На́ціск, або акцэ́нт у мовазнаўстве — выдзяленне пэўных адзінак у маўленні з дапамогай фанетычных сродкаў. Звычайна пры дапамозе націску вылучаюць склады, а таксама словы і словазлучэнні.

Націск вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Фанетычная рэалізацыя Паводле асноўных сродкаў выдзялення націск бывае: дынамічны (сілавы, экспіраторны), колькасны (квантытатыўны), музычны (танічны).

Пры дынамічным націску элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення. Дынамічны націск уласцівы чэшскай, польскай, французскай, іспанскай, італьянскай, башкірскай, татарскай і іншым мовам

Пры колькасным націску элемент вылучаецца падаўжэннем выдзеленага элемента. Колькасны націск у чыстым выглядзе практычна не існуе і пераважае толькі ў інданезійскай мове.

Пры музычным націску адбываецца павышэнне або паніжэнне тону голасу на выдзеленым элеменце. Музычны націск характэрны для карэйскай, японскай, некаторых афрыканскіх і іншых моў.

Часцей за ўсё ў мовах ужываецца змешаны тып націску: дынамічна-колькасны (беларуская, руская і іншыя мовы), дынамічна-музычны (нямецкая мова) або музычна-дынамічны (латышская, нарвежская і іншыя мовы).

Элементы націску Паводле элемента, які выдзяляецца, націск бывае: слоўны — выдзяляе адзін склад у слове; тактавы, або сінтагматычны, — аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы; фразавы — выдзяляе адно са слоў у фразе.

Існуе таксама і своеасаблівы від націску — лагічны (сэнсавы), які заключаецца ў вылучэнні пэўнай часткі сказа (звычайна слова). Лагічны націск выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі змест маўлення патрабуе звярнуць увагу суразмоўцы на пэўныя часткі выказвання. Звычайна з яго дапамогай у сказе выдзяляецца тое або іншае слова, істотнае з сэнсавага боку, на якім павінна канцэнтравацца ўся ўвага. Лагічны націск утвараецца шляхам пераносу сінтагматычнага (тактавага) націску з апошняга слова ў сінтагме на іншае слова.

Слоўны націск Слоўны націск бывае: фіксаваны (сталы, аднамесцавы), свабодны (нефіксаваны, разнамесцавы).

Фіксаваны націск заўсёды знаходзіцца на адным складзе ад пачатку або ад канца слова. Так, у чэшскай, славацкай, эстонскай, латышскай, фінскай, венгерскай, мангольскай, чачэнскай мовах націск ставіцца на першым складзе слова; у лезгінскай — на другім; у польскай, грузінскай, большасці інданезійскіх моў — на перадапошнім; у французскай, армянскай — на апошнім складзе.

Свабодны націск прыпадае на розныя склады ў словах. Такі націск уласцівы беларускай, рускай, украінскай, балгарскай, сербскай, харвацкай, нямецкай, англійскай, іспанскай і іншым мовам.

Фіксаваны і свабодны націск бывае: рухомы — у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі; нерухомы — заўсёды на адным складзе.

Адной з найважнейшых функцый рухомага націску з’яўляецца дыферэнцыяльная. Ён служыць для адрознення слоў (му́зыка — музы́ка, пры́клад — прыкла́д, пры́мус — прыму́с), словаформаў (ру́кі — рукі́, но́гі — нагі́, выкліка́ць — вы́клікаць), а таксама стылістычных варыянтаў слова (ва́дзіць «шкодзіць», разм. — вадзі́ць; па́ліва — палі́ва «шклопадобнае пакрыццё ў кераміцы», спец.).

Апрача асноўнага, у некаторых мовах бывае пабочны націск (у беларускай мове толькі ў складаных словах: лѐсанарыхто́ўка).

Слоўны націск адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы.

У беларускай мове У беларускай мове націск дынамічна-колькасны, свабодны, можа быць на першым складзе (ве́сніцы, жы́тнішча), другім (крапі́ўніца, ціка́віцца), трэцім (палаўча́нка, хвалява́нне), чацвёртым (маладзіко́вы, словазлучэ́нне), пятым (неаднаразо́вы, перасцерага́льны), шостым (заводакіраўні́цтва, характарызава́цца).

Беларускай лексіцы ўласцівыя рухомы (капа́ць — вы́капаць) і нерухомы (тво́р — тво́раў) націск.

Службовыя словы самастойнага націску не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі (за⁀морам, без⁀грошай), а ў другім — энклітыкамі (знайшоў⁀жа, прачытаць⁀бы).

Гл. таксама Акут Гравіс

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Фанетыка