Самасі́р () — востраў на возеры Тоба на інданезійскім востраве Суматра. Плошча — 630 км². Насельніцтва (2012 г.) — 130 568 чал.

Геаграфія thumb|left|Карта Самасір займае значную частку возера Тоба. З’яўляецца пятым па велічыні азёрным востравам у свеце. Як і само возера, мае вулканічнае паходжанне, Сфарміраваўся у выніку мегавывяржэння, якое адбылося 73±4 тыс. гадоў таму. Характэрна сейсмічная актыўнасць. Значныя землятрусы адбываліся ў 1892, 1916, 1920—1922 і 1987 гг.

Рэльеф узгорысты, на поўначы і захадзе больш падняты, чым на ўсходзе. У цэнтральнай узгорыстай частцы вылучаецца плато (да 780 м над узроўнем возера Тоба), дзе захаваліся лясы. Ёсць некалькі ўнутраных азёр. Самыя вялікія з іх — Сідыхоні і Аек-Натананг.

Для берагоў характэрна чаргаванне скальных выступаў і пляжаў. На захадзе існуе кароткая перамычка, якая амаль злучае Самасір з асноўнай часткай вострава Суматра, з-за чаго ў літаратуры Самасір часцяком называюць паўвостравам. На самой справе, перамычку пераразае вельмі вузкі праліў. На поўначы ад Самасіра знаходзяцца некалькі дробных астраўкоў Тао.

Гісторыя

Самасір здаўна насялялі батакі, якія згодна паданню паходзяць з гары Букіт-Пусук на заходнім беразе возера Тоба. Галоўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі земляробства і рыбалоўства. Батакі карысталіся доўгімі лодкамі, выдзеўбанымі з суцэльнага ствала дрэва. Да нашых дзён захоўваецца арыгінальнае спеўнае і ткацкае мастацтва мясцовых жыхароў, а таксама манументальныя магільні іх правадыроў.

У XVII ст. востраў і наваколлі возера Тоба былі падпарадкаваны адзінай валадарскай дынастыі. Аднак яе ўлада не была безумоўнай. Паміж вёскамі ўспыхвалі сталыя канфлікты.

У 1860-ых гг. нямецкія місіянеры распаўсюдзілі на востраве лютэранства. Сідабутар, першы валадар Самасіра, які прыняў хрысціянства, пахаваны ў вёсцы Тамок.

У 1907 г. валадар батакаў Сі Сінга Мангараджа XII пацярпеў паразу ад галандцаў, і мясцовыя землі былі далучаны да валоданняў Нідэрландаў. З 1930-ых гг. пачалося навуковае вывучэнне культуры самасірцаў.

У 1945 г. Самасір увайшоў у склад Інданезіі.

Інфраструктура Традыцыйна батакі Самасіра займаюцца сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Працуе ферма па гадоўлі рыбы. У апошнія дзесяцігоддзі найбольш імкліва развіваецца турызм. Фактычна, Самасір і возера Тоба з’яўляюцца самымі прыцягальнымі аб’ектамі турыстычнай галіны на Суматры. Турыстаў прыцягваюць лагодны клімат, прыгажосць мясцовых пейзажаў, а таксама культурная спадчына батакаў. На востраве пабудавана этнаграфічная вёска, арганізуюцца фестывалі і экалагічныя экскурсіі.

Галоўны турыстычны цэнтр Тук-Тук, а таксама вёскі Сіманінда, Амбарыта (Амбарытра) і Тамок звязаны сталай паромнай пераправай з горадам Парапат на ўсходнім беразе возера. Горад Пангуруран на Самасіры звязаны з заходнім берагам дарогай. Наогул, на востраве пабудавана даволі развітая сетка камунікацый.

Галерэя

Спасылкі samosirtourism.com Toba caldera and the remains of ancient super-eruptions Shigehiro IKEGAMI, Historical Changes of Toba Batak Reburial Tombs

Катэгорыя:Астравы Інданезіі Катэгорыя:Азёрныя астравы