Беларуская праваслаўная царква, другая афіцыйная назва Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату — кананічнае царкоўна-адміністрацыйнае аб’яднанне праваслаўных епархій у межах Беларусі.
Дзейнасць Паводле 9-га артыкула Статута, Беларуская праваслаўная царква ажыццяўляе: набажэнствы, чынапаследаванні, таінствы, абрады, шэсці, урачыстасці і пашырэнне рэлігійнай літаратуры ў цэрквах, капліцах, месцах паломніцтва і на могілках, у бальніцах і турмах, прытулках для дзяцей, састарэлых і інвалідаў, вайсковых частках і на караблях; пашырэнне праваслаўнага веравучэння, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, асабліва ўласныя; прапаведніцтва, дабрачыннасць і прадпрымальніцтва; навучанне і выхаванне; аздараўленне, ладжанне паломніцтва і правядзенне рэлігійных нарад і з’ездаў; вытворчасць, набыццё і пашырэнне рэлігійнай літаратуры, гуказапісаў і відэа, абрадавых прадметаў і адзення святароў.
Кіраванне Сінод ( — сход). Паводле 14-га артыкула Статута БПЦ, «складаецца з архірэяў ( — старэйшы жрэц), якія кіруюць праваслаўнымі епархіямі, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Згодна з 17-м артыкулам, зацвярджае статуты БПЦ, епархій і стаўрапігіяльных манастыроў. Выбірае епархіяльных архірэяў і стварае падпарадкаваныя ўстановы, у тым ліку прадпрыемствы. Зацвярджае «Уставу на царкоўны суд БПЦ». Прызначае рэктараў духоўных вучылішчаў і ігуменаў манастыроў. Прызначае склад Рэвізійнай камісіі. Згодна з 12-м пунктам XII артыкула «Экзархаты» Статута Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), «Епархіяльныя і вікарныя архірэі Экзархату абіраюцца і прызначаюцца Святым Сінодам (РПЦ) на прапанову Сінода Экзархату». Экзарх ( — намеснік). Паводле Статута БПЦ, з’яўляецца архімандрытам Жыровіцкага манастыра Успення Багародзіцы (Слонімскі раён, Гродзенская вобласць). Склікае Сінод і зацвярджае прысуджэнне царкоўных навуковых ступеняў і званняў. Згодна з 9-м пунктам XII артыкула «Экзархаты» Статута РПЦ, «Экзарх абіраецца Святым Сінодам (РПЦ) і прызначаецца патрыяршым Указам».
На 2015 г. пры Сінодзе дзейнічала 17 аддзелаў і камісій: Кіраўніцтва справамі Мінскай экзархіі, Царкоўны суд, Выдавецкі савет; 10 аддзелаў: 1) узаемін царквы і грамадства, 2) інфармацыйны, 3) манастыроў і манаства, 4) справаў моладзі, 5) рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, 6) царкоўнай дабрачыннасці і грамадскага служэння, 7) паломніцкі, 8) узаемін з казацтвам, 9) узаемін з Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фармаваннямі Рэспублікі Беларусь, 10) турэмнага служэння; 4 камісіі: 1) кананізавання святых, 2) рэвізійная, 3) узнагарод, 4) пытанняў сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства.
Гісторыя
Гісторыя беларускай царквы пачынаецца з заснавання ў 992 годзе Полацкай епархіі. Да XIII ст. Беларуская праваслаўная царква складалася з 2 епархій — Полацкай і Тураўскай (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем Кіеўскай мітраполіі на праваслаўную царкву ў межах Вялікага Княства Маскоўскага і праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага (Літоўскую мітраполію з 1316 года) Полацкая, а з 1347 года і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад Літоўскай мітраполіі. У 1459 годзе адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне XVI ст. у склад Літоўска-Навагрудскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая Тураўская з кафедрай у Пінску Смаленская Чарнігаўская Галіцкая Пярэмышльская Холмская Луцкая Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—1475 гг.) Місаіл (1475—1480 гг.) Сімяон (1481—1488 гг.) Іона Глезна (1492—1494 гг.) Макарый (1495—1497 гг.) Іосіф І Балгарыновіч (1498—1501 гг.) Іона ІІ (1503—1507 гг.) Іосіф II Солтан (1508—1521 гг.) Іосіф ІІІ (1522—1534 гг.) Макарый ІІ (1534—1555 гг.) Сільвестр Бялькевіч (1556—1567 гг.) Іона Пратасевіч (1568—1577 гг.) Ілья Куча (1577—1579 гг.) Анісіфар (1579—1588 гг.) Міхаіл Рагоза (1589—1595 гг.). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.
Пасля Брэсцкай уніі 1596 г. праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў заснавана ў 1632 г. у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай праваслаўнай епархіяй у межах Беларусі да канца XVIII ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. заснавана Мінская епархія. У 1833 г. адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840 г.) і Гродзенская (1900 г.) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-расійскай царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пачатку 1-й паловы сусветнай вайны ў 5 праваслаўных епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыядычныя выданні. У Заходняй Беларусі, якая ў 1921 г. адышла да праваслаўнай епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 г. была ўтворана Беларуская праваслаўная мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—1927), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка савецкіх улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царкоўнае жыццё. Не існавала ніводная з кананічных беларускіх праваслаўных епархій. У час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі ў 1942 г. адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсея Беларусі Панцялеймон (Ражноўскі). У канцы 1941 г. у афіцыйных царкоўных дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Беларускую епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхата Рускай праваслаўнай царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна. Кіруючыя Мінска-Беларускія архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў) (1944—1945 гг.) мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў) (1945—1958 гг.) мітрапаліт Гурый (Ягораў) (1958—1961 гг.) мітрапаліт Антоній (Крацевіч) (16 сакавіка — 17 ліпеня 1961 гг.) архіепіскап Варлаам (Барысевіч) (1961—1963 гг.) мітрапаліт Нікадзім (Ротаў) (4 жніўня — 9 кастрычніка 1963 гг.) мітрапаліт Сергій (Пятроў) (1963—1965 гг.) мітрапаліт Антоній (Мельнікаў) (1965—1978 гг.) мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) (10 кастрычніка 1978 — 16 кастрычніка 1989).
thumb|250px|Паштовая марка «25 гадоў з часу ўтварэння Беларускага Экзархата»
У 1957 годзе Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пачатку 1960-х г. засталося 369 царкоўных прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была закрыта.
У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царкоўнага жыцця. Да 1992 года было адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. У 2004 г. таксама адноўлена Бабруйская епархія. Усе епархіі уваходзяць у Беларускі Экзархат. Усе кіруючыя епіскапы епархій (зараз іх 15) складаюць Сінод, якому належыць вышэйшая заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада (у межах, якія дазваляе Статут РПЦ і Статут БПЦ).
З часу стварэння Экзарахата ў 1989 г. Сінод узначальвае Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. На пачатак 2012 г. у Беларускай Праваслаўнай Царкве налічвалася 11 епархій, 13 епіскапаў (з іх 2 вікарныя), 1555 прыходаў, 14 мужчынскіх і 20 жаночых манастыроў, 1485 святароў, 166 дыяканаў.
Царкоўныя кадры рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская духоўная семінарыя, Віцебская духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча, Слонімскае духоўнае вучылішча, Рэгентскае вучылішча пры МінДС і іншыя адукацыяныя ўстановы. Таксама дзейнічае Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які рыхтуе тэолагаў і рэлігіяведаў.
Беларускі Экзархат выдае часопісы «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газеты «Могилёвские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і іншыя.
Епіскапат
На 2020 год у Беларускай праваслаўнай царкве служылі 17 архірэяў, з якіх 14 — епархіяльныя епіскапы, 1 — вікарны епіскап, 2 — архірэі на спачыне; 6 архірэяў мелі сан епіскапа, 8 — архіепіскапа, 2 — мітрапаліта. Усе кіруючыя епіскапы, за выключэннем вікарных, з’яўляюцца членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.
Патрыяршыя Экзархі ўсяе Беларусі 16 кастрычніка 1989 — 25 снежня 2013 — мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт (Вахрамееў). 25 снежня 2013 — 25 жніўня 2020 — мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел (Панамароў). 25 жніўня 2020 — цяперашні час — мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін (Тупека).
Епархіі Да часу стварэння Беларускай праваслаўнай царквы ў яе складзе былі 4 епархіі — Мінская, Полацкая, Пінская і Магілёўская. У 1990 годзе адноўлены Брэсцкая і Гомельская епархіі, у 1991 годзе — Навагрудская і Гродзенская, у 1992 годзе — Тураўская і Віцебская. У 2004 годзе ўтворана Бабруйская епархія.
У кастрычніку 2014 года са складу Мінскай епархіі былі вылучаны Барысаўская, Маладзечанская і Слуцкая епархіі. Для каардынацыі дзейнасці правячых архірэяў новаствораных епархій была заснавана Мінская мітраполія ў складзе Мінскай, Барысаўскай, Маладзечанскай і Слуцкай епархій. У снежні 2014 года са складу Навагрудскай епархіі была вылучана Лідская епархія.
На 2020 год у юрысдыкцыю Беларускай праваслаўнай царквы ўваходзілі 15 епархій і Мінская мітраполія: Бабруйская епархія — тэрыторыя Асіповіцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. Брэсцкая і Кобрынская епархія — тэрыторыя Брэста, Брэсцкага, Бярозаўскага, Драгічынскага, Жабінкаўскага, Камянецкага, Кобрынскага, Маларыцкага і Пружанскага раёнаў. Віцебская і Аршанская епархія — тэрыторыя Віцебска, Аршанскага, Бешанковіцкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага і Шумілінскага раёнаў. Гомельская і Жлобінская епархія — тэрыторыя Гомеля, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага, Кармянскага, Лоеўскага, Рагачоўскага, Рэчыцкага, Светлагорскага і Чачэрскага раёнаў. Гродзенская і Ваўкавыская епархія — тэрыторыя Гродна, Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Воранаўскага, Гродзенскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Свіслацкага і Шчучынскага раёнаў. Лідская епархія — тэрыторыя Астравецкага, Ашмянскага, Іўеўскага, Лідскага і Смаргонскага раёнаў. Магілёўская і Мсціслаўская епархія — тэрыторыя Магілёва, Бялыніцкага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Круглянскага, Магілёўскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чавускага, Чэрыкаўскага і Шклоўскага раёнаў. Мінская мітраполія: Мінская епархія — тэрыторыя Мінска і Мінскага раёна. Барысаўская епархія — тэрыторыя Барысаўскага, Бярэзінскага, Крупскага, Лагойскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Маладзечанская епархія — тэрыторыя Валожынскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў. Слуцкая епархія — тэрыторыя Капыльскага, Клецкага, Любанскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў. Навагрудская епархія — тэрыторыя Дзятлаўскага, Карэліцкага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў. Пінская і Лунінецкая епархія — тэрыторыя Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Пінскага і Столінскага раёнаў.