Ле́ксіка ( які адносіцца да слова) — сукупнасць слоў, слоўнікавы склад мовы безадносна да паходжання слоў, часу іх узнікнення, стылістычнай і экспрэсіўнай дыферэнцыяцыі.

Таксама гэтым тэрмінам азначаюць розныя пласты слоў у мове, якія вылучаюцца паводле тых ці іншых прыкмет: літаратурная лексіка, дыялектная лексіка, лексіка асобных пісьменнікаў або твораў, лексіка агульнаўжывальная, кніжная, стылістычна нейтральная, экспрэсіўная і г.д.

Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і іншыя лінгвістычныя дысцыпліны. Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.

Асаблівасці Ад іншых моўных узроўняў (фаналогіі, марфалогіі, сінтаксісу) лексіка адрозніваецца сваімі больш цеснымі і непасрэднымі сувязямі з рэчаіснасцю, больш высокай рухомасцю і зменлівасцю ў часе, няпэўнасцю межаў у кожны канкрэтны момант свайго існавання, адкрытасцю і пранікальнасцю для слоўных наватвораў, часавай і прасторавай усеабдымнасцю абазначаных словамі прадметаў, паняццяў і з’яў, шматлікасцю лексічных адзінак у слоўнікавым складзе жывой мовы.

Класіфікацыя Паводле пэўнай прыкметы, што кладзецца ў аснову вылучэння, лексіка падзяляецца на шэраг вялікіх груп слоў.

Паводле нарматыўнасці Паводле нарматыўнасці ўсе беларускія словы адносяцца да: літаратурнай лексікі (агульнаўжывальная, агульнанародная і інш.); нелітаратурнай лексікі: дыялектная, устарэлая (архаізмы, гістарызмы), новая (неалагізмы, аказіяналізмы), тэрміналагічная і вытворча-прафесійная лексіка (тэрміны, наменклатурныя назвы, прафесіяналізмы).

Паводле паходжання Паводле паходжання словы адносяцца да: спрадвечнай лексікі (індаеўрапейская, агульнаславянская, усходнеславянская, уласнабеларуская); запазычанай лексікі з іншых моў; агульнай для шмат якіх моў лексікі.

Паводле стылістычнай афарбоўкі Паводле стылістычнай афарбоўкі вылучаюць: кніжную лексіку (тэрміналагічная, гістарычная, паэтычная і іншыя); размоўную лексіку (прастамоўная, жаргонная, вульгарна-лаянкавая, арго).

Паводле эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэнкі Паводле эмацыянальна-экспрэсіўных магчымасцей словы адносяць да: нейтральнай лексікі (словы, што ўжываюцца ў любых стылях і кантэкстах); канатацыйна-экспрэсіўнай лексікі (абразлівая, узнёслая, фамільярная і іншыя).

Паводле сферы выкарыстання Паводле сферы выкарыстання лексіку падзяляюць на афіцыйна-дзелавую, бытавую, дзіцячую, студэнцкую і іншую.

Паводле адраснай характарыстыкі Паводле адрасатнай характарыстыкі вылучаюць лексіку паэтычную, пэўнага твора (напрыклад, лексіка паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа), аўтара і інш.

Паводле ступені ўжывальнасці Паводле ступені ўжывальнасці словы падзяляюць на: актыўную лексіку; пасіўную лексіку.

Гл. таксама Абсцэнная лексіка Беларуская лексіка

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Лексікалогія