Старабеларуская літаратура створана на старабеларускай мове і іншых мовах пераважна на землях Беларусі.

Характар і змест старабеларускай літаратуры — сведчанне рэлігійнай трываласці, выяўленне права пісьменніка на творчую і светапоглядную эвалюцыю, пошук і эксперымент. Адкрытасць да культур суседзяў, блізкіх і далёкіх, спрычыніліся да ўзнікнення моўнага полілінгвізму. Ступень і маштабы выкарыстання ў літаратурна-пісьмовай практыцы царкоўнаславянскай, лаціны і польскай моў, дазваляюць лічыць іх, побач з галоўнай старабеларускай, асноўнымі літаратурнымі мовамі прыгожага пісьменства тых часоў.

Відавая і родава-жанравая сістэма арыгінальнай старабеларускай літаратуры дастаткова разгалінаваная, а корпус твораў прыгожага пісьменства — колькасна і аб’ёмна надзвычай разнастайны. У старадаўняй літаратуры Беларусі былі ўсе асноўныя роды і віды. Яна прадстаўлена эпічнымі жанрамі — апавядальнымі і апісальна-белетрызаванымі формамі (у тым ліку, дзяржаўнымі летапісамі і хронікамі), паэзіяй і публіцыстыкай.

Гісторыя Да прыняцця хрысціянства адзіным відам славеснага мастацтва ва ўсходніх славян быў фальклор — сінкрэтычная сістэма, якая выконвала рэлігійна-рытуальныя, інфармацыйныя, выхаваўчыя і эстэтычныя функцыі.

Літаратурная мова на беларускіх землях пачала складвацца прыкладна ў X стагоддзі, практычна адразу пасля з’яўлення кірылічнага пісьменства і першых арыгінальных спроб асэнсавання грамадска-палітычных падзей і разнастайных жыццёвых рэалій. Зараджэнне літаратуры на беларускіх землях выклікана надзённымі патрэбамі культурна-гістарычнага развіцця і непасрэдна звязана са з’яўленнем ва ўсходніх славян пісьменства, чаму спрыяла і прыняцце хрысціянства. Яна абапіралася на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візантыйскай літаратуры і спачатку развівалася ў цеснай сувязі з літаратурай Кіеўскай Русі.

Арыгінальныя літаратурныя творы ўзніклі ўслед за перакладнымі біблейскімі і дагматычнымі творамі. На працягу стагоддзяў старадаўняя беларуская літаратура зазнала значную эвалюцыю. Мастацка-эстэтычныя крытэрыі дазваляюць вылучыць 3 асноўныя этапы яе развіцця:І. Саверчанка (2007) Готыка (XII—XV ст.), у гэты перыяд адчуваўся значны ўплыў грэка-візантыйскай літаратуры Рэнесанс (XVI ст.) Барока (XVII ст.)

На Беларусі ў эпоху сярэдневякоўя бытавалі ўсе асноўныя віды, жанры і творы старадаўняй літаратуры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, з перавагай твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Самы даўні з вядомых літаратурных твораў, звязаных з моўнай культурай Полаччыны, выступае рытарычная «Прамова Іаана Полацкага». Найбуйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе перапісваліся розныя творы богаслужэбнага прызначэння, узніклі шматлікія помнікі дзелавой літаратуры, свецкай і клерыкальнай (граматы, пасланні, словы і інш.), вяліся мясцовыя летапісы, складзены арыгінальныя жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы Кірыла Тураўскі (ХII ст.). Развіццю пісьменства і літаратуры ў XII—XV ст. садзейнічалі палітычнае аб’яднанне беларускіх зямель у ВКЛ і завяршэнне фарміравання беларускай народнасці са сваёй адметнай культурай.

Да ліку найбольш каштоўных летапісных помнікаў X—XII стагоддзяў, у якіх шырока прадстаўлены сацыяльныя і грамадска-палітычныя працэсы, што адбываліся акурат на беларускіх землях у раннія гістарычныя часы, належаць: «Сказанне пра запрашэнне варагаў», «Полацкі летапіс», «Слова пра князёў», «Пахвала князю Расціславу Мсціславічу», аповеды пра Рагнеду і Усяслава Брачыславіча. У рарытэтных помніках пісьменства і літаратуры шырока прадстаўлены ўласна беларускія лексічныя і граматычныя формы, адметнасці, уласцівыя мясцовым гаворкам і дыялектам.

У XIII—XV стагоддзях на старабеларускай літаратурнай мове былі напісаны выдатныя ў мастацкіх адносінах творы — «Пахвала вялікаму князю Вітаўту», «Аповесць пра Падольскую зямлю», «Хроніка грамадзянскай вайны», «Аповесць пра паўстанне ў Смаленску». Старадаўнія кніжнікі і летапісцы імкнуліся ў даступнай форме захаваць для нашчадкаў памяць пра слынныя падзеі і вялікіх людзей свайго часу. У іх творах, напісаных зразумелай шырокаму колу мовай, асвятлялася дзейнасць вялікіх князёў, паказваліся шматлікія ваенныя канфлікты, якія адбываліся на беларускіх землях, знайшлі адлюстраванне працэсы станаўлення сярэднявечнай беларускай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, а таксама падрабязна паказаны ўздым краіны ў перыяд княжання Вітаўта Вялікага, Казіміра Ягайлавіча і Аляксандра Казіміравіча.

Росквіт беларускай літаратуры наступіў у XVI ст. Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, на ёй напісаны Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гадоў, палемічная рэлігійная літаратура. У гэты перыяд актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады твораў зарубежнай літаратуры на беларускую мову. У 1-й палове XV ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне, у якім творча выкарыстаны агульнаўсходнеславянскія літаратурныя традыцыі. Летапісныя помнікі («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс, 1446) адлюстравалі выдатную ролю літоўска-беларускай дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам беларускай гістарычнай прозы. Важныя культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, зараджэнне рэнесанснага гуманізму, пашырэнне сувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі развіццю беларускай літаратуры ў XVI ст.

Літаратурныя жанры ў мінулым мелі пераважна службова-прыкладны, дзелавы ўжытак. Мастацкі вымысел не быў асноўным прынцыпам адлюстравання рэчаіснасці, таму даўняя літаратура вызначаецца своеасаблівым гістарызмам. Асновай зместу многіх твораў служылі рэальныя гістарычныя асобы і падзеі. Творы некаторых жанраў (хаджэнні, летапісы і хронікі, дзённікі і мемуары) мелі выразную гісторыка-дакументальную аснову. Каштоўныя звесткі пра свой час меліся і ў помніках агіяграфіі (жыціі), гістарычных аповесцях і паэмах («Слова пра паход Ігаравы», «Сказанне пра Мамаева пабоішча»), хранографах і інш. Спалучэнне дакладнага гістарычнага факта і літаратурнага вымыслу, сінтэз дакументальна-дзелавога і вобразна-мастацкага апісання рэчаіснасці надавалі творам тагачаснага пісьменства сінкрэтычны характар.

З пачатку XVI ст. беларускія кнігі сталі друкавацца. У эпоху Адраджэння высокай дасканаласці дасягнула беларуская літаратурная мова, створаны выдатныя помнікі прававой думкі беларускага і літоўскага народаў (Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гісторыка-мемуарная проза, драматургія), склалася плеяда таленавітых літаратараў, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі літаратуры. Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры мела шматгранная творчая дзейнасць асветніка-гуманіста, першадрукара, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Першая друкаваная кніга на беларускай мове — «Псалтыр» — надрукаваная ім у Празе ў 1517. Гэта была першая кніга, надрукаваная на мове ўсходнеславянскай групы. Францыск Скарына стаў заснавальнікам новага, гуманістычнага тыпу перакладу ва Усходняй Еўропе, пачынальнікам беларускага вершаскладання, аўтарам змястоўных і дасканалых прадмоў, у якіх вытокі беларускай філалагічнай навукі і літаратурнай крытыкі. Першую рэнесансную паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лацінскай мове М. Гусоўскі. У беларускім летапісанні XVI ст. ўзмацніліся ідэі дзяржаўнага патрыятызму, пагадовы дакументальна-дзелавы выклад падзей стаў спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нацыянальная гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найбольш поўна і літаратурна дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца», апошнім агульнадзяржаўным летапісным зводзе, прысвечаным гістарчнай мінуўшчыне Літвы і Беларусі ад легендарных часоў да пач. XVI ст. Праблемы лёсу Радзімы, удасканалення чалавека і грамадства былі галоўнымі ў літаратуры эпохі Скарыны.

У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. XVI ст.) беларуская літаратура развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэлігійнага вальнадумства. Рэфармацыйная публіцыстыка значна ўзбагаціла яе тэматыку і праблематыку. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе С. Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі; палеміст А. Волан стварыў больш за 20 публіцыстычных твораў на лацінскай і польскай мовах; абаронца роднага слова В. Цяпінскі першы пераклаў Евангелле на беларускую мову. Найбольш значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л. Сапега. Сярод тагачасных паэтаў вылучаўся А. Рымша, які пісаў свае творы на беларускай і польскай мовах. Важнае значэнне мелі пераклады на беларускую мову выдатных твораў сусветнай літаратуры: кніг Бібліі, гістарычных аповесцей і рыцарскіх раманаў (пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну, Атылу, Трыстана), зборнікаўкаў навэл і інш.

Складаным і разнастайным было культурнае і літаратурнае жыццё на Беларусі ў эпоху барока (канец XVI — сярэдзіна XVIII ст.). У літаратуры, якая стала шматмоўнай, адбываўся праацэс пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, абнаўляліся і трансфармаваліся жанры, узбагачаліся выяўленчыя сродкі і стылі, змяняліся прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — прадстаўнік простага народа (селянін, рамеснік). Новыя грамадска-палітычныя ўмовы (Люблінская унія 1569 і Берасцейская унія 1596, контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры, разнастайнай у ідэйна-тэматычным і жанрава-стылёвым плане. Самымі вядомымі яе прадстаўнікамі былі І. Пацей, Я. Карповіч, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. 3 узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў найбольш пашыраным быў жанр эпікграмы. Працягвала развівацца паэма, найбольш значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана ў 1620 невядомым аўтарам на беларускай мове. Прыкметны ўклад у развіццё беларускай кніжнай паэзіі зрабіў паэт XVII ст. Сімяон Полацкі.

У XVI і XVII ст. пад уплывам польскай культуры з’явілася сілабічная паэзія барока і драматычная школа. Важныя змены перажывала гістарычная проза. Агульнадзяржаўнае летапісанне занепадае, але пачынаюць складацца мясцовыя летапісы. Самы значны з іх Баркулабаўскі летапіс. У сувязі з ростам асобаснага пачатку ў літаратуры ўзнікаюць сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запісы і іншыя творы мемуарнага жанру.

Нягледзячы на паступовае ўзмацненне ў даўняй беларускай літаратуры мастацка-выяўленчага пачатку, белетрыстычнасці, яна ў цэлым захоўвала цесную сувязь з жыццём і таму з’яўляецца неацэннай крыніцай пазнання гістарычнай мінуўшчыны. Своеасаблівым тыпам нацыянальнай гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гістарычнага апавядання адбываўся пераход ад традыцыйнага, дакументальна-дзелавога апісання мінулага да ўласна мастацкай гістарычнай прозы. Працэс разбурэння ў літаратуры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя засведчылі з’яўленне твораў гумарыстычнага і парадыйна-сатырычнага характару («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», «Прамова Русіна», «Другая прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста»).