Жыліцкая сядзіба — палацава-паркавы комплекс Булгакаў, помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Жылічах паблізу Добасны ў Кіраўскім раёне. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння.

Гісторыя

Рэзідэнцыя заможнага шляхціча, бабруйскага павятовага маршалка Ігнацыя Булгака (1798—1848), пабудавана ў 1830-я гады на яго заказ па праекце архітэктара Караля Падчашынскага на беразе Добасны.

Палац будаваўся ў два прыёмы, спачатку ўзведзены галоўны П-падобны корпус, а ў 1864—1876 гадах прыбудавана доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла паўадкрыты ўнутраны двор. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца дабудавана ў 1914 годзе.

Першымі работамі з 1825 года кіраваў навучэнец Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі.

У 1848 годзе пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў яго малодшаму сыну Эдгару. Пры палац дабудаваны — два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй і службовымі памяшканнямі. Будаўніцтвам, імаверна, кіраваў Караль Падчашынскі.

Апошні ўладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара — Эмануэль Булгак, памёр у міжваенны час у Польшчы.

Пасля кастрычніцкага перавароту і нацыяналізацыі маёмасці ў 1920 годзе ў палацы размяшчаўся дзіцячы дом. Калекцыя жывапісу Булгакаў была часткова перададзена ў гісторыка-мастацкі музей. Падчас Першай або Другой сусветнай вайны значная частка сямейнага архіва і карцін, верагодна, была вывезена ў Арол у Расіі. На сённяшні дзень у Арлоўскім музеі выяўленчых мастацтваў знаходзяцца чатыры партрэты прадстаўнікоў роду Булгакаў, у тым ліку творы Яна Дамеля.

У 1930-я гады ў будынку размясціўся заатэхнічны тэхнікум. Падчас Другой сусветнай вайны разабрана паўднёвае крыло палаца, у якім размяшчалася ўнікальная аранжарэя. Палац ператварылі ў нямецкі шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдатДворец Булгака .

Пасля 2-й сусветнай вайны ў палацы размяшчалася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля будаўніцтва для школы новага памяшкання, палац пачаў занепадаць. На першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў. У 1973 годзе архітэктар Я. Курто распрацаваў праект рэстаўрацыі, які пазней рэалізаваны. Станам на 2024 год тут размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, арганізаваныя ў 1996 годзе.

Да цяперашняга часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся адпаведна прызначэнню, астатнія разбураліся.

Рэстаўрацыя комплексу была распачата ў 2009 годзе, планавалася завяршыць яе да 2015 года. У палацы мусяць размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэкаПервая очередь реставрации Жиличского дворцово-паркового ансамбля открыта в Кировском районе.

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, капітальныя выдаткі на захаванне якіх могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэтуПостановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей .

Архітэктура

Рэзідэнцыя — даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. Акрамя палаца з паркам, у склад уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы з рыбнай гаспадаркай. Таксама быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы.

Палац

Палац — у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара з франтонам, дэкараваным ляпным гербам, і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі.

Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Планіроўка змешаная, калідорна-анфіладная.

Інтэр’ер

Распрацоўку ўнутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму. Унутранае аздабленне насычана ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі. Кожны са 100 пакояў дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй.

Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

Парк

Палац з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку складае 18 га, а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае рака Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне, астатняя частка — пейзажны характар.

Стварэнне садова-паркавага комплексу пачалося адначасова з будаўніцтвам палаца ў 1825—1826 гадах і было сумесным праектам Ігнація Булгака і яго цесця Іосіфа Слізня. Да 1830 года ўжо былі закладзены парк, фруктовыя сады і аранжарэя, а алеі з ліп, бяроз, таполяў, грабаў і елак абаранялі пладовыя сады ад паўночных вятроў. Жонка Ігнація, Ізабела, якая атрымала добрую адукацыю ў родавым маёнтку Мсціж і разбіралася ў садова-паркавым мастацтве, брала актыўны ўдзел у кіраванні і падборы раслін. Яна кантралявала работу нанятых замежных садаводаў (Бланка, пазней Гебхарта з Рыгі і Карася), выпісвала з Мсціжа ружы, нарцысы, цюльпаны і кусты агрэста. Увосень 1831 года была завершана аранжарэя, у якую адразу пачалі высаджваць экзатычныя расліны, у тым ліку лімонныя і памяранцавыя дрэўцы. Увесну 1832 года Ігнацій Булгак асабіста прывёз з Рыгі вялікую колькасць кветкавага насення для афармлення клумбаў параднага двара (курданёра).

Сёння парк з'яўляецца важным элементам гістарычнага ландшафту, і ў ім дагэтуль захаваліся экзатычныя насаджэнні, у тым ліку , , , і іншыя.

Крыніцы

Літаратура

Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s. Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9. Памяць: гісторыка-дакумент. хроніка Кіраўскага раёна.-Мн.: Выш. шк., 1997.-С. 108—115.

Спасылкі

«Жиличский Версаль» — інтэрнэт-праект Магілёўскай абласной бібліятэкі аб палацава-паркавым ансамблі Булгакаў.

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Кіраўскага раёна Катэгорыя:Палацы Беларусі Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Булгакі герба «Сыракомля» Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Жылічы (аграгарадок) Катэгорыя:Славутасці Кіраўскага раёна