Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (, в. Малыя Навасёлкі на Койданаўшчыне, цяпер , Мінская вобласць — , ; Псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў) — беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960—1980-х гадоў.
Біяграфія Скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў 3 курсы. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў арміі, эвакуіраваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР. У канцы 1943 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944—1946 гадах — завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Мінскай вобласці. З 1946 года аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе. У 1947—1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948—1955 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця, у 1955—1957 гадах працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 года выйшаў на пенсію з прычыны значнага пагаршэння зроку.
Жыў у Маладзечне, у апошнія гады — у Мінску.
5 сакавіка 2000 года трагічна загінуў — амаль невідушчы 78-гадовы навукоўца трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.
Пахаваны ў Маладзечне на Старых могілках, побач з жонкай.
Браты Міколы Ермаловіча: Валянцін (1925—2004) — акцёр, заслужаны работнік культуры БССР, і Лявон (1923—2004) — партызан, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені і іншымі, пасля вайны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
Творчасць Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху «Нарач», газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках.
Навуковая дзейнасць у савецкія часы
З’яўляўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. У прыватнасці, ён даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а Вялікае Княства Літоўскае з’яўлялася беларускай дзяржавай. Гэтыя погляды былі выкладзены ў кнізе «Па слядах аднаго міфа» (1968).
Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваннем з’явіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці пашыраліся самвыдатам. Напрыклад, кніга «Па слядах аднаго міфа» была афіцыйна выдадзена толькі ў 1989 годзе.
Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х гадах абарачаліся ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкі памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа», а таксама працы, апублікаваныя і ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы «Балцкія плямёны» (газета «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Гэты артыкул Ермаловіча напісаў у адказ на артыкул В. Мялешкі і З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» № 3 за 1989 год.
Удзел у самвыдаце У 1963 годзе распачынае выдаваць рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964 года«Падснежнік» // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.. У 1975 годзе ўзнаўляе выпуск «Падснежніка», але пад новай назвай «Гутаркі», да 1976 года выйшла каля 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псеўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў XIX стагоддзі «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданні змяшчаў творы, якія не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з-за сваёй сацыяльнай і палітычнай накіраванасці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Мінску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладзечне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку для памнажэння. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Навуковая дзейнасць у незалежнай Беларусі У савецкія часы была выдадзена толькі адна кніга Ермаловіча «Дарагое беларусам імя» (1970). Магчымасць друкавацца з’явілася толькі ў часы перабудовы і пасля абвяшчэння незалежнасці. У 1990 годзе — даследаванне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 годзе — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».
Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі.
Прызнанне Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1989) Медаль Францыска Скарыны (1990) Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992) Прэмія імя Уладзіміра Караткевіча
Ушанаванне памяці
28 лістапада 2003 года ў Маладзечна быў урачыста адкрыты памятны знак ганароваму грамадзяніну горада Міколу Ермаловічу. Урачыстасць ладзілася гарадскімі ўладамі пры ўдзеле грамадскасціПамяць пра Ермаловіча // «Рэгіянальная газета», 5 снежня 2003 г., № 49 (450). У год 90-гадовага юбілею Міколы Ермаловіча, 19 мая 2011 года, знамянальную дату адзначалі ў МаладзечнеВечарына памяці Міколы Ермаловіча // «Рэгіянальная газета».
Выбраная бібліяграфія Дарагое беларусам імя (1970) Па слядах аднаго міфа (1989), 1-е выд.: ISBN 5-343-00016-9; 2-е выд.: ISBN 5-343-00876-3. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды (1990), 2-е выд.: ISBN 985-02-0503-2. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд (1994), ISBN 985-6026-01-6. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае (2000), ISBN 985-6576-08-3. Выбранае. Укладанне, каментар К. Цвіркі; прадмова А. Грыцкевіча. — Мн.: Кнігазбор, 2010. — 640 с.: с. іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 2. Гісторыка-літаратурныя помнікі). ISBN 978-985-6976-36-3.
Гл. таксама Беларуская канцэпцыя ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага
Крыніцы
Літаратура
Ларыса Андросік. Ермаловіч Мікола // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1.
Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў i матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Мн., 2007. — 360 с.
Спасылкі Творы на «Беларускай Палічцы» Ермаловіч Мікола: Лісты. Выступы. Гутаркі. Вершы Алег Дзярновіч: Мікола Ермаловіч зрабіў гісторыю Літвы часткай гісторыі Беларусі. У гэтым яго значнасьць і веліч // svaboda.org 29 красавіка 2021 Фонд Міколы Ермаловіча. Давайце пагартаем некаторыя дакументы // zviazda.by 28 красавіка 2021 «Ермаловіч памяняў беларускую гістарычную парадыгму. І хай гісторыкі суседніх краін абураюцца» // nashaniva.by 11 сакавіка 2020 «Разьбiваць шматвяковую хлусьню нялёгка, але трэба». Правілы жыцьця Міколы Ермаловіча // svaboda.org 5 сакавіка 2020 20 нечаканых фактаў пра Міколу Ермаловіча // svaboda.org 29 красавіка 2016
Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Крытыкі паводле алфавіта Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Маладзечна Катэгорыя:Ахвяры аўтамабільнага наезду на пешаходаў Катэгорыя:Дыскусія вакол спадчыны Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага