Спас, або Я́блычны Спас (таксама Другі́ Спас, Вялі́кі Спас, Сярэ́дні Спас, Іспа́с) — старажытнае славянскае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Адзначаецца . У хрысціянскай традыцыі Вялікі Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга. Спас асабліва шанавалі ў народзе, у гэты дзень у храмах асвячаюць яблыкі і іншыя плады, пасля чаго дазваляецца іх есці. Лічыцца, што з гэтага дня лета заканчваецца і пачынаецца восень.
У народным календары адзначаюцца таксама Першы Спас, або Макавей , і Трэці, Малы, «хлебны», «арэхавы» Спас .
Традыцыі ў Беларусі У гэты дзень у храмах асвячалі яблыкі і іншыя плады, пасля чаго дазвалялася іх ужываць: «Добра яблычка к Іспасу». Асвечаныя яблыкі пакідалі на магілах блізкіх людзей. Да Яблычнага Спаса яблыкі (а таксама грушы, агрэст, струкавую гародніну) есці забаранялася, асабліва жанчынам, у якіх раней паміралі дзеці. Згодна з народным павер’ем, у гэты дзень Бог (ці Божая Маці) раздае на нябёсах усім памерлым дзеткам па яблычку, а таму дзіцяці, чыя маці каштавала іх не парою, пачастунку не дастанецца. Страшылі таксама бацькоў, якія дачасна елі яблыкі, што ў іх паўміраюць дзеці.
У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная. Адлёт буслоў сведчыў пра набліжэнне зімы, а прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас».
Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў. «Прыйшоў Спас, штоб не было клапоў у вас!». Праз тое, што на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў, у Лельчыцкім раёне кажуць: «Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас».
Таксама ў гэты дзень асвячалі мёд, які напярэдадні даставалі з вулляў. Лічылася, што бортніку нельга шкадаваць мёду для дзяцей, бо інакш у яго прападуць пчолы.
Крыніцы
Літаратура
С. 161—162
Спасылкі
Катэгорыя:Славянскія святы Катэгорыя:Беларускія народныя святы Катэгорыя:Святы Катэгорыя:Народны каляндар усходніх славян