Дзяржы́нская гара́ (, з 1958) або Скі́рмантава гара́, таксама Свята́я гара́ — найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі, месціцца каля вёскі Скірмантава Дзяржынскага раёна, за 20 км на поўнач ад Дзяржынска, за 30 км на паўднёвы захад ад Мінска.
Вышыня над узроўнем мора складае 345 м. Над узроўнем бліжэйшых рэк пагорак узвышаецца на 40—50 м.
Гара складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час апошняга, паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога пакатага ўзвышэння. Паўднёва-заходнія схілы больш выразныя, стромкасцю да 5°, пад лесам; паўночныя і ўсходнія спадзістыя, да 2—1,5°, разараныя. Адносныя перавышэнні 30—35 м/км².
Каля падэшвы знаходзяцца вытокі Пцічы, Іслачы, Сулы і Усы. Выток Іслачы, ракі даўжынёй 102 км, за 1,4 км на паўночны ўсход ад вяршыні гары.
Назва Назва Скірмантава гара (часам Скірмунтава гара) паходзіць ад імя або прозвішча Скірмонт, Скірмунт і аднайменнай вёскі побач гары.
Ёсць народнае паданне пра паходжанне назвы, паводле яго, тут адбылася бітва паміж войскам князя Скірманта і татарамі. Спачатку біліся два асілкі: Скірмант і татарын. Біліся конна, потым пешшу, асілак Скірмант перамог татарына. Пасля бітвы асілкаў пачалі біцца войскі, у выніку татары былі разбітыя. Але на месцы бітвы засталося шмат загінулых ваяроў і зброі. У гонар пераможцаў — войска Скірманта, паселішча і гару назвалі Скірмантавай. Таксама ёсць пазнейшая народная версія, звязаная з бітвай расійскіх і французскіх войскаў у вайну 1812 года, дзе расійскія войскі перамаглі.
За часамі Расійскай імперыі была распаўсюджана назва Святая гара, у 1958 годзе савецкія ўлады надалі гары ідэалагічную назву ў гонар бальшавіцкага дзеяча Фелікса Дзяржынскага.
Крыніцы
Літаратура
Горные вершины равнинной Беларуси / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, В. Е. Подлисских. — Минск: ГУ «Республиканский учебно-методический центр физического воспитания населения», 2014. — 224 с: ил. — ISBN 978-985-7054-10-7
Катэгорыя:Узгоркі Беларусі Катэгорыя:Рэльеф Мінскай вобласці Катэгорыя:Геаграфія Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Фелікса Дзяржынскага