Гінкга (Ginkgo) — манатыпны род голанасенных раслін сямейства гінкгавых, вядомы адзін від — гінкга двухлопасцевы (Ginkgo biloba). Старажытны рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геалагічны ўзрост віду каля 50 млн гадоў).

Апісанне left|thumb|left|Парасткі на галіне. Двухдомнае лістападнае дрэва вышынёй да 30—40 м і дыяметрам ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзісіая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, з паўкруглай пласцінкай і характэрным жылкаваннем, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках, ападае на зіму. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см), з мясістай вонкавай і цвёрдай унутранай абалонкай.

left|thumb|Драўніна. Мае парасткі двух тыпаў — падоўжаныя (аўксібласты) і пакарочаныя (брахібласты). На падоўжаных парастках лісты размешчаны адзіночна, на пакарочаных — сабраны пучкамі па 5—7. Анатамічная будова сцябла тыповая для хвойных: слабаразвіты асяродак, другасная драўніна пікнаксільная (шчыльная) з трахеід i асяродкавых прамянёў, камбій, кара.

Пашырэнне У мезазоі гінкгавыя былі шырока распаўсюджаны на зямлі (Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвае паўшар’е). Выміранне гінкгавых пачалося з мелавога перыяду.

Пашыраны ў Паўднёва-Усходняй Азіі (Усходні Кітай, Японія), утварае лясы з іншымі дрэвамі. На тэрыторыі Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900 года) як дэкаратыўная расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.

Асаблівасці біялогіі Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Светлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў від, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны, працягласць жыцця да 800, а па некаторых звестках — 2500 і больш гадоў.

Расліна двухдомная. Мужчынскае «суквецце» мікрастробіл мае выгляд каташка. Каташкі размешчаны на верхавіне скарочанага парастка. На восі каташка размешчаны мікраспарангіяфоры. Кожны мікраспарангіяфор нясе звычайна 2, радзей 3—7 мікраспарангіяў. Мікраспоры без паветраных мяшкоў. Мікраспоры прарастаюць у зарастак яшчэ ўнутры мікраспарангія. Прарастанне мікраспоры гінкга, працэс утварэння мужчынскага гаметафіта, апладненне, фарміраванне зародка і насення ў цэлым падобна на сагаўнікавыя.

Семязавязі ў колькасці двух развіваюцца на верхавіне скарочанага парастка. Кожная семязавязь акружана ў аснове кальцавым валікам. Спее ўвосень у год апылення. Пасля выспявання ападае цалкам.

Выкарыстанне

Драўніна трывалая, лёгкая і мяккая, выкарыстоўваецца для вырабу прадметаў быту і ў мэблевай вытворчасці. Каштоўная лекавая расліна (лісце і насенне). Насенне ядомае. Высокадэкаратыўная расліна.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Голанасенныя Катэгорыя:Дрэвы Катэгорыя:Дэкаратыўныя расліны Катэгорыя:Лекавыя расліны Катэгорыя:Манатыпныя роды раслін Катэгорыя:Флора Усходняй Азіі Катэгорыя:Энтэагены Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1771 годзе