Ку́блічы (, ) — аграгарадок ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Кубліцкага сельсавета. Насельніцтва 412 чал. (2000). Знаходзяцца за 20 км ад Ушачаў.
Гісторыя Упершыню Кублічы згадваюцца ў XV стагоддзі. Мясцовасць уваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. У 1511 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары падараваў 2 службы «людзей путных у Кублічах» полацкім баярам М. і І. Невяльскім. У 1552 годзе маёнтак і двор Кублічы — уладанне Ф. Кубліцкага: «3 дымы к тому двору ему конем служат. 14 дымоў вольных людзей дают яму всякого збожжа четвертую долю». У 1593 годзе Кублічы сталі цэнтрам воласці. У пачатку XVII стагоддзя мясцовасць перайшла ў валоданне Сяляваў. У 1622 годзе архімандрыт Нікан Сялява з братамі прадаў маёнтак ротмістру І. Палозчыку.
20 мая 1642 года полацкі стольнік Юзаф Кляноўскі фундаваў у Кублічах касцёл Дабравешчання Дзевы Марыі. З 1667 года маёнтак знаходзіўся ва ўладанні полацкага гараднічага І. Кубліцкага, з 1719 — Гушчаў. У 1783 годзе замест спарахнелага драўлянага ўзвялі новы мураваны касцёл.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кублічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Паводле інвентару, на 1846 год у двары Кублічы было 20 двароў, аднайменны маёнтак складаўся з 15 вёсак і належаў П. Сяляву (2241 дзесяціна зямлі). У 1846 годзе ў мястэчку адкрылася народнае вучылішча, пры якім збудавалі інтэрнат на 44 вучні. Мелася царкоўна-прыходская школа. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) 22 лістапада 1867 года расійскія ўлады гвалтоўна перабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Станам на 1880 год у Кублічах існавала валасная ўправа, 2 праваслаўныя царквы, 3 яўрэйскія школы, бровар, 2 гарбарныя заводы, заезны двор, 17 крам, праходзілі 3 кірмашы (2 лютага, 29 чэрвеня, 1 кастрычніка) і штотыднёвы торг у сераду. У пачатку XX стагоддзя — 128 двароў.
Падчас польскай акупацыі, з 9 лютага 1920 года Кублічы з’яўляліся часовым адміністрацыйным цэнтрам Лепельскага павета Мінскай акругі Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямельDz. Urz. ZCZW z 1920 r. Nr 9, poz. 149..
20 жніўня 1924 года Кублічы сталі цэнтрам сельсавета Ушацкага раёна. У 1930-я гады ў мястэчку працавала кузня. У 1938 годзе статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1941 год у вёсцы быў 141 двор, на 1969 года — 123 двары, на 2000 год — 180 двароў. У 1948 годзе знішчаны колішні касцёл XVIII стагоддзя. У 1954 годзе на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан на плошчы паставілі абеліск.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1838 год — 376 чал. (203 муж. і 173 жан.), з іх шляхты 3 муж. і 4 жан., духоўнага саслоўя каталіцкага 2 муж., духоўнага саслоўя праваслаўнага 2 муж. і 3 жан., мяшчан-іўдзеяў 112 муж. і 94 жан., сялян памешчыцкіх 29 муж. і 30 жан., сялян скарбовых 50 муж. і 42 жан., аднадворцаў 3 муж., адстаўных салдат 2 муж.; 1846 год — 87 чал. у двары Кублічы; 1880 год — 120 чал. у двары Кублічы; 1883 год — 765 чал. у мястэчку Кублічы, у тым ліку 556 іўдзеяў XX стагоддзе: 1926 год — 103 чал. у двары Кублічы; 1941 год — 310 чал.; 1969 год — 361 чал.; 2000 год — 412 чал..
Інфраструктура У Кублічах працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, пошта.
Эканоміка Лясніцтва, фермерскія гаспадаркі.
Турыстычная інфармацыя
Славутасці Гарадзішча (IV ст. да н.э. — III ст. н. э.) — Могілкі: старыя; старыя хрысціянскія; яўрэйскія Брацкая магіла (1941—1944), вул. Савецкая —
Страчаная спадчына Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XVIII ст.; захаваліся падмуркі і рэшткі муроў) Сядзібна-паркавы комплекс Сяляваў (XVIII ст.) Царква Святых Кузьмы і Дзям’яна
Выбітныя асобы Павел Іванавіч Ягужынскі (1683—1736) — рускі дзяржаўны дзеяч і дыпламат, паплечнік Пятра I. Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі (1816—1884) — беларускі пісьменнік-дэмакрат. Пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Якаў Львовіч Плаўнік (1916—1979) — савецкі паэтhttps://stihi1941-1945.ru/item/plavnik-abram.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Кубліцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Ушацкага раёна Катэгорыя:Мястэчкі Полацкага ваяводства