Усомля — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Тураўлянка, за 14 км на паўднёвы захад ад Полацка каля вёскі Усомля.
Плошча паверхні возера 2,03 км². Даўжыня 2,1 км, найбольшая шырыня 1,7 км. Найбольшая глыбіня 3,2 м, сярэдняя 1,9 м. Даўжыня берагавой лініі 7 км. Аб’ём вады 3,9 млн. м³. Плошча вадазбору 8,6 км².
Катлавіна возера Усомля тэрмакарставага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 7—9 м (на паўночным захадзе да 5 м). Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, на ўсходзе і поўдні возера сплавінныя (шырыня сплавіны да 150 метраў). На паўночным захадзе і паўднёвым усходзе берагі возера абразійныя і стромкія. Дно да глыбіні 1,3—2 м пясчанае, месцамі ілістае, на большых глыбінях выслана сапрапелем. На возеры востраў плошчай 0,003 км². Зарастае да глыбіні 1,4 м. прыбярэжная расліннасць распаўсюджваецца на адлегласці 15—170 м ад берага.
Возера эўтрофнае. На захадзе ўпадае пратока з возера Красна, на ўсходзе выцякае ручай у возера Канашы.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, карась, краснапёрка, плотка, акунь, карп і іншыя віды рыб.
Літаратура
Спасылкі Возера Усомля
Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Полацкага раёна