Вайна 1349—1356 гадоў вялася Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім за ўладу над аслабелым Галіцка-Валынскім княствам. Адзін з шэрагу збройных канфліктаў Польшчы і ВКЛ 14 ст. на землях Валыні і Галічыны. Адбывалася адначасна з вайной ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам.
Умовы перамір’я 1347 года не задавальнялі польскага караля Казіміра, ён паабяцаў даніну з Галіцкай зямлі хану Джанібеку за дапамогу супраць ВКЛ і пасля няўдачы ў 1348 годзе пасольства Альгерда ў Ардзе ў 1349 годзе пачаў ваенныя дзеянні. Імклівымі дзеяннямі Казімір захапіў Холмскую і Бельскую землі, усю Валынь, а таксама Берасцейскую зямлю. Валынскаму князю Любарту была прапанавана толькі Луцкая зямля, як леннага валодання.
Любарт з дапамогай Кейстута адваяваў Валынь (1350), выгнаў польскія гарнізоны і разбурыў польскія крэпасці, што пачалі будаваць. Перайшоўшы ў наступ, ён заваяваў Львоўшчыну, а таксама прылеглыя польскія землі — Сандамірскую, Радамскую, Лукаўскую.
Кароль Казімір трапіў у цяжкае становішча і пачаў шукаць падтрымкі за мяжой. Між іншым, ён звярнуўся да Папы рымскага Клімента VI, апісваючы справы так, нібы яго землямі завалодалі язычнікі (між тым, Любарт быў праваслаўным). У выніку, Папа дазволіў польскім біскупам абвясціць крыжовы паход супраць ВКЛ, а каралю дазволіў выкарыстаць царкоўную дзесяціну на барацьбу з язычнікамі. Таксама Казіміру ўдалося заключыць саюз з венгерскім каралём Людовікам. Альгерд, у сваю чаргу, уклаў саюз з татарамі, якія тады жылі на Падоллі.
Па ўзнаўленні ваенных дзеянняў поспех спачатку быў на баку Польшчы, якой удалося захапіць Валынь і ўзяць у палон Кейстута, які, аднак, здолеў уцячы. Любарт быў абложаны ў Луцку, але здолеў вырвацца з акружэння. Пасля таго, як на дапамогу братам прыйшоў Альгерд, поспех ізноў пачаў хіліцца на бок ВКЛ. Войска ВКЛ пачало набегі на Польшчу і Мазовію, выбіла польскія гарнізоны з гарадоў Валыні, і паспрабавала захапіць Галіцкую зямлю. Любарт змог захапіць Галіч, але быў вымушаны адступіць з яго, са здабычай, і разбурыўшы замкі.
Відаць, на гэтым ваенныя дзеянні скончыліся. Умовы міру не захаваліся, вядома толькі, што Берасцейская зямля ізноў перайшла да Кейстута (у склад ВКЛ), і мяркуецца, што агульны вынік быў на карысць ВКЛ.
Літаратура
Danilowicz I. Skarbiec dipłomatów… T.1. — S. 196—197.
Катэгорыя:Войны XIV стагоддзя Катэгорыя:Войны Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Войны Польшчы Катэгорыя:Войны за спадчыны
