыс. да нашай эры) днепра-дзяснінскай культуры. Вышыня над узроўнем вады 10 метраў. Стаянку выявіў і даследаваў на плошчы 90 м² у 1978 годзе  навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук  Беларусі У. П. Ксяндзоў. Культурны пласт разбураны ворывам.

На глыбіні 0,2—0,4 м знойдзены рэшткі круглаватага ў плане жытла дыяметрам каля 5 метраў і агнішча дыяметрам каля 2 метраў, прылады з «сожскага» крэменю: разцы, скрабкі з пласцін і адшчэпаў, праколкі, трапецыя, наканечнік стралы, вастрыё, скоблі, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы, нуклеусы. Калекцыя крамянёвых вырабаў налічвала 82 прадметы.

Атрыманыя ў час раскопак матэрыялы даюць магчымасць скласці ўяўленне аб мясцовых першапасяленцах. Прылады працы яны выраблялі з высакаякаснага мелавога цёмна-шэрага крэмню, які на Бярэзіне не выяўлены і, магчыма, дастаўляўся з іншых мясцін.  Частка прадметаў выраблена з менш якаснай сыравіны — невялікіх жаўлакоў і валуноў жоўтага і шэрага колераў, якія вымываліся ракой з марэнных адкладаў.

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан Знаходзіцца на вясковых могілках. Пахаваны 66 воінаў і 2 партызаны, што загінулі ў баях супраць нямецкіх войскаў у 1943—1944 гадах. У 1975 годзе на магіле пастаўлена стэла з мемарыяльным надпісам.

Помнік М. В. Фрунзэ Помнік знаходзіцца ў цэнтры вёскі на вуліцы Фрунзенскай, каля будынка праўлення СВК «імя М. В. Фрунзэ». Бюст устаноўлены ў 1975 годзе.

Літаратура

Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. Кніга 1. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. Памяць. Бабруйскі раён. — Мн.: БелЭн, 1998 Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн.: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986.

Ліст карты N-35-119. Выданне 1981 года.

Катэгорыя:Вішнёўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Бабруйскага раёна