Чэшскі масіў (Багемскі масіў; ) — горны масіў у цэнтральнай частцы Чэхіі і ў сумежных раёнах Германіі, Польшчы і Аўстрыі.
Геаграфія Масіў працягваецца з захаду на ўсход і мае ромбападобную форму. Працягласць яго складае каля 500 км, шырыня — да 300 км. Найвышэйшы пункт — гара Снежка (1602 м).
Уяўляе сабой выступ старажытнага фундамента герцынскай складкавай вобласці. Складзены з гнейсаў, пігматытаў, крышталічных сланцаў і гранулітаў пратэразою, сланцаў, кварцытаў і пясчанікаў палеазою, перакрыты асадкавым чахлом з мелавых і кайназойскіх парод. У выніку неаген-антрапагенавых тэктанічных рухаў масіў быў расколаты разломамі і скідамі, па якіх выліваліся вулканічныя лавы. 3 тэктанічным прагінам на паўночным усходзе звязаны Верхнесілезскі — Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басейн.
Цэнтральная частка (вышыня 300—600 м) — узгорыстая раўніна з асобнымі падняццямі. Па ўскраінах Чэшскага масіву ўзвышаюцца сярэдняй вышыні хрыбты: Шумава на паўднёвым захадзе, Рудныя горы на паўночным захадзе, Судэты на паўночным усходзе. У паўднёва-ўсходняй частцы масіву размяшчаецца Чэшска-Мараўскае ўзвышша.
На раўніне значная частка тэрыторыі апрацавана. У гарах да вышыні 1200—1400 м мяшаныя і хвойныя лясы. Вышэй — субальпійскія лугі і хмызнякі.
Часта сустракаюцца мінеральныя крыніцы. Тут размяшчаюцца курорты, у тым ліку Карлавы Вары. Развіваецца турызм.
Літаратура Чэшскі масіў // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.
Катэгорыя:Горы Чэхіі Катэгорыя:Горы Польшчы Катэгорыя:Горы Германіі Катэгорыя:Горы Аўстрыі