Цёмныя Крамы — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная паміж Нізкім і Верхнім Рынкам, уздоўж Казьмадзям’янаўскай вуліцы. Ансамбль забудовы раёна быў унікальным помнікам горадабудаўніцтва эпохі РэнесансуКазьмадзям’янаўскай вуліца // С. 19. Пацярпела ў Другую сусветную вайну і канчаткова страціла аўтэнтычнае аблічча ў выніку паваенных рэканструкцый.

Паходжанне назвы

Урбанонім «Цёмныя Крамы» ўтварыўся праз асаблівасць забудовы — на вузкую, шчыльна забудаваную Казьмадзям’янаўскую вуліцу, дзе тулілася вялікая колькасць крам, блага трапляла дзённае святло. Назва вуліцы паходзіць ад старадаўняй Казьмадзям’янаўскай праваслаўнай царквы, якая знаходзілася на ўсходняй ўскраіне старажытнага Менска.

Гісторыя

Казьмадзям’янаўская вуліца — адна з найстаражытнейшых у Менску. Яна пачыналася з Нізкага Рынка і заканчвалася каля касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі каталіцкага кляштара ордэна бернардзінак (цяпер у касцёле месціцца кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату).

На пачатку вуліцы, унізе перад пагоркам, знаходзіўся кляштар каталіцкага ордэна баніфратаў з касцёлам (імаверна, існаваў да 1-й паловы XIX ст.), у 1700 годзе пры ім дзейнічаў шпіталь. Цяпер на месцы баніфрацкага кляштарнага комплексу знаходзіцца тралебусна-аўтобусны прыпынак.Мінскія лёхі // С. 8

Мураваны архітэктурны ансамбль Казьмадзям’янаўскай вуліцы цалкам сфарміраваўся яшчэ ў XVIII ст. Забудова складалася з двух- і трохпавярховых дамоў, на першых паверхах размяшчаліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, у архіўных дакументах згадваецца «аддадзены ў 1829 годзе Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае трыманне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца».Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007 Па выходных і святах тут і на бліжэйшых вуліцах разгортваўся людны гандаль.

У канцы XIX ст. у адным з двароў на Казьмадзям’янаўскай знаходзілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.

Ад 1926 года вуліца насіла імя беларускага першадрукара Францішка СкарыныВячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами на Мінск стары і новы, аднак у сувязі з пачаткам палітыкі русіфікацыі і масавых сталінскіх рэпрэсій у 1933 годзе яе перайменавалі ў гонар расійскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, акрамя крам, на вуліцы знаходзіўся шэраг устаноў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.

Да Другой сусветнай вайны мясцовасць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбардзіроўкі была амаль цалкам зруйнавана. Апошнія тры будынкі колішніх Цёмных Крамаў знішчылі падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга» ў 1989 годзе.

У наш час на гэтым месцы замест аднаўлення старадаўняй Казьмадзям’янаўскай вуліцы стварылі спрэчную па сваіх функцыянальна-планіровачных і архітэктурных якасцях структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі са старой забудовай. У 2018 годзе спуску ў пешаходнай зоне ад Свята-Духава кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча была нададзеная назва Козьма-Дзям’янаўскі спуск.

Цікавыя факты У 1928 годзе пры будаўніцтве каналізацыйнай сеткі на пляцы Волі падчас капання траншэі з боку вуліцы Францішка Скарыны (былой Казьмадзям’янаўскай) «…рабочыя на глыбіні 2 1/2 аршынаў нечакана выявілі каля 15 чалавечых шкілетаў… Як мяркуецца, шкілеты маюць даўнасць каля 150 гадоў. Гэтай знаходкай зацікавіліся Белдзяржмузей і Інбелкульт» (газета «Рабочий»).

Галерэя

Крыніцы

Літаратура

Цёмныя крамы //

Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007

Спасылкі

Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Мінска Катэгорыя:Гістарычныя раёны Мінска