Заці́рка — у беларусаў традыцыйная рэдкая страва (суп) з мукі. Жытнюю, пшанічную або грэцкую муку крута замешваюць або пераціраюць з яйкам (часам з крухмалам) і вараць на вадзе або малацэ. Зацірку, прыгатаваную на вадзе, заскварваюць, запраўляюць алеем, забельваюць малаком.
Гісторыя і роля ў культуры Назва супу паходзіць ад яго галоўнага інгрэдыента — невялікіх камякоў цеста, якія называюцца «заціркі» або «зацеркі», бо іх атрымліваюць шляхам перацірання мукі з вадой ці яйкам.
У сярэдзіне XIX стагоддзя зацірка фіксуецца як адна з самых распаўсюджаных штодзённых страў. Этнограф Адам Ганоры Кіркор у 1857 годзе адзначаў яе сярод звычайнай паўсядзённай ежы віленскіх сялян, разам з кашай і халадніком.
Гісторык беларускай кухні Алесь Белы адзначае, што сімвалізм заціркі даволі супярэчлівы. З аднаго боку, яна лічылася таннай ежай беднякоў і жабракоў - гэты матыў, у прыватнасці, яскрава адлюстраваны ў вядомым апавяданні Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі». Зацірка ратавала ад голаду і ў пазнейшыя часы, напрыклад, яе часта варылі вязні Мінскага гета, калі ўдавалася здабыць трохі мукі. З іншага боку, у заможных дамах такія клёцкі-заціркі часта нарыхтоўвалі ў запас і сушылі ў палатняных мяшэчках, якія падвешвалі да бэлькі, што якраз сведчыла пра дабрабыт і дастатак у сям'і.
Сёння ў Польшчы заціркі () масава выпускаюцца харчовай прамысловасцю як звычайны макаронны выраб, таму адпала неабходнасць заціраць іх рукамі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Стравы Катэгорыя:Беларуская кухня Катэгорыя:Супы Катэгорыя:Стравы з мукі