Мікоз ( — грыб) — грыбковая інфекцыя лёгкіх і скуры жывёлаў і чалавека, што выклікаецца ўдыханнем і пранікненнем у скуру грыбковых спораў. Найчасцей пашкоджвае скуру і пазногці пальцаў ступняў і кісцяў, таксама скуру тулава, валасістую частку галавы. Прыводзіць да такіх ускладненняў, як экзэма, алергія, гнойная інфекцыя, рожыстае запаленне.
Папярэджанне Прадухіленню хваробы спрыяюць: штодзённае мыццё ног цёплай вадой з мылам; выціранне да суха ног між пальцамі пасля душа; рэгулярнае ачышчэнне мыйнымі сродкамі дывановых пакрыццяў, падлогі, ваннай, манікюрных нажніцаў і педыкюрных прылад, губак, мачалак; нанясенне процігрыбковага крэму, мазі ў гарачы час года; адначаснае лячэнне з хворымі сваякамі дзеля ўнікнення паўторнага заражэння; хаджэнне абутым у лазні, басейне і спартзале; душ з мачалкай і мылам пасля пляжа.
Прычыны Заражэнню грыбком спрыяюць цяпло і вільгаць у месцах агульнага карыстання (басейн, душавы пакой, лазня, пляж, спартыўная зала), працяглае нашэнне цеснага, нязручнага, невентыляванага абутку, сваякі з захворваннем, дэфармацыя ступняў, парушэнне кровазвароту ў сасудах ног, цукровы дыябет, вузкія міжпальцавыя прамежкі, павышаная патлівасць скуры, мікратраўмы.
Праявы Напачатку праяўляецца праз пачырваненне, запаленне, сверб скуры. Потым з’яўляюцца пухіркі, якія лопаюцца, ператвараюцца ў эрозіі і трэшчынкі. Пасля іх загойвання назіраецца лушчэнне скуры. Скура становіцца сухой з прыкметнымі раўчукамі. Утвараюцца трэшчыны, адбываецца патаўшчэнне скуры.
Аб грыбковым парушэнні пазногцевых пласцінак сведчыць памутненне, станчэнне, патаўшчэнне пазногцяў, з’яўленне на іх палос і плямаў.
Спасылкі
Катэгорыя:Інфекцыйныя захворванні