Іаяс ( — «Іегова дае спакой»; ; ) — восьмы цар паўднёвага Іўдзейскага царства, адзіны ацалелы сын іўдзейскага цара Ахозіі. Яго маці была Цыў’я з Вірсавіі. Традыцыйнымі гадамі яго панавання лічацца 835—796 да н.э.

Біяграфія

Яшчэ немаўля, яго выратавала ад забойства Гафоліяй Іясавефа, дачка цара Іярама. На працягу шасці год хлопчык хаваўся ў Іерусалімскім храме, а на сёмы год у краіне адбылася арганізаваная святаром Іядаем рэвалюцыя, у выніку якой Гафолія была забіта, а сталец заняў непаўналетні цар.

Пакуль быў жывы першасвятар Іядай, Іаяс прытрымліваўся яго саветаў і падтрымліваў служэнне Адзінаму Богу. Іаяс аднавіў Іерусалімскі храм, клапаціўся пра ахвяраванні на яго. Аднак пасля смерці Іядая цар звярнуўся да шанавання язычніцкіх багоў, што выклікала гнеў Бога. Сын Іядая — Захарыя рашуча выступіў супраць язычніцкіх ахвяраванняў, за тое цар загадаў забіць прарока. Прарок загінуў акурат у Храме, падчас ахвяравання. Наступствам гэтага стала нашэсце на Іўдзею сірыйцаў, якія спустошылі краіну. Толькі пасля выплаты вялікай кантрыбуцыі сірыйскі цар Азаіл адступіў ад Іерусаліма.

Гэтыя падзеі выклікалі эканамічны і палітычны заняпад у краіне. Супраць цара была складзена змова, ён быў забіты сваімі ўраднікамі і пахаваны «ў горадзе Давіда, але не са сваімі продкамі».

Катэгорыя:Цары іўдзейскія Катэгорыя:Цары ізраільскія