Пеляса́ (, , ) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Больцішскага сельсавета. За 43 км на паўднёвы захад ад Воранава, за 4,8 км ад Больцішкаў, на рацэ Пелясе.
Назва Назва паселішча перанятая з назвы ракі Пеляса (літ. Pelesа́), даплыву ракі Мерачанкі.
У аснове гэтага гідроніма корань Pel- (яго варыяцыя Pal- у назве дзвінскай ракі Палата), ён звязаны з літоўскім pelkė, pala «балота», palios «вялікае балота на месцы зарослага возера», paļi «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера»Juratė Sofija Laučiūtė. Polesė — «Pamiškė», «Palenkė» ar «Didelių pelkių kraštas»? // Baltistica XLI (3) 2006. С. 451—459.. Корань Pel- пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -es-, які аднаўляецца ў назвах рэк Лучоса, Ачоса, Воўчас (< Laukesa, Akesa, Vilkesa). Назву рэчкі Пеляса можна ўмоўна перакласці як «Балачанка».
У Пелясе дагэтуль фіксуецца аўтахтонны астравок літоўскамоўнага насельніцтва.
Гісторыя
Вядома з XV стагоддзя. Да 1492 года — зямля ў Васілішкаўскім павеце ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць, затым уласнасць Юндзіла Рачкавіча, які пабудаваў тут «дварэц».
У XVI стагоддзі належала Юндзіловічам, Нарбутовічам, Міхневічам і іншым. У 1529 годзе каралеўскі чашнік М. Андрашовіч пабудаваў мост і гаць на р. Пеляса і браў мыта за праезд. У 1536 годзе маёнтак гаспадарскага баярына Ю. Даўгірдавіча. У 1553 годзе згадваецца касцёл. У 1559 годзе — цэнтр каталіцкай парафіі, касцёл меў 2 дымы сялян. У 1567 годзе — маёнтак М. Юндзіла, які ставіў у войска каня, частка ў зямянкі Нялюбы (ставіла 6 коней). У 1585 годзе ўладанне Грынявіцкага, 1599 годзе — Нялюбовіча, каралеўскага маршалка Курча. У 1602 годзе ён запісаў маёнтак жонцы С. Сапяжанцы. У 1690 годзе — маёнтак у Забалацкай парафіі, шляхецкая ўласнасць.
У 1787 годзе — сяло, цэнтр войтаўства Барцянскага староства Лідскага павета ВКЛ.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) — у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 года Літоўскай, з 1801 года Гродзенскай, з 1842 года Віленскай губернях.
У сярэдзіне XIX стагоддзя вёска ў Радунскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні, дзяржаўная ўласнасць, 91 рэвізскіх душ. Паводле перапісу ў 1897 годзе — 61 двор, 339 жыхароў, у 1908 годзе — 38 двароў 359 жыхароў, 499,68 дзес. зямлі, 58 коней.
З 1921 года ў складзе Польшчы, 63 двары, 317 жыхароў; у Радунскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. З 1931 года — літоўская школа, з 1932 года — польская. Паводле Ольгерда Хамінскага, станам на 1927—1933 гг. у гэтай вёсцы доля літоўскамоўнага насельніцтва складала 51-90 %.Olgierd Chomiński, Leszek Bednarczuk. Obszar językowy litewski w Państwie Polskim 1927—1933 // Acta Baltico-Slavica, 2010, 34. С. 237. Парафія створана ў 1925 годзе, касцёл Святога Лінуса быў пабудаваны і асвечаны ў 1935 годзе.
З лістапада 1939 года — у БССР. З 15.1.1940 года — у Радунскім раёне Баранавіцкай вобласці, з 12.10.1940 года — у Слабодкаўскім сельсавеце. У 1940 годзе — 307 жыхароў.
З канца чэрвеня 1941 года да сярэдзіны ліпеня 1944 года была акупіравана нацыстамі. 26.6.1941 года акупанты расстралялі 5 жыхароў, 10 былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. адзначана, што ў 1944 годзе ў вёсцы пераважала літоўскае насельніцтваJ. Drużyńska, S. M. Jankowski, Wyklęte życiorysy, Dom Wydawniczy REBIS, Poznań 2009, ISBN 978-83-7510-373-1, s. 199. .
З 20.9.1944 года — у Гродзенскай вобласці. У 1944—1946 гада дзейнічала літоўская пачатковая школа, потым руская няпоўная сярэдняя школа. З 25.12.1962 года — у Воранаўскім раёне, У 1960 годзе — 388 жыхароў, у 1970 годзе — 331 жыхар.
З 11.2.1972 года — у Старасмільгінскім, з 24.4.1978 года — у Больцішскім с/савецеРашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 24 красавіка 1978 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 16 (1570)., у калгасе «Праўда».
Касцёл Святога Лінуса зачынены ў 1962 годзе, вернуты, адбудаваны і асвечаны ў 1989 годзеПеляса — парафія Св. Ліна.
З 1991 года ў незалежнай Беларусі. У 1994 годзе была зарэгістравана мясцовая суполка літоўцаў.
Насельніцтва 2004 г. — 228 жыхароў, 86 гаспадарак. 2009 г. — 168 жыхароў. 2014 г. — 167 жыхароў, 70 гаспадарак.
Гаспадарка, адукацыя, культура Сярэдняя школа, сельскі клуб, магазін, ферма. У 2014 г. ў складзе СВК «Больцішкі».
У 1992 г. адкрыта недзяржаўная базавая, з 1999 г. сярэдняя школа з выкладаннем на літоўскай мове (у 2003/2004 вучэбным годзе 95 вучняў 29 настаўнікаў). Пры школе з 1993 года дзейнічала грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімтыне», з 1996 года гісторыка-этнаграфічны музей, літоўскі культурна-асветны цэнтр. «Гімтыне» — першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб’яднанне літоўцаў. У перакладзе з літоўскага «gimtinė» — «радзіма».
У 2022 г. літоўская школа была закрыта ўладамі Беларусі. Афіцыйнай падставай для гэтага стала тое, што, паводле змен у Кодэкс аб адукацыі Беларусі, з 1 верасня 2022 года ў Беларусі мовы школьнага навучання толькі руская і беларуская. 12 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла пасольству Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з нагоды закрыцця літоўскіх школ у Беларусіhttps://www.lrs.lt/sip/portal.show?p_r=36002&p_k=1&p_t=282373.
28 красавіка 2023 года Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне пра ліквідацыю грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімтыне». Заяўнікам выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Да таго, 27 красавіка, у МЗС Літвы выклікалі прадстаўніка Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве, яму ўручылі ноту пратэсту ў сувязі ліквідацыяй грамадскага аб’яднання.
Славутасці
Касцёл Святога Лінуса (пабудаваны ў 1935 годзе) — помнік архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі.
23 верасня 2010 года ў вёсцы адкрыты помнік вялікаму князю літоўскаму Вітаўту (аўтар — Альгімантас Сакалаўскас), які праязджаў праз Пелясу па дарозе з Вільні ў ГроднаУ Воранаўскім раёне паставілі помнік Вітаўту «Наша Ніва», 24 верасня 2010. Усталяваны на ініцыятыву і пры падтрымцы літоўскага боку. Адкрыццё помніка было прымеркавана да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Вітаўт паказаны ў вобразе сярэднявечнага рыцара з каронай, скіпетрам як сімвалам улады ў левай руцэ і мячом, на які ён абапіраецца, у правай. Скульптура выканана ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай народнай разьбы па дрэве. Вышыня каля 6 метраўsvaboda.org.
Вядомыя асобы Міхал Шымялевіч (1879—1969), гісторык, лідскі краязнавец.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Пеляса на «Radzima.org» Пеляса на «Globustut.by»
Катэгорыя:Больцішскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Воранаўскага раёна