Гэ́льская шатла́ндская мова (саманазва: Gàidhlig, , часам вядомая як гэ́льская) — мова гайдэльскай падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаеўрапейскай сям’і моў, у асноўным распаўсюджаная ў Шатландыі і ў невялікіх супольнасцях па-за яе межамі. Разам з блізкароднаснымі ірландскай і мэнскай мовамі паходзіць ад старажытнаірландскай мовы, якая, у сваю чаргу, паходзіць ад архаічнаірландскай мовы (таксама вядомая як агамічная ірландская, прымітыўная ірландская).

Перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2011 года засведчыў, што на шатландскай гэльскай мове здольныя размаўляць 57 375 чалавек, што складае 1,1 % ад насельніцтва Шатландыі, старэйшага за 3 гады. Вынікі перапісу адлюстроўваюць скарачэнне носьбітаў мовы прыкладна на 1 275 чалавек у параўнанні з 2001 годам, аднак у сучасным шатландскім грамадстве прыкладаюцца намаганні па адраджэнні мовы і адзначаецца рост колькасці маладых носьбітаў гэльскай шатландскай мовы. У Шатландыі мова распаўсюджана ў асноўным на паўночным захадзе краіны, т.зв. Хайлендзе («высакагор’е»). Найбольш трывалыя пазіцыі мова мае на Знешніх Гебрыдскіх астравах — невялікім архіпелагу на паўночны захад ад Хайленда. Па-за межамі Шатландыі найбольш прыкметны арэал распаўсюджання мова мае на ўсходзе Канады, а менавіта на востраве Кейп-Брэтан, у акрузе Глэнгары (Антарыа) і ізаляваных раёнах правінцыі Новая Шатландыя, у меншай ступені — у іншых рэгіёнах краіны. У Канадзе пражывае прыкладна 1 500 носьбітаў гэльскай шатландскай мовы (пераважна ў Новай Шатландыі), з іх прыблізна для 350 чалавек мова з’яўляецца роднай.

Гэльская шатландская мова не мае афіцыйнага статусу ў Еўрапейскім Саюзе і Вялікабрытаніі. Тым не менш мова знаходзіцца пад абаронай паводле ратыфікаванай Вялікабрытаніяй Еўрапейскай Хартыі рэгіянальных моў. Апрача гэтага, з 2005 года мова афіцыйнае прызнана ў Шатландыі згодна з Актам гэльскай шатландскай мовы і мае афіцыйны орган па развіцці мовы — Раду па гэльскай мове (Bòrd na Gàidhlig).

Тэрміналогія Назва гэльскай шатландскай мовы ў беларускай мове ў асноўным звязаная з вопытам запазычанняў англійскага паходжання.

Найбольш распаўсюджана ў беларускім ужытку назва гэ́льская шатла́ндская мова і яе варыяцыі. Апроч традыцыйнай назвы ўжываюцца таксама прыметнікі шатла́ндская і гэ́льская. Аднак, першая назва можа патрабаваць кантэксту або ўдакладнення, каб пазбягнуць блытаніны з іншай традыцыйнай мовай Шатландыі — шатландскай германскай мовай. Другая назва, у сваю чаргу, таксама зрэдку можа адносіцца да ірландскай мовы.

Гэльскую шатландскую мову не трэба блытаць з шатландскай германскай мовай, якая належыць да германскае галіны і распаўсюджана ў раўніннай, паўднёва-ўсходняй частцы Шатландыі. Гэтая мова паходзіць ад стараанглійскіх гаворак, прынесеных у Сярэднявеччы на поўдзень Шатландыі і да XV ст. мела саманазву Inglis (літ. «англійская мова»), тады як гэльская шатландская ўпаміналася ў стараанглійскіх дакументах словам Scottis (літ. «шатландская мова»). З канца XV ст. пры пашырэнні германскіх гаворак у нізіннай Шатландыі апошняе слова паступова перайшло на шатландскія германскія гаворкі, у той час як гэльская шатландская мова стала пазначацца як Erse (літ. «ірландская мова»). Гэтая назва, зрэшты, у гэтым значэнні не выкарыстоўваецца ў сучаснай англійскай і шатландскай германскай мовах.

Класіфікацыя Шатландская кельцкая мова — адна з моў індаеўрапейскай сям’і моў і адносіцца да кельцкае галіны.

Падрабязная класіфікацыя моў унутры кельцкае галіны дагэтуль з’яўляецца прадметам дыскусій, што таксама адлюстроўваецца на палажэннях аб дакладным становішчы шатландскай мовы адносна астатніх кельцкіх моў. Шэраг навукоўцаў, грунтуючыся на наяўнасці агульных інавацый, прапаноўвае падзел кельцкае галіны на кантынентальную і астраўную групы, уключаючы ў склад апошняй брыцкія і гайдэльскія мовы, у склад апошніх, у сваю чаргу, уваходзіць у тым ліку і шатландская мова. Згодна з іншым пунктам гледжання, на аснове захаванасці праіндаеўрапейскага *kʷ, кельцкія мовы падраздзяляюцца на дзве групы — Q-кельцкую, у мовах якой праіндаеўрапейскае *kʷ захавалася ў той ці іншай ступені, і P-кельцкую, у якой гэты гук перайшоў пераважна ў губны. Гэтая гіпотэза адносіць да Q-кельцкай групы ў тым ліку і гайдэльскія мовы.

Нягледзячы на спрэчны характар размяшчэння гайдэльскай групы ўнутры кельцкае галіны, уласна правамоцнасць вылучэння таксона гайдэльскіх моў з’яўляецца агульнапрызнанай сярод кельтолагаў. Некаторыя марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці шатландскай і мэнскай моў падштурхоўваюць некаторых лінгвістаў разглядаць шатландскую і мэнскую мовы як бліжэйшыя адна да адной, чым шатландская або мэнская да ірландскай, з гэтай прычыны ўнутры гайдэльскай групы часам вылучаецца ўсходнегайдэльская падгрупа, у склад якой уключаюцца шатландская і мэнская. Тым не менш існуе вялікі спектр фаналагічных і сінтаксічных асаблівасцей, дзякуючы якім можна казаць аб больш блізкім характары шатландскай мовы да ірландскай, чым да мэнскай. Уласна гайдэльская група аб’ядноўвае мовы, якія ўзніклі як вынік распаду старажытнаірландскай мовы і з-за гэтага значна бліжэйшыя адна да адной, чым да любой з іншых кельцкіх моў.

Лінгвагеаграфія

Распаўсюджанне Паводле звестак перапісу насельніцтва Вялікабрытаніі 2011 года, у Шатландыі пражывала 57 375 носьбітаў гэльскай шатландскай мовы старэй за 3 гады, што складае 1,1 % ад насельніцтва рэгіёна. У параўнанні з вынікамі перапісу 2001 года гэтая колькасць меншая на 1 275 чалавек, што сведчыць пра скарачэнне колькасці носьбітаў мовы. Аднак у перыяд між 1991 і 2001 гадамі гэта скарачэнне было значна большым (каля 7 300 чалавек). У 2011 годзе колькасць жыхароў Шатландыі, якія мелі тыя ці іншыя веды шатландскай кельцкай мовы, склала 87 056 чалавек, што менш на 6 226 у параўнанні са звесткамі мінулага перапісу. Пры гэтым тэмпы скарачэння колькасці носьбітаў гэльскай шатландскай мовы значна запаволіліся ў параўнанні з іншымі гадамі. З улікам звестак XIX ст. робяцца высновы, што заняпад мовы маглі паскорыць адсутнасць у Шатландыі прыходаў, дзе гэльскамоўнае насельніцтва складала б больш за 75 % ад насельніцтва, а таксама адсутнасць у асноўнай Шатландыі прыходаў, дзе гэльскамоўнае насельніцтва складала б больш за 25 %. Звесткі 2013 года па перапісе вучняў Шатландыі засведчылі, што 525 шатландцаў школьнага ўзросту, якія вучацца ў дзяржаўных школах, размаўляюць на гэльскай шатландскай мове дома як на асноўнай мове, што адрозніваецца ад звестак трохгадовае даўніны, калі такіх вучняў налічвалася 606.

Для параўнання, колькасць носьбітаў шатландскай мовы ў Шатландыі паводле звестак перапісу 2001 года складала 58 652 чалавек.

Найбольш трывалыя пазіцыі мова захоўвае на архіпелагу Знешніх Гебрыдскіх астравоў, дзе доля носьбітаў гэльскай шатландскай складае 61,1 % ад насельніцтва астравоў, а таксама ў вёсцы (востраў Скай, больш за 50 %). За межамі архіпелага вылучаюцца астравы Тайры (47,8 %), Скай (36,8 %), Разей (36,1 %), Лісмар (28,8 %). Увогуле, з 900 прыходаў Шатландыі дзевяць маюць больш за 50 % гэльскамоўных у насельніцтве. Па-за асноўнымі гэльскамоўнымі рэгіёнамі гэльскамоўныя часта аказваюцца ізаляванымі ад іншых носьбітаў мовы, у выніку чаго не існуе вялікіх магчымасцей па яе выкарыстанні. Як і ў большай часткі кельцкіх моў, практычна поўны гэльскі моналінгвізм ёсць толькі сярод дзяцей дашкольнага ўзросту і ў рэгіёнах гэльскамоўнай большасці. Тым не менш, нягледзячы на тое, што Знешнія Гебрыдскія астравы з’яўляюцца рэгіёнам найбольш трывалага выкарыстання мовы, пачынаючы з 1970-х гадоў адзначаецца тэндэнцыя звужэння галін карыстання мовай і ў гэтым рэгіёне.

Колькасць носьбітаў Ніжэй прыведзена табліца храналагічнага змянення насельніцтва Шатландыі і змянення долі ў ім аднамоўных носьбітаў гэльскай шатландскай мовы.

+ Год Насельніцтва Шатландыі Аднамоўныя носьбіты Гэльска-англійскія білінгвы Разам1755 1 265 380 289 798 22.9 % Невядома Невядома 1800 1 608 420 297 823 18.5 % Невядома Невядома 1881 3 735 573 231 594 6.1 % Невядома Невядома 1891 4 025 647 43 738 210 677 5,2 % 1901 4 472 103 28 106 202 700 4,5 % 1911 4 760 904 8 400 183 998 3,9 % 1921 4 573 471 9 829 148 950 3,3 % 1931 4 588 909 6 716 129 419 2,8 % 1951 5 096 415 2 178 93 269 1,8 % 1961 5 179 344 974 80 004 1,5 % 1971 5 228 965 477 88 415 1,7 % 1981 5 035 315 — 82 620 1,6 % 82 620 1,6 %1991 5 083 000 — 65 978 1,4 % 65 978 1,4 %2001 5 062 011 — 58 652 1,2 % 58 652 1,2 %

Перапіс насельніцтва Шатландыі 2011 года засведчыў, што 87 056 чалавек з узростам больш за тры гады мела пэўныя веды мовы, што склала каля 1,9 % ад насельніцтва Шатландыі (у 2001 годзе — 92 400 чалавек). Паводле звестак перапісу 2001 года, большасць носьбітаў пражывала ў дарадчых акругах Знешнія Гебрыдскія астравы (паўночны захад), Хайленд (поўнач, цэнтр) і Аргайл і Б’ют (захад). У параўнанні з 1991 годам паводле звестак на 2001 год колькасць асоб, якія маглі размаўляць на шатландскай мове, скарацілася на 11 %, але на 7,5 % павялічылася колькасць асоб, якія маглі чытаць на мове, пісаць — на 10 %. З усіх тагачасных 92 400 чалавек носьбітамі шатландскай мовы з’яўляліся 63 % (гл. вышэй). Параўноўваючы з 1991 годам, назіралася тэндэнцыя павелічэння долі асоб, якія ведаюць мову, сярод дзяцей узростам ад пяці да дзевяці гадоў, пры гэтым адзначаецца спад гэтага ж паказчыка сярод дзіцячага насельніцтва Знешніх Гебрыдскіх астравоў. Найбольшую долю носьбітаў шатландскай мовы з усіх рэгіёнаў Шатландыі мае прыход Барвас на паўночным захадзе Знешніх Гебрыдскіх астравоў, дзе гэты паказчык склаў 75 %. Больш новыя звесткі на 2011 год сведчаць аб павелічэнні колькасці носьбітаў мовы сярод насельніцтва маладзейшага за дваццаць гадоў.

У той жа час каля 45 % носьбітаў шатландскай мовы пражывае ў Лоўлендзе, асабліва ў агламерацыі Глазга, дзе іх колькасць складае 11 тыс. чалавек, але агулам гэта насельніцтва складае толькі каля 1 % ад насельніцтва Лоўленду.

У канадскай правінцыі Новая Шатландыя пражывае каля 500—1000 носьбітаў гэльскай шатландскай мовы, якія ў асноўным з’яўляюцца людзьмі пажылога ўзросту і з’яўляюцца нашчадкамі бежанцаў XVIII—XIX стагоддзяў, якія, у сваю чаргу, былі вымушаны эміграваць у выніку т.зв. «Хайлендскіх зачыстак» — прымусовых дэпартацый шатландскіх горных кланаў. Наогул у Канадзе паводле звестак перапісу насельніцтва 2011 года пражывае прыкладна 1 500 носьбітаў мовы (пераважна ў правінцыі Новая Шатландыя), з якіх каля 350 чалавек вызначае шатландскую мову як родную.

Дыялекты Сучасная гэльская шатландская мова можа згадвацца як высакагорна-шатландская мова ў мэтах адрознення захаваных на цяперашні час дыялектаў мовы ад раўнінных дыялектаў, у большасці сваёй амаль або поўнасцю страчаных у нашыя часы. Адзіным дыялектам гэльскай шатландскай мовы, які захоўваўся да Новага часу, ёсць галоўэйскі дыялект, які быў распаўсюджаны на паўднёвым захадзе шатландскага Лоўленда пры мяжы з Англіяй. Станам на XVIII ст. большая частка носьбітаў гэльскай шатландскай мовы ў Лоўлендзе перайшлі на шатландскую германскую мову. На карысць гістарычнай прысутнасці носьбітаў мовы з’яўляецца адзіная этымалогія тапонімаў былых і сучасных гэльскамоўных рэгіёнаў.

Па паведамленнях Джэймса Крайтана, апошнім месцам Лоўленда, дзе гэльская шатландская мова найдаўжэй захоўвала свае пазіцыі, было сяло Бар у сучасным графстве Эйршыр (крыху на поўнач ад крайняга паўднёвага захаду Шатландыі). Тым не менш, Крайтан не пазначыў дакладнае даты знікнення мовы ў гэтым паселішчы. Апрача гэтага, зніклі дыялекты па абодва бакі праліва Стрэйтс-оф-Мойл (між Ірландыяй і Шатландыяй), якія па сваіх рысах лічацца пераходнымі шатландска-ірландскімі гаворкамі.