О́баль — рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі, правы прыток Дзвіны.

Назва Паводле К. Бугі, праз прамежкавае Объль да формы тыпу латышскіх гідронімаў Abula, Abuls, але магчымая форма і Abal-.

Гідраграфія Даўжыня ракі 148 км. Плошча вадазбору 2690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. Агульнае падзенне ракі 55 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 м/км. Выцякае з возера Езярышча каля гарадскога пасёлка Езярышча, цячэ па Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах у межах паўночна-заходняй часткі Гарадоцкага ўзвышша і па паўночна-ўсходняй частцы Полацкай нізіны. Вусце за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Новыя Гараны Полацкага раёна. Рака зарэгулявана Ключагорскім вадасховішчам, працякае праз возера Обаль. Найвышэйшы ўзровень разводдзя каля гарадскога пасёлка Обаль у 1-й дэкадзе красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 4,6 м, найбольшая 7,3 м (1956). Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы ледаход 4 сутак.

Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 300—600 м (найбольшая 2,5 км паміж вёскамі Малое Цешава і Канавалава Гарадоцкага раёна); у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае; шырыня яе да ўпадзення ракі Свіна 400—800 м, ніжэй — 100—200 м. Рэчышча звілістае, шырынёй 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім.

У басейне ракі азёры: Езярышча, Нямельчык, Сцернік, Красянец, Кім, Апукава, Обаль, Белае, Бярнова, Чорнае, Вялікая Восмата, Верына, Церабаўля, Чарнова, Чарноўка, Жодзень, Расалай, Свіно, Званае, Астравіта, Ужо, Сцернік, Заляшно́, Мошня, Жужнева, Летняе, Капенец, Красамай, Канаплянка, Ценіца, Еськіна, Жужаліца, Вокнішча і іншыя.

Асноўныя прытокі Справа: Свіна, Ценіца, Глыбачка, Рэчыца, Марынец, Дзіваць. Злева: Чарнуйка, Чарнаўка, Конскі, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць, Круцік.

На рацэ Гарадскія пасёлкі: Обаль.

Вёскі: Ламаносава, Жалудова (былая), Канавалава, Вясніцкія, Пралетарск, Іванаўка, Ставіца, Казьяны, Обаль, Грудзінава і інш.

Вадасховішчы: Ключагорскае.

ГЭС: Ключагорская (закінутая).

На левым беразе ракі за 1 км ад вёскі Кісялі (Гарадоцкі раён) на вяршыні ўзгорка (мясцовая назва Прыстань) археалагічны помнік (гарадзішча) VIII—X стагоддзяў. —

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Рака Обаль // Белорусский Посейдон

Катэгорыя:Прытокі Заходняй Дзвіны Катэгорыя:Рэкі Гарадоцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Шумілінскага раёна