Шэлдан Лі Глэшау (; нар. , Нью-Ёрк) — амерыканскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1979) (сумесна з Абдусам Саламам і Стывенам Вайнбергам).

Біяграфія Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў сям’і Люіса Глухоўскага і Бэлы Рубін, ураджэнцаў Бабруйска, якія заснавалі ў Нью-Ёрку кантору па рамонце водаправода. Скончыў Карнельскі ўніверсітэт (1954); магістр (1955). Пад кіраўніцтвам будучага Нобелеўскага лаўрэата Джуліяна Швінгера выканаў і абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «вектарны мезон ў распадзе элементарных часціц» (1959) ў Гарвардскім універсітэце. Прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта (1961—1962), Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі (1962—1966) і Гарвардскага (з 1966 г.) універсітэтаў.

Працаваў у галіне тэорыі элементарных часціц. Значная частка работ Глэшау прысвечана праблеме аб’яднання ўсіх тыпаў узаемадзеянняў, назіраных у прыродзе (моцнага, слабога, электрамагнітнага і гравітацыйнага). Выкарыстаная ім так званая калібравальная сіметрыя, дазволіла распрацаваць тэорыю аб’яднання электрамагнетызму і слабога ўзаемадзеяння (электраслабога ўзаемадзеяння) і прадказаць наяўнасць слабых нейтральных токаў паміж элементарнымі часціцамі. Гэты ўклад вучонага быў ацэнены Нобелеўскім камітэтам, і яму была прысуджана Нобелеўская прэмія.

Глэшау таксама ўнёс істотны ўклад у разуменне моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц, увёўшы ва ўжытак чацвёрты (зачараваны) тып кваркаў. (Першыя тры тыпы кваркаў — верхнія, ніжнія і дзіўныя — былі прапанаваны ў 1963 г. фізікамі Мюрэем Гел-Манам і Джорджам Цвейгам). Такім чынам, прадбачанне навукоўцаў атрымала эксперыментальнае пацвярджэнне. Апрацаваўшы вынікі выбуху звышновай зоркі, Глэшау паведаміў у 1987 г. аб сваіх больш нізкіх ацэнках масы нейтрына.

У 1960 годзе стварыў тэорыю электраслабога ўзаемадзеяння, заснаваную на ідэях калібровачнай сіметрыі. За ўклад у тэорыю слабых і электрамагнітных узаемадзеянняў паміж элементарнымі часціцамі ўдастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1979, разам з Абдусам Саламам і Стывенам Вайнбергам).

Шэлдан Глэшау быў удастоены медаля Роберта Опенгеймера Універсітэта Маямі (1977) і медалі Джорджа Ледлі Гарвардскага універсітэта (1978). Абраны членам Амерыканскага фізічнага таварыства, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нацыянальнай акадэміі навук ЗША.

Дачыненні з Беларуссю 19 жніўня 2025 года падпісаў зварот дваццаці двух нобелеўскіх лаўрэатаў да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з просьбай дамагчыся вызвалення каля 1300 беларускіх палітвязняў.

Літаратура Alan Symons. The jewish contriution to the 20-th century. — London: «Polo Publishing», 1997.

Спасылкі Інфармацыя з сайта Нобелеўскага камітэта Старонка пра Глэшау на сайце Бостанскага ўніверсітэта

Катэгорыя:Фізікі XX стагоддзя Катэгорыя:Фізікі-тэарэтыкі ЗША Катэгорыя:Выпускнікі Гарварда Катэгорыя:Выпускнікі Карнельскага ўніверсітэта Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па фізіцы Катэгорыя:Члены і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША Катэгорыя:Замежныя члены РАН