Белару́скі музе́й у Ві́льні або Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (, , ) — беларуская навуковая і асветніцкая ўстанова, якая дзейнічала ў 1921—1945 гадах у Вільні па адрасе вуліца Вастрабрамская, 9 (у так званых «Базыліянскіх мурах», побач з Беларускім навуковым таварыствам і Віленскай беларускай гімназіяй).
Калекцыя Івана Луцкевіча Іван Луцкевіч збіраў помнікі беларускай даўніны з часу навучання ў 3-м класе гімназіі, яны склалі багатую калекцыю і сталі асновай створанага ў 1921 годзе музея. Да 1908 года, калі І. Луцкевіч перавёз сваю калекцыю ў рэдакцыю «Нашай Нівы», у яе складзе ўжо былі асобнікі Бібліі Францыска Скарыны, Статута Вялікага Княства Літоўскага, некалькі слуцкіх паясоў, асобнікі «Мужыцкай праўды» і іншыя каштоўныя прадметы.
Калекцыя складалася з этнаграфічнага (адзенне, тканіны, хатнія вырабы, музычныя інструменты), археалагічнага (рэчы з курганоў і іншых раскопак), мастацкага (карціны, абразы, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), нумізматычнага аддзелаў, збору зброі і рыштунку, а таксама бібліятэкі (пераважна старадрукі і рукапісы).
На падставе публікацыі ў польскім часопісе «Сігналы» (Sygnały nr. 75 за 1939 год), якая дакладна апісвала калекцыю беларускага музея, вядома, якія экспанаты змяшчала секцыя фальклору і народных інструментаў. У калекцыі музея былі дуда (так званая дуда Ігната Буйніцкага), колавая ліра (падораная рэдакцыяй «Нашай Нівы» Людаміру Міхалу Рагоўскаму ў 1910 годзе), а таксама жалейкі, рогі і пастушыя трубы. Іх абрысы бачныя на старым фотаздымку аднаго з пакояў музея, а выгляд апісвае ў вершы між іншага Міхась Машара: «Там на сьцяне дуда, цымбалы / Спакойна ціхімі вісяць; / Іх час прайшоў, / І сэрцаў сьмелых і удалых / Яны ўжо больш не весяляць».
Фотаархіў Асобную каштоўнасць уяўляў фотаархіў музея, які налічваў каля 2 тысяч адзінак і з’яўляўся першай спробай комплекснай ацэнкі і збірання візуальных дакументаў па гісторыі Беларусі. Фотаздымкі паступалі ў музей як ад прыватных асоб (напрыклад, ад Л. Дубейкаўскага, Б. Данейкі, Е. Р. Раманава), так і ад беларускіх арганізацый (ТБШ, Беларускага студэнцкага саюза і інш.). Самая вялікая калекцыя фотакопій экспанатаў (зброі, пячатак, манет, археалагічных знаходак) паходзіла з прыватнага музея мінскага археолага Генрыха Татура. У зборы таксама захоўваліся ўнікальныя індывідуальныя фотаздымкі піяністкі і грамадскай дзяячкі Камілы Дунін-Марцінкевіч, аўтапартрэт мастака Язэпа Драздовіча (1943), а таксама фотакопіі прац мастакоў К. Шымоніса, Ю. Зікараса, Ю. Клоса, П. Рымшы, Й. Шылейкі, А. Варнаса, В. Дзіджокаса, П. Сергіевіча, П. Мірановіча і іншых.
Пасля ліквідацыі музея яго фотаархіў быў падзелены. Сёння каля 630 фотаздымкаў захоўваюцца ў Літоўскім нацыянальным музеі (Вільнюс), яшчэ 158 фотаздымкаў (за перыяд 1862—1943 гадоў) у 1956 годзе былі перададзены ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў (Дзяржынск), а астатнія часткі знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Стварэнне і дзейнасць у міжваенны час На аснове калекцыі Івана Луцкевіча ў 1921 годзе Беларускім навуковым таварыствам (БНТ) быў створаны музей, у памяць ахвярадаўца названы «Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча». Афіцыйная назва згодна са статутам — «Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча». Працэс стварэння ўстановы пачаўся яшчэ ў студзені 1918 года, калі Іван Луцкевіч афіцыйна перадаў свой архіў, бібліятэку і зборы новастворанаму БНТ. У канцы 1918 года Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны атрымаў ад нямецкіх акупацыйных улад дазвол заняць будынак былой духоўнай семінарыі ў «Базыльянскіх мурах». У пачатку 1921 года адбыўся перанос збораў з кватэры Луцкевічаў на вуліцу Вастрабрамскую, 9.
Музей размяшчаўся ў невялікім памяшканні з пяці—шасці пакояў (агульнай плошчай каля 500 кв. м., пазней уключаючы 15 пакояў). Упарадкаваннем музея займаліся брат Івана — Антон Луцкевіч, а таксама інжынер Лявон Дубейкаўскі. Музей заўсёды быў нацыянальным па сваёй канцэпцыі і сутнасці, ён гуртаваў вакол сябе беларускую інтэлігенцыю і выступаў як інстытут нацыянальнай памяці. Антон Луцкевіч актыўна прапагандаваў дзейнасць ўстановы ў віленскім асяродку, у тым ліку праз змяшчэнне інфармацыі пра музей у даведніках і навуковых зборніках. У 1938 годзе польскія ўлады прапанавалі перадаць зборы ў Рэгіянальны музей, але Антон Луцкевіч адмовіўся, з-за чаго дзяржаўнае фінансаванне было спынена і музей існаваў выключна на ахвяраванні.
Галоўнай думкай Івана Луцкевіча быў збор матэрыялаў, якія зрабілі б магчымымі даследаванні матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў — перш за ўсё народнай, беларускай гісторыі — з асаблівым акцэнтам на перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта так пісаў Антон Луцкевіч пра мэту стварэння музея і выбар эпохі, якую ён мусіў ілюстраваць. У 1937 годзе на пытанне анкеты пра характар збору музея ён адказаў, што музей з’яўляецца рэгіянальным і нацыянальным з тэрыторыі перадваенных беларускіх земляў, якія знаходзяцца ў межах ВКЛ.
Першы вядомы 278-старонкавы інвентар быў складзены ў 1922 годзе. Ён падзяляў экспанаты на групы: фальклор (106 прадметаў), ручныя малюнкі ў папках (797 малюнкаў), зброя (126 прадметаў), кафлі і цэглы (435 прадметаў).
У 1933 годзе А. Луцкевічам былі апісаны асобныя аддзелы. Дагістарычны аддзел складаўся з каля 200 экспанатаў — прадметаў з эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў з больш як 18 паветаў, знойдзеных пры археалагічных раскопках як Іванам Луцкевічам, так і Яўстафіем Тышкевічам. Асобна былі вылучаны сфрагістычная калекцыя (каля 103 пячатак), калекцыя пярсцёнкаў, прадметы рэлігійнага культу (старадаўнія крыжы, складні, царкоўныя апараты, антымінсы, іконы і абразы, касцельныя апараты і вопраткі, абразы беларускія, рускія і візантыйскага стылю), свецкае малярства, графіка, збор дрэварытаў. Этнаграфічны аддзел складаўся з калекцыі тканін і вопраткі, твораў народных разбяроў, музычных інструментаў, гліняных, фаянсавых і шкляных вырабаў. Побытавы аддзел аб’ядноўваў старадаўнія вопраткі і прыборы да іх, слуцкія паясы, шапкі. Аддзел зброі складаўся са зброі старадаўняй і навейшага часу. Быў таксама аддзел рукапісаў і друкаў.
Паводле анкеты, запоўненай 1 студзеня 1937 года А. Луцкевічам (своеасаблівай справаздачы перад міністэрствам), у музеі налічвалася 4228 экспанатаў, з іх у экспазіцыі 1511, у фондах — 2711. Колькасць экспанатаў у аддзелах: этнаграфія — 86, выяўленчае мастацтва — 161, скульптура — 65, мастацкія промыслы — 154, нумізматыка — 2492, археалогія — 184, бібліятэка — 10555 тамоў.
Падзеі 1939—1944 гадоў Пасля заняцця Вільні савецкімі войскамі 19 верасня 1939 года пачаліся выпрабаванні для ўстановы. 30 верасня былі арыштаваны дырэктар Антон Луцкевіч і шэраг іншых дзеячаў (Уладзімір Самойла, Антон Неканда-Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Янка Пазняк). Музей фактычна спыніў дзейнасць, а ключы засталіся ў намесніка старшыні БНТ Баляслава Грабінскага.
Пасля далучэння Літвы да СССР, у кастрычніку 1940 года музей быў перададзены ў падпарадкаванне Інстытута літуаністыкі. У канцы 1940 года адбылася перадача каля 2,5 тыс. заінвентарызаваных экспанатаў і 5 тыс. кніг Інстытуту літуаністыкі, а частка архіва музея апынулася ў НКУС.
З кастрычніка 1940 года прэзідэнт Акадэміі навук Літоўскай ССР Вінцас Крэве-Міцкявічус прызначыў этнографа Мар’яна Пецюкевіча кіраўніком музея. У штат таксама ўвайшлі мастак Пётра Сергіевіч, Язэп Найдзюк, бібліятэкар Янка Шутовіч і літоўскі мастацтвазнавец Владас Дрэма. 16 студзеня 1941 года музей атрымаў назву «Беларускі музей № 1 пры Акадэміі навук ЛССР». У маі 1941 года ў Вільню прыбыла дэлегацыя БССР у складзе Цімафея Гарбунова, Янкі Купалы і Якуба Коласа, якая вяла перагаворы з кіраўніцтвам АН ЛССР (у прыватнасці, з Мікаласам Біржышкам) аб перадачы музея ў Мінск, аднак літоўскі бок фактычна адмовіў у перадачы збораў, спасылаючыся на іх рэгіянальны віленскі характар.
З 18 снежня 1940 года ў музеі пачаў працаваць Янка Шутовіч, які з 7 ліпеня 1941 года (падчас нямецкай акупацыі) заняў пасаду дырэктара ўстановы. Музей працягваў працаваць, праводзілася інвентарызацыя (літоўскі мастацтвазнавец Владас Дрэма апрацаваў 7442 пазіцыі), папаўняліся фонды, у тым ліку за кошт збораў фальклору (напрыклад, з дапамогай кампазітара Тадэвуша Шалігоўскага). Паводле ўспамінаў Я. Шутовіча «Незабыўная скарбніца» (1971), нягледзячы на цяжкі ваенны час, музей значна папоўніўся экспанатамі і кніжнымі фондамі за кошт зліквідаваных культурна-асветніцкіх арганізацый і прыватных асоб. Згодна з інвентарнымі кнігамі, у аддзеле сфрагістыкі і нумізматыкі было зарэгістравана каля 3000 пазіцый, у бібліятэцы — каля 15 000. Агулам, паводле падлікаў дырэктара, на дзень ліквідацыі ўстановы ў ёй захоўвалася больш за 50 000 экспанатаў, а ў бібліятэцы — больш за 25 000 тамоў кніг.
У пачатку 1944 года акупацыйныя ўлады загадалі вызваліць Базыльянскія муры, і музей быў вымушаны пераехаць у значна меншае памяшканне на вуліцы Святой Ганны, 4. Падчас бамбардзіроўкі Вільні ў ліпені 1944 года будынак на вуліцы Святой Ганны быў пашкоджаны (дзверы ў пакоі і залы былі расчынены, кнігі і экспанаты раскіданы, зніклі некаторыя адзінкі зброі), аднак асноўныя фонды ўдалося зберагчы амаль цалкам. Перад адступленнем немцаў улетку 1944 года найбольш каштоўныя экспанаты (4618 адзінак рукапісаў, гістарычных дакументаў і старадрукаў) былі схаваныя супрацоўнікамі ў сутарэннях касцёла Святога Міхаіла пад апекай ксяндза Адама Станкевіча.
Ліквідацыя музея і лёс збораў (1944—1945) 15—16 жніўня 1944 года, праз месяц пасля вызвалення Вільні, супрацоўнікі НКУС канфіскавалі з музея 53 скрыні і 283 тэчкі архіўных матэрыялаў, якія тычыліся беларускага нацыянальнага руху (дакументы БНР, Слуцкага паўстання, ТБШ, асабістыя архівы дзеячаў). 20 лістапада 1944 года быў арыштаваны дырэктар музея Янка Шутовіч.
СНК Літоўскай ССР стварыў ліквідацыйную камісію на чале з намеснікам наркама асветы Міхалінай Мешкаўскене. Беларускі бок прадстаўляў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (БДМГВАВ). Экспанаты дзяліліся паводле тэрытарыяльна-нацыянальнага прынцыпу, прычым рашэнні прымаліся выключна літоўскім бокам без удзелу беларускіх экспертаў на этапе адбору.
Актам ад 1 жніўня 1945 года пад апеку Віленскага этнаграфічнага музея было перададзена 32 562 адзінкі захоўвання, у тым ліку 20 278 кніг, 8564 гістарычныя і 2441 этнаграфічны аб’ект. Дадаткова 804 мастацкія і графічныя творы былі адабраны Віленскім дзяржаўным мастацкім інстытутам. Беларускай ССР была перададзена значна меншая частка — першапачаткова заяўлялася пра 10 321 адзінку. У Мінск, куды экспанаты суправаджала Е. М. Заклінская, трапіла каля 3000 каштоўных прадметаў і 2507 малакаштоўных адзінак. Большая частка перададзенага ў БДМГВАВ складалася з тыпаграфскіх клішэ (каля 2273 штук). У 1952 годзе камісія АН БССР пастанавіла знішчыць большасць з гэтых малакаштоўных прадметаў (у тым ліку больш за 2000 клішэ). Схаваныя ў касцёле Святога Міхаіла 4618 адзінак архіва і старадрукаў былі выяўлены і ў 1946 годзе перададзены Бібліятэцы Акадэміі навук Літоўскай ССР, дзе склалі аснову «Віленскага беларускага фонду».
Крыніцы па гісторыі музея Значным комплексам дакументаў па гісторыі ўстановы з'яўляецца асабісты архіў яе перадапошняга дырэктара Янкі Шутовіча, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). У архіве адклаліся справаводныя дакументы музея за 1941—1944 гады, а таксама восем варыянтаў успамінаў Я. Шутовіча пад назвай «Незабыўная скарбніца», напісаных у 1971 годзе да 50-гадовага юбілею музея. У фондзе таксама збераглася вялікая колькасць фотаздымкаў асоб, звязаных з дзейнасцю ўстановы: Адама Станкевіча, Пётры Сергіевіча, Кляўдуша Дуж-Душэўскага, Уладзіслава Паўлюкоўскага і іншых.
Аднаўленне ў XXI ст