Беларусы ў Латвіі — частка беларускай дыяспары, трэцяя па колькасці нацыянальная меншасць краіны. Станам на 1 ліпеня 2022 года колькасць беларусаў у Латвіі складала 57 319 чалавек (2,98 % жыхароў Латвіі). Станам на 1 студзеня 2021 года 27 477 чалавек з'яўляліся грамадзянамі Латвіі, 26 481 чалавек — неграмадзянамі Латвіі, 4 405 чалавек — грамадзянамі Беларусі.
У Індрскай, Піедруйскай (Прыдруйскай) і Робэжніекскай валасцях Краслаўскага раёна беларусы, паводле перапісу 2000 года, складаюць большасць насельніцтва.
Сярэднявечча У V—VIII стагоддзях славянскія плямёны (перадусім крывічы) з’явіліся на тэрыторыі сённяшняй Латвіі, частка з іх змяшалася з мясцовым балцкім насельніцтвам, часткова асіміляваўшы яго. У гэты час у раёне мясцовасцей Пылда, Піедруя, Істра, Індрыца пачалі фарміравацца астравы беларускага аўтахтоннага насельніцтва, якое развівалася ў шчыльным кантакце з асноўным арэалам беларускага этнасу.
Э. Мугурэвіч, В. Уртан, Р. Дзянісава, Я. Граўдоніс, У. Свяжынскі ў сваіх працах паказваюць на шчыльныя кантакты паміж крывічамі і латгаламі, у выніку чаго часам немагчыма правесці выразную мяжу паміж дзвюма плямёнамі. У працэсе ўзаемадачынення склалася шырокая культурная і геаграфічная зона з мяшаным насельніцтвам. Пра шчыльнасць кантактаў з крывічамі сведчыць і латышскі этнонім krievs (беларус — baltkrievs), якім мясцовыя плямёны пазначалі ўсе ўсходнеславянскія плямёны (цяпер ён ужываецца для азначэння рускіх). Даследаванні адмыслоўцаў кажуць пра падабенства рытмікі і мелодый у народнай музыцы (М. Голдын), адзежы (А. Зарыня), найменнях прадметаў побыту (Р. Меркенэ), прыказках і прымаўках (Э. Кокарэ).
З цягам часу раён Заходняй Дзвіны ў Латвіі ўвайшоў у сферу ўплыву Полацкага княства. Палачане збіралі даніну з мясцовых плямёнаў (ліваў і латгалаў), пра што згадвае ў сваёй «Хроніцы Лівоніі» Генрых Латвійскі. Фарпостамі Полацкага княства ў рэгіёне былі крэпасці Герцыке і Кукенойс, дзе ў пачатку XIII стагоддзя княжылі адпаведна князі Усевалад і Вячка. Гэтыя князі ў 1200—1220-х гадах узначальвалі змаганне мясцовых плямёнаў супраць нямецкіх і шведскіх рыцараў. У гарадах Талава, Герцыке, Кукенойс былі праваслаўныя цэрквы, падначаленыя Полацкай епархіі.
З заснаваннем у 1201 годзе Рыгі і прыходам крыжакоў Полацкае княства ўсталявала шчыльныя гандлёвыя кантакты з імі, пра што сведчаць дамова 1210 года і іншыя пагадненні. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы збудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 года вядомая царква святога Мікалая ў Рызе, з XVI стагоддзя — слабада беларускіх плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 года мела магдэбургскае права).
У выніку Інфлянцкай вайны ў 1561 годзе Інфлянцкі ордэн распаўся на Курляндскае і Задзвінскае княствы, якія тады ж сталі васаламі Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 года — Рэчы Паспалітай. Паўночная Латвія ў 1629 годзе адышла да Швецыі, паўднёвая ж (Курляндыя) заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай да 1795 года.
Паводле даных даследчыкаў гісторыі Латвіі, у сярэдзіне XVII стагоддзя (1648 год) беларусы і рускія складалі больш за палову ўсяго насельніцтва цяперашніх Лудзенскага і Краслаўскага раёнаў. Сюды далучаецца і Даўгаўпілскі раён. Даследчык Сяргей Сахараў называў Прыдруйскую, Пустынскую, Пасінскую воласці раёнамі кампактнага жыцця беларусаў. У Букмуйжскай воласці Стэжыцкага павета і Шкавенскай воласці Лудзенскага павета яны рассяляліся ўперамежку з латгаламі. У XVIII—XIX стагоддзях у Латвіі з’явілася некалькі праваслаўных беларускіх цэркваў.
Расійская імперыя У 1795 годзе частка беларускіх і латышскіх зямель была далучана да Расійскай імперыі. Перасяленню беларусаў у Латвію спрыяла адмена прыгоннага права ў 1861 годзе. Частка беларусаў асела ў партовых гарадах. З Латвіі паходзілі, тут навучаліся або працавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзяў беларускія грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы, пісьменнікі і мастакі — Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімір Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Маўр.
Паводле ўсерасійскага перапісу 1897 года на тэрыторыі сучаснай Латвіі пражывала 81 986 беларусаў (паводле іншых даных 79 523 чалавекі). У Рызе Вацлаў Ластоўскі і Эдвард Будзька чыталі лекцыі на беларускай мове для беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад працаўнікамі з Беларусі.
Міжваенны перыяд і Другая сусветная вайна Парламенцкая рэспубліка (1918—1934)
У 1920 годзе, са стварэннем незалежнай Латвійскай Рэспублікі, беларусам быў нададзены статус нацыянальнай меншасці, латвійскае грамадзянства і права на нацыянальна-культурную аўтаномію. Дзейнасць беларускага адраджэнскага руху пачалася падчас Першай сусветнай вайны і актывізавалася з прыбыццём у 1919 годзе Ваенна-дыпламатычнай місіі БНР на чале з Кастусём Езавітавым. Неўзабаве да яго далучыліся Іван Краскоўскі, Мікалай Дзямідаў, Уладзімір Пігулеўскі, Андрэй Якубецкі, Паўліна Мядзёлка і іншыя дзеячы, якія і заклалі падмурак нацыянальна-культурнага жыцця.
У перыяд парламенцкай дэмакратыі (1918—1934) ліберальнае заканадаўства Латвіі дазваляла шырокую аўтаномію. Былі створаны культурна-асветніцкія таварыства, напрыклад, «Бацькаўшчына» ў 1921—1925 гадах, пазней «Рунь», «Беларуская хата», «Прасвета» і Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі. Функцыянавала каля пяцідзесяці пачатковых і тры сярэднія школы, сярод іх Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія і Рыжская беларуская гімназія. Выдавалася газета «Голас беларуса» і некалькі часопісаў. Аднак, нягледзячы на спрыяльныя ўмовы, колькасць беларусаў зніжалася: калі ў 1920 годзе іх налічвалася 75 630 чалавек (4,74 %), то ў 1925 годзе — 38 010 чалавек, у 1930 годзе — 36 029 чалавек, што часткова тлумачыцца асіміляцыяй і эканамічнымі фактарамі.
Апрача школьніцтва, у гэты перыяд значнае развіццё атрымала культурнае і тэатральнае жыццё дыяспары. У Рызе дзейнічаў Беларускі народны тэатр пры таварыстве «Беларуская хата», свае драматычныя гурткі працавалі ў Дзвінску і Краславе, арганізоўваліся вандроўныя тэатральныя трупы. З 1932 года пачало дзейнічаць Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі (БНКТЛ), якое актыўна займалася зборам фальклору, этнаграфічных матэрыялаў і папулярызацыяй гістарычнай спадчыны. Выдаваўся шэраг навуковых і педагагічных выданняў, у прыватнасці часопіс «Беларуская школа ў Латвіі».
Аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса (1934—1940) Палітыка латышызацыі і рэпрэсіі 15 мая 1934 года ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады прыйшоў Карліс Улманіс. Усталяваная ім нацыянальна-кансерватыўная дыктатура (вядомая як «Латвія 15 мая») пачала працэс «латышызацыі», мэтай якога было зацвярджэнне прыярытэту латышскай нацыі і выцясненне меншасцей з палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця. Хаця дзяржаўная прапаганда сцвярджала, што «сонца Латвіі ўсім свеціць аднолькава», новы Закон аб мовах ад 15 чэрвеня 1934 года рэзка абмежаваў выкарыстанне моў нацыянальных меншасцей у дзяржаўных установах.
Дэманстрацыя лаяльнасці з боку лідараў беларускай дыяспары не ўратавала іх ад рэпрэсій. Палітычная паліцыя пачала пераслед дзеячаў, звязаных з сацыял-дэмакратычнымі поглядамі. Уладзімір Пігулеўскі быў інтэрнаваны ў Лібаўскім лагеры, а Кастусь Езавітаў быў арыштаваны ў дзень перавароту і ўтрымліваўся ў Рыжскай турме да 20 жніўня 1934 года. Арышты таксама закранулі настаўнікаў і грамадскіх актывістаў: за кратамі апынуліся Аляксей Барткевіч, Марыя Каспяровіч, Марыя Фёдарава, Алесь Сальцэвіч. Пазней, у лютым 1936 года, паліцыя арыштавала настаўнікаў Якуба Кастылюка, Сцяпана Сіцько, Рыгора Плыгаўку, Яна Кудраўцова, студэнтаў Дамініка Мяжэцкага і Веру Слосман.
Знішчэнне беларускай адукацыі
Найбольшы ўдар быў нанесены па сістэме адукацыі. Закон аб школьніцтве ад 12 ліпеня 1934 года фактычна скасаваў аўтаномію школ нацыянальных меншасцей. Дзеці з мяшаных сем'яў цяпер былі абавязаны наведваць выключна латышскія школы, а з 1 жніўня таго ж года была ўведзена забарона на выкарыстанне падручнікаў, выдадзеных за мяжой. Беларускі школьны аддзел пры Міністэрстве асветы быў ліквідаваны; замест яго часова стварылі пасаду рэферэнта ў справах беларускай асветы, якую да 1936 года займаў Пётр Журкоўскі.
Колькасць навучальных устаноў імкліва скарачалася. Калі ў 1933/1934 навучальным годзе працавала 23 беларускія пачатковыя школы, то ў 1934/1935 годзе іх засталося 16, а ў 1935/1936 — толькі шэсць. Колькасць вучняў у іх знізілася з 4517 чалавек да 165 навучэнцаў у 1936/1937 годзе. Трагічны лёс спасціг і сярэднія навучальныя ўстановы. Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія ў верасні 1935 года была пазбаўлена свайго статусу, аб'яднана з польскай і ператворана ў змяшаную гімназію, а вясной 1939 года цалкам зачынена. Былы дырэктар гімназіі Сяргей Сахараў са смуткам адзначаў, што беларускія школы і падручнікі былі «па-барбарску спаленыя». Рыжская беларуская прыватная гімназія таксама пазбавілася дзяржаўнага фінансавання. Яе дырэктар Аляксандр Родзька быў звольнены, і нягледзячы на спробы Пятра Мірановіча працягнуць працу на валанцёрскіх пачатках, у 1936 годзе гімназія спыніла існаваннеLVVA. F. 3175. Ap. 1. L. 7. Lp. 16, 94.. Адзінай школай, якая дзейнічала да 1940 года, заставалася 1-я Рыжская беларуская пачатковая школа пад кіраўніцтвам Сцяпана Сіцько.
Грамадска-культурнае жыццё Рэжым Улманіса фактычна забараніў дзейнасць большасці беларускіх грамадскіх арганізацый. У верасні 1935 года было ліквідавана Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (яго кіраўнікоў абвінавацілі ў распаўсюджванні нелегальнай літаратуры), а таксама таварыствы «Рунь», «Прасвета» і пазычковае таварыства «Аратай». Да жніўня 1936 года спыніла працу і Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства.
Паводле афіцыйнага перапісу 1935 года колькасць беларусаў рэзка ўпала да 26 867 чалавек (1,38 %), што тлумачылася мэтанакіраванай фальсіфікацыяй і ціскам на бацькоў навучэнцаў, якіх перапісчыкі масава запісвалі латышамі, асабліва ў памежных раёнах Латгаліі, напрыклад, у Дземанскай воласці.
Адзінай легальнай арганізацыяй да 1939 года заставалася Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ) на чале з Мікалаем Дзямідавым. Выжыванне таварыства стала магчымым шмат у чым дзякуючы таму, што Дзямідаў пайшоў на таемнае супрацоўніцтва з палітычнай паліцыяй (праз агента Віктара Корці)LVA. F. 1986. Ap. 2. P-10551. Lp. 88—97.. У 1939 годзе арганізацыя была перарэгістравана як «Таварыства беларусаў у Латвіі» (ТБЛ). Новым старшынёй стаў Пётра Мірановіч, а яго намеснікам — Сяргей Сахараў. Нягледзячы на надзвычай складаныя ўмовы, ТБЛ працягвала культурную дзейнасць у Рызе: у маі 1939 года быў пастаўлены спектакль паводле п'есы Янкі Купалы «Паўлінка», а ў 1940 годзе — п'еса «Міхалка» Далецкага. Праводзіліся лекцыі, прысвечаныя 100-годдзю Францішка Багушэвіча і творчасці Паўла Шэйна. Значным дасягненнем стала выданне Сяргеем Сахаравым «Беларускага календара на 1937 год» і зборніка «Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў» (1940), які змяшчаў больш за 400 народных песень і быў выдадзены пры падтрымцы Культурнага фонду Латвіі.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны Абвастрэнне міжнароднай сітуацыі напрыканцы 1930-х гадоў падштурхнула некаторых беларускіх дзеячаў да пошуку знешняй падтрымкі. У прыватнасці, усталёўваліся кантакты з нямецкімі разведвальнымі і дыпламатычнымі коламі, якія разглядалі магчымасць выкарыстання «малых народаў» у ваенна-палітычных мэтах супраць Польшчы і СССР. Мікалай Дзямідаў сустракаўся з прафесарам Яўгенам фон Энгельгартам і Гергардам фон Мэндэ з нямецкага інстытута даследаванняў, а летам 1939 года наведваў Берлін. Больш за тое, з выкарыстаннем бюро ў сядзібе Таварыства беларускіх настаўнікаў у Рызе праводзілася вербаванне маладых беларусаў (былых вайскоўцаў польскай арміі) для выезду на працу ў Трэці Рэйх, што выклікала сур'ёзную занепакоенасць польскай амбасады ў ЛатвііAAN. MSZ. T. 357. K. 414—415..
Нямецкая акупацыя (1941—1944)