Плябанія — помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў Нясвіжы, узор жыллёвай архітэктуры XVIII ст. На працягу ўсёй гісторыі існавання будынак выкарыстоўваўся як жылы дом ксяндза-плябана.

Гісторыя

Будынак плябаніі разам з гаспадарчымі пабудовамі ўзведзены пасля 1773 г. па фундацыі М. К. Радзівіла непадалёк ад касцёла Божага Цела, калі той стаў фарным.

Менавіта ў гэты будынку меркавана размяшчалася ў 1750—1790-я гг. Нясвіжская друкарня. У 1800 г. размешчаныя насупраць плябаніі будынкі былога езуіцкага калегіума былі адведзены ваеннаму ведамству. Па дамоўленасці з ксяндзом у 1800—1820-я гг. верхні паверх плябаніі здаваўся пад жыллё вышэйшым ваенным чынам.

На будынку ў 1972 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сымону Буднаму. У 1982 г. побач з будынкам пастаўлены помнік Сымону Буднаму (скульптар С. Гарбунова, арх. Ю. Казакоў).

У наш час у будынку размяшчаецца таксама друкарня раённай газеты (вул. Міцкевіча, 5).

Архітэктура У архіўным дакуменце 1822 г. плябанскі дом характарызаваўся як мураваны двухпавярховы. Усіх акон налічвалася 30. Унутры было 15 пакояў, 2 калідоры, 4 кладоўкі, усіх 9 печак і 2 каміны. Пад будынкам існавалі два вялікія скляпы. Над парадным ганкам меўся балкон.

На двары плябаніі (па сучаснай вул. Ленінскай) асобна размяшчалася кухня. Уяўляла сабой аднапавярховы мураваны атынкаваны дом, накрыты жалезам. У будынку было восем акон. У 2-й палове XIX ст. да прамавугольнай ў плане плябаніі было далучана вуглавое жылое Г-падобнае крыло, якое злучыла жылы дом з кухняй. Гаспадарчыя будынкі і пральня былі драўляныя. Двор з вялікім пладовым садам быў абнесены з аднаго боку мураванай, з астатніх — драўлянай агароджай.

У выніку пазнейшых перабудоў плябанскі дом, пабудаваны ў стылі барока, набыў рысы класіцызму.

Існуючы кампактны двухпавярховы будынак плябаніі накрыты вальмавым дахам. Плоскасныя фасады рытмічна члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Уваход у плябанію прарэзаны па цэнтры галоўны фасада і вылучаны двухкалонным порцікам пад двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам.

На дваровым фасадзе зберагліся фрагменты вялікіх паўцыркульных арачных ніш на другім паверсе, якія нагадваюць пра рэнесансную аркаду, чые праёмы былі закладзены падчас перабудовы. На арачную галерэю выходзілі ўсе памяшканні. Паміж нішамі на ўсю вышыню другога паверха праходзяць пілястры. Цэнтральная частка сцяны на даху вылучана трохвугольным франтонам з маленькім круглым акном-продухам. Унутраная планіроўка плябаніі зменена.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Славутасці Нясвіжа Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Нясвіжа Катэгорыя:Жылыя будынкі Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Нясвіжа ў стылі барока Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Плябаніі