Бры́нза, брындза () — мяккі расольны ферментаваны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным або каровіным, пашыраны ў Румыніі, Малдавіі, Славакіі, Заходняй Украіне, на поўдні Польшчы.
Змяшчае каля 45 % тлушчу, 2-3 % солі. Дадаецца ў салаты з садавіной, пасту-запраўку да салатаў і г.д. Пры традыцыйным спосабе вырабу са свежага тварагу фармуюцца вялікія кавалкі, якія 10 — 20 дзён даспяваюць на адкрытым паветры, а затым размінаюцца і прасуюцца ў драўляных фасках, з соллю і вялікай колькасцю вады. Ферментацыя адбываецца пад уздзеяннем бактэрый.
У XIX стагоддзі брынзай у Беларусі пачалі называць нарыхтаваны падобным спосабам у запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Такая «брынза» была найбольш пашырана ў Цэнтральным і Усходнім Палессі, у іншых рэгіёнах вядомая над назвамі сырніца, масленіца і іншымі. Елі гэтую страву звычайна разагрэтай.
У сучаснай Беларусі расольны ферментаваны сыр пад назвай брынза прамыслова вырабляецца з каровінага малака. Мае кісла-малочны, умерана салёны смак і пах. Змяшчае 50 % тлушчу ў сухім рэчыве, 3,5—4,0 % солі. Мае форму бруска з квадратнай асновай вагай 1,2—1,5 кг. Колер мякаці белы або жаўтаваты. Брынза даспявае ў бочках з расолам каля 20 дзён, пасля чаго ідзе ў рэалізацыю.
Гл. таксама Брынзавыя галушкі Ліптаўскі сыр
Літаратура
Катэгорыя:Беларуская кухня Катэгорыя:Польская кухня Катэгорыя:Малочныя прадукты Катэгорыя:Сыры