Андрэ́й Мрый (сапр. імя Андрэ́й Анто́навіч Шашале́віч; 1 (13 верасня) 1893, в. Палуж, або Доўгавічы, цяпер Магілёўская вобласць — 8 кастрычніка 1943, Мурманская вобласць, ГУЛАГ) — беларускі празаік, перакладчык, журналіст. Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся 13 верасня 1893 года ў вёсцы Палуж, паводле іншых звестак у вёсцы Доўгавічы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць). Брат драматурга Васіля Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча Шашалевіча і Ефрасінні ФамінічныМаракоў Л. Вядомы пад псэўданімам А.Мрый // Роднае слова. 2001. №9 С. 97. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Настасся, Васіль, АксінняВасючэнка П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу // Полымя. 2000, №5. С. 257. Бацька памёр у 1902 годзеМішчанчук М. І., Шпакоўскі І. С. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 2001. С. 181 і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады. Андрэй Шашалевіч рана палюбіў музыку, навучыўся іграць на віяланчэлі і разам з братам даваў канцэрты для аднавяскоўцаў.

Скончыў духоўнае вучылішча, у 1914 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курса ў 1916 годзе мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў, вышэйшую адукацыю так і не скончыў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94-ы Енісейскі полк. У 1918—1921 гадах у Чырвонай Арміі, камандзір 345-й роты 14-га палка. Захварэў на тыф і пасля хваробы накіраваны на Заходні фронт, адкуль у 1921 годзе быў дэмабілізаваныМаракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 97.

Гады актыўнасці У 1921—1926 гадах настаўнічаў у школе II ступені ў мястэчку Краснаполле (выкладаў гісторыю і французскую мову). У 1923 годзе разам з братам і шваграм яны ствараюць першы ў раёне народны тэатрМаракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 98. Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, пасля чаго Андрэй Мрый актыўна ўключаецца ў беларускі рух, пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Наш край» — органам Цэнтральнага бюро краязнаўстваЛецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990, №5. С. 230—231. Выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

У жніўні 1926 года выехаў у Менск, дзе паводле прапановы Змітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопіса «Наш край», потым інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства (1926—1930). 29 траўня 1929 года разам з братам Васілём прыняты ў сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша»Маракоў Л. Рэпрэсіраваны смех // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3. С. 99. З 1933 года і да арышту — стылістычны рэдактар у газеце «Звязда»Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990, №5. С. 231.

Рэпрэсіі

У ноч з 21 на 22 лютага 1934 года ў Менску па адрасе Стаўбцоўскі завулак, дом 6, кв. 1 Андрэй Мрый быў арыштаваны па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны «тройкай» НКУС 26 сакавіка 1934 года як «член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазроны ў шпіянажы» да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапаваны ў Карагандзінскі лагер. Пасля падачы апеляцыі Генпракурору СССР 21 лістапада 1934 года тэрмін пазбаўлення волі быў зменены на тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве да снежня 1937 года.

У пачатку 1938 года прыехаў у Мурманск, выкладаў літаратуру ў адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 года па новым абвінавачванні за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі». У час арышту ўсё створанае ў ссылцы (раман «Жывы дом», аповесці, навелы) было канфіскавана, рукапісы не знойдзены дагэтуль. 13 жніўня 1940 года асуджаны асобай нарадай НКУС СССР да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ва Усць-Вымскі канцлагер НКУС Комі АССР. 1 сакавіка 1943 года медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому. Паводле некаторых звесткак забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

Пасмяротна рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 15 студзеня 1957 года. Асабовая справа Андрэя Шашалевіча № 10194-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я Быў жанаты з Зоф’яй Андрэеўнай Зыкавай, дзеці Юрый (у 1934 г. 5 гадоў), Артур (у 1934 г. 3 гады), Аксана, Наталля.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1924 годзе (газета «Савецкая Беларусь»). Друкаваўся ў «Голасе беларуса» (Вільня), «Узвышшы» і «Чырвоным сейбіце».

Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). У сатырычным рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (часопіс «Узвышша», 1929; цалкам апублікаваны «Полымя», 1988) развенчвае мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства. Паводле рамана зняты тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя» (1990). Пры першай публікацыі рамана ён быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць», таму цалкам апублікаваны толькі ў часы галоснасці.

Для твораў Андрэя Мрыя характэрныя натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў.

Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены. Некаторыя творы перадрукаваны часопісамі «Маладосць», «Полымя», дзе надрукаваны таксама лісты «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» (1988)

Пераклаў на беларускую мову «Тыса гаворыць» Бела Ілеша (1932), «Шляхамі ўзбочнымі» П. Загаруйкі (1932).

Бібліяграфія

1924

1925

1927

1928

1929

1930

1953

1988

1993

2008

Літаратура Васючэнка П. Вяртанне рамана, або Дзіўнае стварэнне Самасуя // ЛіМ. 1988, 29 крас.; Васючэнка П. Рэпрэсіраваны смех: Роздум над лёсам і творчасцю беларускага савецкага празаіка Андрэя Мрыя // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, № 3; Грахоўскі С. Праўдзівыя дакументы жыцця // Полымя. 1988, № 1; Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатырычнай прозы // Чыгрын І. Крокі: Проза «Узвышша». Мн., 1989; Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.

Драздова З. У. Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі: Стылявыя асаблівасці. — Мн., 1997. Лецка Я. Р., Чыгрын І. П. Мрый А. // Маракоў Л. Вядомы пад псеўданімам А. Мрый // Роднае слова. 2001. № 9.

Назараў В. Ф. Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка / В. Ф. Назараў. — Мн.: Беларуская навука, 2016. — 360 с.

Спасылкі

Творы на «Беларускай Палічцы» Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). 20 нечаканых фактаў пра Андрэя Мрыя, які першым напісаў пра гвалт і садызм у Чырвонай арміі // Радыё Свабода, 13 верасня 2018

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мсціслаўскім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў Краснапольскім раёне Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Вязні Усцьвымлага

Катэгорыя:Пісьменнікі СССР Катэгорыя:Журналісты СССР Катэгорыя:Перакладчыкі СССР Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша» Катэгорыя:Перакладчыкі XX стагоддзя