Уладзімір Сяргеевіч Лісіцын (, нацысцкі канцлагер Флігегорт — ) — беларускі паэт.

Біяграфія Паходзіў з сялянскай сям'і. У вайну маці і старэйшы брат вывезены ў нацысцкі канцлагер. Пасля вызвалення сям'я вярнулася ў родную вёску Пагосцішча Лёзненскага раёна.

Працоўны шлях пачаў шахцёрам у Данбасе. У 1965 г. скончыў Лісічанскае педагагічнае вучылішча (Украіна). Нейкі час завочна вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага (Масква). Настаўнічаў на Лёзненшчыне, супрацоўнічаў у раённай газеце «Сцяг перамогі». Завочна скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1970). Апошнія гады жыў у Джанкоі (Крымская вобласць, Украінская ССР) — працаваў дырэктарам Палаца культуры, настаўнічаў у школе.

Творчасць Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1964 г. у газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар кніг вершаў і паэм «Жураўлінае вясло» (1974), «Беларусь — мая калыска» (1990). У кнізе «Дзень паэзіі — 1981» (1981) у раздзеле «З літаратурнай спадчыны» апублікавана 16 яго вершаў.

Паэзія Уладзіміра Лісіцына апявае прыроду, каханне, разважае аб праблемах вайны і міру. Мае выразнасць, якая ідзе ад фальклору, адухоўленасць і філасофскую заглыбленасць, вылучаецца моўнымі асаблівасцямі роднай Лёзненшчыны.

Літаратура

Каханоўскі, Г. Родам з канцлагера / Генадзь Каханоўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / БелЭн; [Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч]. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1992. - 592 с., л. іл. — С. 566. — ISBN 5-85700-063-7.

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў Катэгорыя:Памерлі ва Украіне