Лу́жасна (, ) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Мазалаўскага сельсавета. Размешчана за 12 км ад Віцебска (ад цэнтра горада), за 2 км ад чыгуначнай станцыі Лужасна пры ўпадзенні ракі Лужаснянка ў Заходнюю Дзвіну.
Назва На думку Вадзіма. Жучкевіча, назва Лужасна можа быць вытлумачана са славянскіх слоў луг або лужасна (ложасна) — улонне, дзіцячае месцаВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 211.. Аднак, ні ГСБМ, ні гістарычныя корпусы НКРМ не даюць такога значэння для лужасна (ложасна).
Гісторыя Археалагічныя помнікі паблізу вёскі (гарадзішча і селішча) сведчаць, што гэтая мясцовасць была заселена ў глыбокай старажытнасці. У XV—XVI стст. вёска вядома як велікакняжацкае ўладанне Вялікага Княства Літоўскага. У 1530 г. вёска — цэнтр воласці, належала памешчыку Віцебскага ваяводства Маладзеню. У Лужасне да Паўночнай вайны — праваслаўная царква Святога Мікалая, двор уладальніка. У вёсцы 100 жыхароў, у іх ліку 20 плытагонаў, 15 стругавых цесляроў. Падчас вайны пастоямі і праходамі войск, эпідэміяй Лужасна было спустошана, тут застаўся 1 селянін, а навокал, як пісаў відавочца, толькі магілы і сляды былых сядзіб, якія зараслі быльнягом. У 1717 г. Лужасна — каралеўшчына, дзе больш за 30 гаспадароў-сялян, якія мелі 1/8—1/3 службы. Яны плацілі 150 злотых чыншу, апрача гэтага аддавалі ўладальніку 90 салонак збожжа, 10 пудоў мёду, урадніку — 24 салонкі збожжа. Мелася карчма. У 1740 г. тут заснавана мукамольная вытворчасць.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Лужасна ў складзе Расійскай імперыі. У 1815 г. тут пабудавана мураваная праваслаўная царква Узвіжання Крыжа Гасподня. У 1834 г. у вёсцы 374 рэвізскія сялянскія душы. У 1846 г. маёнтак, у склад якога ўваходзіла 17 вёсак, прыватная ўласнасць памешчыка маёра і кавалера Мікалая Енькі, які меў 696 сялян і 3188 дзесяцін зямлі. Сялянам належала 1187 дзесяцін зямлі. У вёсцы размяшчаўся збожжазапасны магазін. Штогод 14 верасня тут адбываўся кірмаш. У 1863 г. на мукамольнай вытворчасці ў Лужасне працавала 10 рабочых, выраблялася мукі на 27 тыс. руб.
У 1900 г. пры царкоўнапрыходскай школе, якая існавала з 1863 года, адкрыты інтэрнат на 30 месц. У 1903 г. ў Лужасне быў вятрак. У 1905 г. маёнтак (1 двор, 7 жыхароў) належаў Віцебскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якое валодала 13 дзесяцінамі зямлі. Засценак (3 двары, 9 жыхароў) меў 39 дзесяцін зямлі. Цвінтар (3 двары, 9 жыхароў) належаў царкве, якая мела 38 дзесяцін зямлі. У 1909 г. у Лужасна адкрыта земляробчая школа.
У 1920 г. у маёнтку арганізавана сельскагаспадарчая арцель, у 1922 г. саўгас «Лужасна». Працавала кузня, сталярная майстэрня. З 20 жніўня 1924 г. вёска ў Бараўлянскім сельсавеце Лосвідскага, з 29 кастрычніка 1924 г. — Кузняцоўскага, з 26 сакавіка 1927 г. — Віцебскага раёна і акругі, з 20 лютага 1938 г. — Віцебскага раёна і вобласці. У 1928 г. на сукнавалцы працавала двое рабочых.
З ліпеня 1941 па чэрвень 1944 гг. вёска акупіравана нямецкімі войскамі, якія ў 1941—1943 гг. знішчылі тут многія сотні ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў. На фронце загінула 12 вяскоўцаў, у партызаназ 3. Пасля вайны вёска адбудавалася. Да 20 снежня 1960 г. вёска ў складзе Біцялёўскага сельсавета, пасля — у Мазалаўскім сельсавецеРашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924)., цэнтр вучэбна-доследнай гаспадаркі «Лужасна». 14 ліпеня 1967 г. з вёскай аб’яднаўся асфальтабетонны завод.
Славутасці
Свята-Увазнясенская царква (Свята-Пакроўская, Пакроўская) (1908) Будынак былой Крыжаўзвіжанскай царквы (1815) Будынак былой земляробчай школы (цяпер аграрны каледж) з флігелем. Пабудавана ў 2-й палове 19 стагоддзя ў стылі «мадэрн», рэканструявана ў 1905—1909 гг. Могілкі былой вёскі Слабодка (першапачаткова — стараверскія). Дэндрапарк. Закладзены ў 1974 годзе ў гонар 30-годдзя вызвалення БССР ад нямецкіх акупантаў. Гарадзішча — Селішча — Памятны знак на месцы знішчэння савецкіх грамадзян. Усталяваны ў 1972 годзе, на паўночна-ўсходняй ускраіне Лужасна.
Установы адукацыі
Віцебскае кадэцкае вучылішча. Аграрны каледж УА «Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» (Лужаснянскі дзяржаўны аграрны каледж імя Ф. А. Сурганава). УА «Лужаснянская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая школа».
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Віцебскага раёна Катэгорыя:Мазалаўскі сельсавет (Віцебскі раён)