Нясві́жская Бі́блія або Бі́блія Сымо́на Бу́днага — пераклад з моў арыгіналаў на польскую ўсёй Бібліі, зроблены біблеістам і навукоўцам Сымонам Будным для ўжывання ў набажэнствах Польскімі братамі. Перакладзена ў Нясвіжы і надрукавана ў Заслаўі або Уздзе ў 1572 годзе Мацеем Кавячынскім.
Сымон Будны, «найвыдатнейшы гебраіст XVI стагоддзя», быў прыхільнікам літаральнага перакладу Святога Пісання, таму меў шмат заўваг да выдадзенай у 1563 годзе польскімі кальвіністамі Берасцейскае Бібліі. Лічыў, што ў яе ўведзены перайначаныя фармулёўкі, якія датычаць Ісуса (на думку арыяніна Буднага, Хрыстос быў толькі дасканалым чалавекам, а не Богам) і тое, што іхняя Біблія і так была перакладам з французскім і лацінскіх перакладаў, а не з арыгінальных тэкстаў.
Польскія браты, якія ўсё далей аддаляліся ад кальвіністаў, замовілі Буднаму і яго супрацоўнікам «выпраўленне» тэксту Брэсцкае Бібліі і прыняцце яго заўваг. Аднак Будны заняўся ўласным перакладам яўрэйскага і грэчаскага арыгіналаў і апокрыфаў. Асноўную частку перакладу здзейсніў ён сам, нягледзячы на саслабелы зрок і процістаянне з боку нясвіжскіх Радзівілаў (якія вярнуліся ў каталіцтва). Каб захаваць даслоўнасць і ў той жа час дайсці да польскага чытача, Будны ўвёў некалькі гебраізмаў (напрыклад, транскрыпцыю імёнаў замест традыцыйных адпаведнікаў) і неалагізмаў (напрыклад, упершыню выкарыстаў такія словы, як «раздзел», «намёт» і да т. п., якія цвёрда замацаваліся ў польскай мове). Ва ўсім Старым Запавеце Будны перад іменем Бога ўвёў тэтраграму ў форме «Іегова». Дадаткова прыбраў усе згадкі пра боскую сутнасць Ісуса, палічыўшы іх пазнейшымі дадаткамі (у некаторых месцах пазней вярнуў). Даслоўнасць перакладу і агульная антыпатыя да «арыян» сталі вынікам таго, што Нясвіжская Біблія выкарыстоўвалася амаль выключна толькі Польскімі братамі.
Аднак выдаўцы Нясвіжскай Бібліі без згоды Сымона Буднага правялі ў тэксце Новага Запавету пэўныя змяненні. Таму Будны, які не ўхваліў гэтых змен, выдаў новы пераклад Новага Запавету пад сваім імем у Лоску ў 1574 годзе. У ім ён 11 разоў змясціў Божае імя «Іегова»Мц. 1,20; 1,22; 1,23; 2,13; 2,15; 2,19; 4,7; 4,10; 5,35; 22,37; 44 і прыбраў усе згадкі пра боскасць Ісуса.
Польскія браты ўсведамлялі, што пераклад Новага Запавету ў іхняй Бібліі недасканалы. Таму ў 1577 годзе выдалі Новы Запавет у перакладзе Марціна Чаховіча, а ў 1606 годзе ў Ракаўскай акадэміі яшчэ і Новы Запавет у перакладзе Валентыя Шмальца.
Большасць асобнікаў Бібліі Сымона Буднага загінула падчас Контррэфармацыі.
Спасылкі
Евангелле паводле Мацвея і кніга Роду ў электронным варыянце Лічбавая версія з Асалінеума
Катэгорыя:Сымон Будны Катэгорыя:Пратэстанцкія пераклады Бібліі Катэгорыя:Гісторыя Нясвіжа Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Кнігі 1572 года