Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры — навуковы цэнтр у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у складзе Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў. Асноўнай мэтай Цэнтра з’яўляецца правядзенне навуковых даследаванняў у галінах мастацтвазнаўства, этнаграфіі, этналогіі, фалькларыстыкі, мовы і літаратуры. Цэнтр з’яўляецца дзяржаўнай юрыдычнай асобай.

Гісторыя Створаны ў 2012 годзе ў выніку аб’яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. У 2015 была адноўлена дзейнасць Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якія разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ўвайшлі ў склад Цэнтра ў якасці філіялаў.

На 1 мая 2015 колькасць супрацоўнікаў Цэнтра складала 203 чал., у тым ліку 2 акадэмікі, 5 членаў-карэспандэнтаў, 27 дактароў навук, 89 кандыдатаў навук.

Дырэктары Аляксандр Іванавіч Лакотка (2012—2025) Вольга Мікалаеўна Папко (з 2025)

Кірункі дзейнасці Вывучэнне этнакультурных працэсаў на тэрыторыі Беларусі; міжэтнічных сувязей беларусаў, рускіх, украінцаў і іншых народаў у сферы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Распрацоўка праблем гісторыі і тэорыі беларускага мастацтва, антрапалогіі культуры. Вывучэнне сістэмы беларускай мовы на розных этапах яе развіцця. Правядзенне сацыялінгвістычных, супастаўляльных і параўнальна-тыпалагічных даследаванняў. Падрыхтоўка слоўнікаў беларускай мовы, у тым ліку перакладных беларуска-іншаславянскіх і іншаславянска-беларускіх. Выяўленне і аналіз асноўных тэндэнцый і заканамернасцей гістарычнага і сучаснага літаратурнага працэсу. Вывучэнне праблем гісторыі літаратуры і літаратурных сувязей у славянскім свеце і за яго межамі. Даследаванне літаратурнай спадчыны Беларусі, у тым ліку падрыхтоўка акадэмічных выданняў збораў твораў класікаў беларускай літаратуры, літаратурных помнікаў.

Спасылкі Сайт Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Сайт Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Сайт Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Сайт Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы

Крыніцы

Катэгорыя:Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Катэгорыя:Інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі