Отакар Бржэзіна (, сапраўднае імя Вацлаў Ебавы; — ) — чэшскі паэт.
Біяграфія Нарадзіўся ў мястэчку Пачаткі. Першыя літаратурныя спробы, выдаваныя пад псеўданімам Вацлаў Даншаўскі, адносяцца да гадоў навучання ў гімназіі ў Тэлчы (1883—1887). Першыя апублікаваныя вершы маюць эпічны характар і з лёгкім сацыяльным падтэкстам апісваюць звычайныя жыццёвыя гісторыі. У прозе трымаецца наіўна-бадзёрага гумару, з дапамогай якога спрабуе намаляваць розныя чалавечыя тыпы. У прозе адчувальны ўплыў Яна Неруды. Пасля заканчэння гімназіі працуе настаўнікам, жыве на самоце з пачуццём адзіноты і нерэалізаванасці.
У 1887—1892 гадах піша пераважна прозу. Адмаўляецца ад гумарыстычнага тону, творы гэтага перыяду носяць прыкметы натуралізму, галоўнымі матывамі застаюцца смерць, згадкі пра мінулае і непераадольная адзінота. Навелы «Důležitý den života příštipkáře», «Protější okno».
У 1890—1891 гадах узнікае «Román Eduarda Brunnera», які аўтар праз год сам знішчыў. Няўдача гэтага раману, у які Отакар Бржэзіна ўкладаў шмат аўтарскіх надзей, стала прычынай творчага крызісу. Ён захапляецца Бадлерам і Шапенгаўэрам, у творах пераважаюць песімістычныя, меланхалічныя настроі. Прымае Шапенгаўэрава ўяўленне пра свет як абсалютны самападман і ілюзію. У гэты час узнікае тэорыя арыстакратычнай выключнасці мастацтва. Отакар Бржэзіна стаецца з рэалістычнага празаіка паэтам-сімвалістам.
У гэты час чэшская літаратура перажывала крызіс і стаяла на парозе неабходнасці пераходу да новых мастацкіх сродкаў. Шмат паэтаў рэзка змяняюць характар сваёй творчасці (Антанін Сова, Карэл Главачак, Станіслаў Костка Нойман, Іржы Карасек з Львовіцаў), пачынаецца новая эпоха ў літаратурнай крытыцы (Францішак Ксавер Шальда).
У 1907 годзе Отакар Бржэзіна перастае займацца літаратурнай творчасцю.
Два разы (у 1924 і 1928 гадах) быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Літаратурная творчасць Паэтычная творчасць Отакара Бржэзіны, знаходзячыся на памежжы мастацтва і філасофскай медытацыі, належыць да каштоўнасцей еўрапейскага літаратурнага сімвалізму. Цалкам у суладдзі з сімвалістычнай тэорыяй паэт успрымаў рэлігійныя факты як сімвалы. Хаця канстанты аўтарскага мастацкага свету знаходзяцца пад пэўным уплывам хрысціянства, яго духоўны свет не кіруецца законамі хрысціянскай духоўнасці, а прасякнуты духоўнасцю філасофскага ідэалізму. Літаратурная творчасць Отакара Бржэзіны знаходзіцца на вяршыні чэшскага сімвалізму. Сімвалісцкія сродкі выразнасці ў паэта хутка аўтаматызаваліся, ператвараліся ў метафарычныя клішэ, праз гэта сімвалізм хутка страчваў сваю мастацкую сутнасць. Таму многія паэты ў хуткім часе адышлі ад сімвалізму (Антанін Сова), а новае пакаленне ўжо стаіць на новых, антысімвалісцкіх пазіцыях (Франя Шрамек, Францішак Гельнер, Віктар Дзік, Карэл Томан)
Бібліяграфія (паэтычныя зборнікі) «Tajemné dálky» (1895) («Таемныя далячыні») «Svítání na západě» (1896) («Світанне на захадзе») «Větry od pólů» (1897) («Вятры з палюсоў») «Stavitelé chrámu» (1899) («Будаўнікі храму») «Ruce» (1901) («Рукі»)
Літаратура Zur Rezeption Schopenhauers und Nietzsches im tschechischen Symbolismus Petr Holman: Frequenzwörterbuch zum lyrischen Werk von Otokar Březina, in 2 Tln., 1993
Катэгорыя:Паэты Чэхіі Катэгорыя:Філосафы Чэхіі Катэгорыя:Сімвалізм Катэгорыя:Пісьменнікі Чэхіі