Альге́рд (~1295 — май ) — вялікі князь літоўскі (1345—1377).
Імя Імя Альгерд — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжанняT. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13..
Першай асновай імені Альгерд бачаць Alg-, якая празрыстая ў імёнах літ. Alg-(i)-mantas, Alg-(i)-minas, Kant-algas, Kint-algas, Min-algas, Vis-algasZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 74., пруск. Wiss-alge, Wan-alge, таксама ў старапрускіх аднаасноўных імёнах Algam, Algecz, AlgutteR. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 131..
Іменную аснову Alg- звязваюць з агульнабалцкім *algā́ «узнагарода» (слова захавалася ў літоўскай, латышскай, старапрускай мовах). У раннелітоўскую эпоху яно мела значэнне «(ваенная) здабыча». Далей вядуць да індаеўрапейскага *algṷh- «цана, менавая вартасць»В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 72..
Аснова Gerd- (Gird-) звязаная з літ. gerdas «чутка», girdėti «чуць»Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 92, 94., далей да індаеўрапейскага *gṷer- «хваліць, славіць; абвяшчаць, вітаць», ад якога таксама girti «хваліць, славіць», garsas «гук, памоўка, вестка»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 478..
Імя Альгерд, такім чынам, значыць, «слаўны здабычай», і гэта адпавядае каштоўнасцям княска-ваярскага раннелітоўскага асяроддзяС. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203—205..
З іншага боку, расійская даследчыца лічыла, што імя Альгерд (Algirdas) паходзіць ад старажытнагерманскага імя Adalger: adal «высакародны», gar «кап’ё»Суперанская А. В. Современный словарь личных имен: Сравнение. Происхождение. Написание. — Москва, 2005. — С. 168..
Біяграфія Сын Гедзіміна. У 1318 годзе ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй, не пазней за 1325 год, пасля смерці цесця, атрымаў Віцебскае княства як спадчыну жонкі. Калі ў 1341 годзе Гедзімін надзяляў сыноў, Альгерд да Віцебскага княства атрымаў Крэва і землі паабапал Бярэзіны. Пасля смерці бацькі, у 1345 годзе разам з братам Кейстутам скінуў з віленскага стальца іншага свайго брата Яўнута, стаў вялікім князем.
Альгерд адбіваў наступ Тэўтонскага ордэна (гл. бітва на Стрэве, 1348; вайна Тэўтонскага ордэна і ВКЛ). У 1342 годзе дапамог Пскову супраць немцаў, яго сын Андрэй стаў пскоўскім князем. Паспяхова праводзіў палітыку аб’яднання зямель колішняй Русі ў адзінай дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім. Яшчэ толькі князем віцебскім, дапамагаў Смаленску супраць Масквы. Далучыў да ВКЛ землі колішняга Чарнігаўскага княства (каля 1355). Залежным ад яго было і Смаленскае княства. У 1356, 1359 і 1362 гадах далучыў гарады Ржэў, Мсціслаў і Таропец.
У канцы 1362 года, пасля бітвы на Сініх Водах, далучыў да ВКЛ Падольскую, Валынскую і Пераяслаўскую землі, паўднёвае Падняпроўе, прычарнаморскія землі ў вусці Серата, басейнах Днястра і Паўднёвага Буга. Пасадзіў удзельным князем у Кіеве свайго сына Уладзіміра, Падолле перадаў навагародскім князям Карыятавічам, войскі якіх складалі значную частку сіл у бітве на Сініх Водах. У падтрымку цверскіх князёў здзейсніў тры паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). Спрабаваў падпарадкаваць сабе Пскоў і Ноўгарад, вёў барацьбу з Польшчай за Валынь, Падляшша і Галіцыю (1349—1351, 1366; гл. вайна за галіцка-валынскую спадчыну). За яго часам тэрыторыя ВКЛ павялічылася ў больш за 2 разы.
Жыў больш за 80 гадоў, кіраваў дзяржавай 32 гады. Ад дзвюх жонак — Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской — меў 12 сыноў, у т.л. Ягайлу, Андрэя, Свідрыгайлу, Скіргайлу, Уладзіміра.
Праблема веравызнання
Альгерд ажыццяўляў ураўнаважаную рэлігійную палітыку, мусіць, з гэтай прычыны ні сучаснікі, ні пазней гісторыкі не здолелі вызначыцца датычна яго веравызнання — быў ён паганцам ці праваслаўным. Праз гэту неадназначнасць узнікаюць спекуляцыі, часта даследчыкі абмяжоўваюцца агульнымі сцвярджэннямі, наогул не звяртаючыся да агляду крыніц, напрыклад, калі Альгерд быў літовец, то мусіў быць паганцам, або наадварот — панаваў над значнай часткай Русі, займаўся царкоўнымі справамі, мусіў быць праваслаўным.
Хрышчэнне ў Віцебску Пачынаючы ад дарэвалюцыйнай расійскай гістарыяграфіі, хрышчэнне Альгерда звязваюць са шлюбам з віцебскай княжной, за якою пасля смерці цесця ён атрымаў Віцебскае княства. У. Ц. Пашута, сцвярджаў, што такія абставіны атрымання Альгердам Віцебскага княства няпэўныя, бо вядомыя толькі з Хроніка Быхаўца (далей ХБ), якая не толькі вядома міфічнымі звесткамі, але ў гэтым прыватным выпадку памылкова паведамляе, што віцебскую княжну звалі Ульянай. З верагодных крыніц вядома, што першай альгердавай жонкай была не Ульяна, т.б. не выпадае верыць ХБ ні ў пытанні альгердава хрышчэння, ні ў абставінах атрымання Альгердам Віцебскага княства. За ХБ шмат дзе гэтая памылка паўторана, у т.л. у Густынскім летапісе, дзе дадаецца, што Альгерд ахрысціўся з усімі баярамі і народам, калі паводле ХБ ахрысціўся Альгерд толькі сам без баяраў і народу. Аднак, пра абставіны атрымання Альгердам Віцебскага княства кажуць больш раннія крыніцы, якія праўда нічога не кажуць пра яго хрышчэнне. Такім чынам, адмаўляючы верагоднасць паведамлення ХБ, немагчыма адмаўляць факту шлюба Альгерда з віцебскай княжной, вядомага і з іншых тагачасных крыніц. Зыходзячы з таго, што віцебская княжна напэўна была хрысціянкай, а шлюбы хрысціян з паганцамі і наогул іншавернымі былі забароненыя Трульскім саборам (691), шлюб Альгерда мог адбыцца толькі пасля хрышчэння. Прынамсі, практыка хрышчэнняў перад шлюбамі з рускімі княжнамі сярод гедзімінавых сыноў была звычайнай, так Любарт і Яўнуцій ахрысціліся ў Дзмітрыя і Івана, а Нарымонт ахрысціўся ў Глеба, верагодна, каб заняць сталец у Ноўгарадзе.
Такім чынам, у крыніцах няма верагодных звестак пра самае хрышчэнне Альгерда, але тыя ж крыніцы верагодна паведамляюць пра падзеі, якія не маглі адбыцца пры паганстве Альгерда. Гэта датычыць не толькі шлюбу з хрысціянкай, але і Гандлёвага дагавору Гедзіміна з Ордэнам (1.11.1338) на ўмовах якога цалавалі крыж «каралі» Полацка і Віцебска, тым часам ім былі адпаведна Нарымонт і Альгерд, у адрозненне ад Гедзіміна з інш. дзецьмі і баярамі, якія прысягалі паводле паганскага звычаю.
Падзеі ў Пскове Акалічнасці пскоўскіх падзей 1342 года вядомыя толькі з пазнейшых крыніц. Асноўны іх змест у тым, што Альгерда, яшчэ толькі князем віцебскі і крэўскі, пскавічы паклікалі яго на дапамогу супраць немцаў. Немцы былі адагнаны і пскавічы прапанавалі Альгерду заняць вакантны пскоўскі сталец, сам Альгерд адмовіўся, але пасадзіў на стальцы свайго старэйшага сына Андрэя. Сучасныя падзеям наўгародскія і пскоўскія летапісы нічога не кажуць пра гэтыя падзеі. Падрабязнасці дае толькі малодшага ізводу, спіс 2-й паловы XV ст., болей за 100 гадоў пазней — паводле яго, пскавічы «паддаліся Літве» не атрымаўшы дапамогі супраць немцаў ад наўгародцаў і вялікага князя ўладзімірскага, яны выгналі свайго князя і паклікалі на дапамогу Альгерда, апошні «загадаў ахрысціць свайго сына», якога ахрысцілі пад імем Андрэй, пакінуў яго на стальцы і вярнуўся ў Літву. Паводле некаторых даследчыкаў, дарослы сын Альгерда быў не хрышчоны і імя Андрэй ён атрымаў у Пскове, такім чынам і Альгерд на іх думку быў не хрышчоны. Пскоўскія летапісы канца XV ст. у спісах канца XV—XVII ст. даюць троху іншае, Альгерд прыйшоў на дапамогу і прывёў свайго сына Андрэя, пскавічы прапанавалі Альгерду ахрысціцца і заняць пскоўскі сталец, Альгерд адмовіўся ад хрышчэння, але ахрысціў свайго сына, бо Андрэй было яго малітоўнае імя, і пакінуў яго на пскоўскім стальцы. Пазнейшы дадае, што Альгерд адмовіўся ахрысціца, бо, маўляў, ужо хрышчоны і другім разам хрысціцца не хачу.
Свецкае імя Вінгольт (паводле некаторых даследчыкаў, літоўскае і г.зн. паганскае) для Андрэя вядомае толькі з «Хронікі Быхаўца», дзе даецца разам з несапраўднымі звесткамі пра яго. З крыніц дзеці Альгерда ад першага шлюбу вядомыя толькі як Андрэй, Дзмітрый, Уладзімір, Канстанцін, Фёдар, Фядора і Агрыпіна, т.б., напэўна, пад хроснымі імёнамі, бо ракло звычайна не агалошвалася. У адрозненне, альгердавы дзеці ад другога шлюбу вядомыя ў найперш пад свецкімі імёнамі — Ягайла, Скіргайла, Карыбут, Карыгайла, Лунгвень, Віганд і Свідрыгайла.
Тры віленскія мучанікі Адным з доказаў паганства Альгерда часта даюць гісторыю трох віленскіх мучанікаў, быццам дружыннікаў Альгерда, якіх ён загадаў забіць за прыняцце хрысціянства. Аднак, імя Альгерда як праследвальніка мучанікаў з’явілася толькі ў пазнейшых рэдакцыях іх Жыція, у першых рэдакцыях імя літоўскага князя-паганца не названа, а час падзей неакрэслена вызначаны як «калісьці», т.б. вельмі неакрэслена для блізкага часу, улічваючы, што кананізацыя адбылася ў 1374 годзе. Таксама важна, што менавіта да Альгерда звярнуліся віленскія хрысціяне па перадачу ім месца смерці мучанікаў пад будаўніцтва царквы. Кананізацыяй святых займаўся альгердаў прыхільнік мітрапаліт Кіпрыян, напэўна, па волі Альгерда ў рэчышчы стварэння асобнай ад Масквы мітраполіі для ВКЛ (гл. пра г.зв. «Літоўскую мітраполію»). У першых рэдакцыях царкоўнай службы мучанікам, апроч іншага, у багародзічнах акравершам было зашыфравана імя Дзмітрый — на думку Агіцкага, гэта імя аўтара службы, але часам акравершам шыфраваліся і імёны заказчыкаў, паводле ж Кіева-Пячэрскага патэрыка Дзмітрый было хрысціянскім імем Альгерда.
Сведчанні пра пахаванне
Сведчанні пра пахаванне Альгерда захавалі тры крыніцы, адна з іх сучасная падзеі — хроніка Германа Вартберга, дзве астатнія пазнейшыя — хроніка Яна Длугаша і яшчэ болей позні Ніканаўскі летапіс.
Герман Вартберг адзначае, што пры пахаванні Альгерда былі спаленыя каштоўныя рэчы і 18 коней, іншых падрабязнасцей храніст не дае. Я. Длугаш дае болей падрабязнасцяў, у т.л. адрозных ад сведчання Вартберга, ён адзначае што Альгерд быў спалены ў багатым строі і з 1 канём, таксама ўказвае і на месца спалення — Кукавейцкі гай паблізу Мейшаголы. Пры гэтым, паводле даследаванняў літоўскіх археолагаў, няма пэўна датаваных 13-14 ст. літоўскіх пахаванняў з трупаспаленнем. Выяўленыя буйныя могільнікі сяр.-кан. 13 ст. у Кернаве, а таксама выяўлены ў 2009 буйны могільнік 14 ст. у Вяркяй (у межах Вільнюса), змяшчаюць толькі трупапалажэнні, гэта прыводзіць археолагаў да высновы, што ўжо ў 13 ст. літоўцы перанялі пахавальны абрад у русінаў і спаленне памерлых не практыкавалі. Наогул, звесткі пра спаленне літоўцамі памерлых сустракаюцца адно ў ордэнскіх храністаў, а ў царкоўных сачыненнях і апісаннях веры літоўцаў (напр. Еранім Пражскі, Сільвіа Пікаламіні) спаленне памерлых не згадваецца.