Па́вел Алякса́ндравіч Рапапо́рт (, Санкт-Пецярбург—11 верасня 1988) — расійскі савецкі гісторык архітэктуры і археолаг. Доктар гістарычных навук (1965).
Біяграфія У 1937 годзе скончыў Ленінградскі інжынерна-будаўнічы інстытут. У 1939—1988 гадах працаваў у Ленінградскім аддзяленні Інстытута археалогіі АН СССР, адначасова выкладаў гісторыю архітэктуры ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна.
Навуковая дзейнасць Вывучаў праблемы гісторыі і археалогіі манументальнай архітэктуры Кіеўскай Русі ў X—XIII стагоддзях і Маскоўскага княства. Даследаваў архітэктурныя помнікі Полацка, Віцебска, Гродна. Унёс вялікі ўклад у гісторыю даследавання полацкай і гродзенскай архітэктурных школ XII ст. Вывучаў мінскія старажытнасці. Абследаваў некалькі дзясяткаў гарадзішчаў на тэрыторыі старажытных Турава-Пінскай і Полацкай зямель і ў местах гэтак званай Чорнай Русі. Вывучаў канструкцыю абарончых збудаванняў больш чым 10 гарадзішчаў на тэрыторыі Беларусі. Вывучаў Камянецкую вежу і Барысаглебскую царкву ў Навагрудку. Ім праведзены даследаванні (сумесна з М. М. Вароніным) Ніжняй царквы (1948), Княжацкіх палат, Каложскай царквы і абарончай сцяны XII ст. (сумесна з экспедыцыяй Спецыяльных навукова-вытворчых рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры Беларусі, 1981, 1985) у Гродне, Ваўкавыскага храма (1959), княжацкіх палат (1976—77), царквы на Ніжнім замку ў Полацку (1977), Спаскай царквы Ефрасіннеўскага манастыра (сумесна з Г. М. Штэндарам, 1976), прадоўжаны даследаванні храма-спачывальні ў Ефрасіннеўскім манастыры (1976), Вялікага сабора Бельчыцкага манастыра (1977) і Віцебскай Благавешчанскай царквы (сумесна з А. А. Трусавым і Т. С. Бубенькай, 1982).
Бібліяграфія Полоцкое зодчество XII века // Сов. археология. 1980. № 3; Спасская церковь Ефросиньева монастыря в Полоцке (разам з Р. М. Штэндэрам) // Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980; Дворец в Полоцке (разам з Я. У. Шолахавай) // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. М., 1981. Вып. 164; Зодчество Древней Руси. Л., 1986; Памятник древнерусского зодчества в гродненском детинце (у сааўт.) // Памятники культуры: Новые открытия, 1987. М., 1988; Новые данные об архитектуре древнего Гродно // Древнерусское искусство: Худож. культура X — первой половины XIII в. М.. 1988.
Літаратура
Катэгорыя:Дактары гістарычных навук Катэгорыя:Гісторыкі архітэктуры Беларусі Катэгорыя:Археолагі Расіі Катэгорыя:Гісторыкі Расіі