thumb|right|Рыбасома Рыбасома — немембранная арганела клеткі ўсіх жывых арганізмаў, якая складаецца з РНК і бялку; элементарны апарат сінтэзу бялковых малекул. Падзяляюцца на цытаплазматычныя і мітахандрыяльныя. Асноўная функцыя рыбасомы — зборка бялковых малекул з амінакіслот, якія дастаўляюцца малекуламі транспартных РНК (тРНК).

Вельмі малыя (15—30 нм), змяшчаюцца як у эўкарыятычных клетках, так і ў клетках пракарыёт (бактэрый). Колькасць рыбасом у розных тыпах клетак складае ад некалькіх тысяч да мільёнаў.

Рыбасома складаецца з дзвюх субадзінак — вялікай і малой. Кожная субадзінка ўяўляе сабой комплекс рыбасомных РНК (рРНК) з бялкамі. Субадзінкі рыбасом фарміруюцца ў ядры, а затым праз ядзерныя поры выходзяць у цытаплазму. На рыбасомах ажыццяўляецца зборка малекул бялкоў з амінакіслот.

Вялікія і малыя субадзінкі рыбасом размяшчаюцца ў цытаплазме асобна адна ад другой і аб'ядноўваюцца толькі для сінтэзу бялку. Ініцыятарам зборкі рыбасомы з'яўляецца малекула інфармацыйнай (матрычнай) РНК (іРНК, мРНК), якая змяшчае інфармацыю аб структуры таго бялку, які трэба сінтэзаваць.

Сфарміраваныя рыбасомы могуць знаходзіцца ў свабодным стане ў гіялаплазме або прымацоўвацца да паверхні эндаплазматычнай сеткі ці ядра. Свабодныя рыбасомы сінтэзуюць бялкі, неабходныя для патрэб самой клеткі. Рыбасомы, прымацаваныя да эндаплазматычнай сеткі і абалонкі ядра, сінтэзуюць бялкі, прызначаныя для вывядзення з клеткі, а таксама розныя мембранныя бялкі.

Літаратура

Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. — 270 с.: іл. ISBN 978-985-03-2169-5

Катэгорыя:Арганелы Катэгорыя:РНК Катэгорыя:Біясінтэз бялку