Рубе́ль. Сустракаецца таксама варыянт Рубэ́ль (, ) — аграгарадок у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Чаква (старыца Рубельская Рака). Уваходзіць у склад Рубельскага сельсавета. Размешчана за 10 км на паўднёвы захад ад Альпеня, за 6 км на ўсход ад Беражнога, за 3 км на поўнач ад Хотамля, за 18 км паўночны ўсход ад Століна, за 263 км — ад Брэста, за 26 км — ад чыгуначнай станцыі Гарынь.

Цэнтр сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Рубельскі» (былога калгасу). Другая паводле велічыні вёска ў Брэсцкай вобласці (пасля Альшан).

Гісторыя

Вядома з 1458 года пад назвай Любра (Любер), у канцы XVIII ст. згадваецца ўжо як Рубля, Рубель. У XVI—XVIII стст. у складзе Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уладаннем Зышчынічаў, Пашкевічаў, Рэзановічаў.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) года ў Расійскай імперыі, у складзе Хорскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

З 1921 года ў складзе Польшчы.

З 1939 года ў складзе Беларускай ССР, з 15 студзеня 1940 года ў Давыд-Гарадоцкім раёне Пінскай вобласці створаны Рубельскі сельсавет.

Падчас Другой сусветнай вайны, у 1944 годзе, падчас адступлення нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі вёску — 730 хат, загубілі 122 жыхароў, ацалела толькі царква. Рубель увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» як адна са спаленых вёсак.

З 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 1961 года ў Столінскім раёне.

Насельніцтва Да 1973 года Рубель была найбуйнейшая вёска Беларусі. На пачатку XXI ст. — другая па велічыні вёска Столінскага раёна і Брэсцкай вобласці (пасля Альшан), да 2005 года — трэцяя ў Брэсцкай вобласці (пасля Альшан і Моталя).

1886 год — 450 жыхароў, 46 гаспадарак 1897 год — 450 жыхароў, 38 дамоў С. 591. 1909 год — 3259 жыхароў, 448 двароў 1921 год — болей за 2800 жыхароў, 457 гаспадарак 1932 год — 4166 жыхароў 1939 год — 3887 чалавек, 541 двор. 1941 год — 3688 чалавек, 730 гаспадарак 1959 год — 4668 жыхароў 1970 год — 5565 жыхароў 1999 год — 4186 жыхароў, 440 двароў 2001 год — 4138 жыхароў, 1350 двароў 2004 год — каля 4500 жыхароў, 1444 двары 2005 год — 4034 чалавек, 1453 двары 2007 год — 4300 чалавек, 1461 дворВось гэта Рубель! // Звязда 2010 год — 4700 чалавекПра «маё» і «не маё» // Звязда

Інфраструктура У вёсцы знаходзяцца льнокамбінат (не працуе), аддзяленне сувязі РУП «Белпошта», аддзяленне ААТ «Беларусбанк», аптэка, 7 прыватных крам (Вераніка, Людміла, Вольга, аўтазапчасткі), 4 дзяржаўных крамы, два ўнівермага (Сілуэт і Прамтавары), кафэ «Івушка», школьная сталовая, кнігарня (зачынена), дзве хлебныя крамы, бібліятэка, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, два яслі-сада, рынак, аўтазаправачная станцыя, два млыны.

У ліпені 2008 года ў вёсцы адкрылася новая амбулаторыя.

Славутасці

Помнік землякам, загінулым у Вялікую Айчынную вайну, пастаўлены ў 1965 годзе. Курганы, паселішчы і могільнік зарубінецкай культуры. Царква Святога Міхаіла Арханёла (Рубельская Міхайлаўская царква). Пабудавана ў 1796 годзе, адзін з яскравых узораў палескай школы драўлянага дойлідства ў стылі барока. Успенская царква. Пабудавана ў 1996 годзе. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай (хрысціян-баптыстаў).

Мікратапанімія Традыцыйная вёска дзеліцца на 11 мікравёсак: Вакза́л — паўднёва-заходняя частка вёскі, на захад ад цэркваў Вялі́кі Лес — паўднёва-заходняя частка вёскі, за Вакзалам До́ўгае — усходняя частка вёскі, каля Салабаі Жыды́ — усходняя частка вёскі Запо́лле — паўночна-ўсходняя частка вёскі Зарэ́чча — заходняя частка вёскі, на левым беразе Чаквы Машлякі́ — паўднёвая частка вёскі Но́вы Пасёлак — на ўсход ад Туразы Салабаі́ — усходняя частка вёскі Сяло́ — цэнтральная частка вёскі Ту́раза — паўночна-ўсходняя частка вёскі

Рубельская гаворка Прыклады мясцовай гаворкі: Бага́то — шмат Вон — ён Вона́ — яна Воны́ — яны Дзе́ўчына — дзяўчына Дзярэ́ўня — вёска Е́сцяка — ёсць Кого́ — кагосьці Колі́ — калі Кра́ма — ларок Ла́ўка — крама Ма́мо — мама Пое́хаў — паехаў Пошо́ў — пайшоў Та́то — тата У мане́ — у мяне Фа́йно — цудоўна Хоро́шы — прыгожы Цяпэр — сёння Шо-то — штосьці Шчо — што Якэ́ — які

Вядомыя асобы Віктар Аляксандравіч Вабішчэвіч (нар. 1989) — беларускі плывец. Пётр Андрэевіч Вабішчэвіч (нар. 1963) — беларускі палітык. Андрэй Аляксеевіч Каляда (нар. 1946) — беларускі спецыяліст у галіне інфарматыкі. Мікалай Іванавіч Пашкевіч (нар. 1958) — беларускі мовазнавец, пісьменнік. Віктар Юр’евіч Сотнікаў (нар. 2001) — беларускі футбаліст.

Літаратура

Спасылкі

Рубель на Radzima.org Рубель Радыё Свабода, У «Доме літаратара» Андрэй Хадановіч, Віктар Вабішчэвіч, Міхал Анемпадыстаў Рэальны прагноз надвор’я ў вёсцы Рубель

Катэгорыя:Рубельскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Столінскага раёна Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі