Пап’ямента (саманазва на востраве Аруба Papiamento) або Пап’яменту (саманазва на астравах Кюрасаа і Банайрэ Papiamentu) — крэольская мова, распаўсюджаная на поўдні Малых Антыльскіх астравоў, галоўным чынам на астравах Аруба, Кюрасаа і Банайрэ. У аснове ляжаць партугальская і іспанская мовы, з ясна акрэсленым уплывам галандскай, англійскай моў, а таксама розных дыялектаў, на якіх размаўлялі афрыканцы-рабы і індзейцы-аравакі.

Гісторыя Пап’ямента сфарміравалася на поўдні Малых Антыльскіх астравоў у галандскіх калоніях, аднак у аснову ўвайшлі гутарковыя партугальская і іспанская мовы, на якіх размаўлялі пасяленцы з Пірэнейскага паўвострава, што з’явіліся раней за сярэдзіну XVII ст. Некаторыя даследчыкі ўпэўнены, што асновай была мова яўрэяў-сефардаў. Моцны ўплыў таксама аказалі гаворкі афрыканскіх рабоў і мясцовых індзейцаў-аравакаў. У сярэдзіне XVII — XX стст. ішло лексічнае запазычанне з галандскай і англійскай моў.

Такі рознабаковы ўплыў тлумачыцца гістарычнымі асаблівасцямі развіцця дадзенага рэгіёну, а таксама сталымі гандлёвымі і культурнымі кантактамі з іншымі Антыльскімі астравамі і Лацінскай Амерыкай.

Назва мовы паходзіць ад слова «Papia» («размаўляць», «балбатаць»), меркавана запазычанага з старой гаворкі партугальскіх маракоў або партугальскіх сефардаў.

У пісьмовых крыніцах пап’ямента была зафіксавана ў XVIII ст. Першы слоўнік складзены ў 1876 г.

У 2007 г. стала афіцыйнай мовай Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. У 2010 г. гэты статус фактычна захаваўся на астравах Аруба і Кюрасаа. На Банайрэ мясцовыя жыхары маюць права звяртацца на пап’ямента да ўладаў і атрымоўваць на гэтай мове адказ.

Асаблівасці Вылучаюць 2 асноўныя дыялекты: непасрэдна пап’ямента, на якім размаўляюць на Арубе, і пап’яменту, характэрны для насельнікаў Кюрасаа і Банайрэ. Яны адрозніваюцца лексічна, а таксама ў напісанні і інтанацыі вымаўлення пэўных слоў:

Беларуская Дыялект пап’ямента Дыялект пап’яменту Партугальская Іспанская Кол Palo Palu Pau Palo Жытло Cas Kas Casa Casa Нож Cuchíu Kuchú Faca Cuchillo

Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Спасылкі Papiamento (Papiamentu) на omniglot.com Amaro's Project Papiamentu Ethnologue Aruba Language

Катэгорыя:Крэольскія мовы Катэгорыя:Раманскія мовы Катэгорыя:Аруба