Жамо́йць, ці часам Жмудзь, Самагі́ція (, ; ; ; ; стар.-бел.: Жмойдъ, Жмуйдъ, Жомойть) — гістарычная вобласць і этнаграфічны рэгіён сучаснай Літвы, размешчаны на паўночным захадзе краіны паміж нізоўямі ракі Нёман і вярхоўямі рэк Дубіса і Вента. Жамойць мае доўгую пісьмовую гісторыю і самабытныя культурныя традыцыі, адлюстраваныя паміж іншага ў існаванні жамойцкага дыялекту (мовы). На тэрыторыі рэгіёну Жамайцкае ўзвышша: узгорыста-марэнны рэльеф; хваёвыя і змешаныя лясы, лугі, пашы, ралля; шмат маленькіх азёр і рэчак. У цяперашні час самым вялікім горадам этнаграфічнага рэгіёну ёсць Шаўлі (звыш 104 тыс. жыхароў у 2023 г.), а гістарычнай сталіцай — горад Цельшы (звыш 22 тыс. у 2023 г.).

Назва

Традыцыйна лічыцца, што назва «Жамойць» («Žemaitija») паходзіць ад літоўскага слова žemas «нізкі, ніжні» (Аўкштайція, адпаведна, ад aukštas «высокі, вышынны»). На думку многіх гісторыкаў, гэтае слова ўжывалася для абазначэння зямель, ніжэйшых па цячэнні Нёмана за астатнія землі Літвы. Некаторыя сучасныя літоўскія даследчыкі кажуць таксама пра нізоўі басейна ракі НявяжыДзярновіч, А. Жамойць і Літва.Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 126..

Італьянскі балтыст П. У. Дзіні звяртае ўвагу, што літоўская назва «Žemaitija» мае той жа корань, што і літоўскае žemė «зямля»Dini, Pietro Umberto «Illuc erant leones», пры гэтым літоўскае žemė «зямля» i žemas «нізкі» аднаго паходжанняJ. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 415.Цікава, што слова «Zemgale» / «Земгалія» / «Земгала» (па-літоўску «Žiemgala» / «Žemgala») у перакладзе з латышскай мовы («zeme gali») азначае «канец зямлі», «акраіна зямлі»..

На лацінскай мове слова «Жамойць» пісалася як «Samogitia», што ў сваю чаргу прывяло да ўзнікнення ў рускай мове лацінізма «Самогития» (Самагіція).

Жамойць да ўтварэння ВКЛ

Насельніцтва Жамойці першапачаткова практыкавала родавыя культы (язычніцтва). Этнагенез жамойтаў у навукоўцаў выклікае дыскусію.

Упершыню Жамойць ускосна згадваецца ў 1219 г. у дагаворы галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў. Пералік апошніх пачынаецца «старэйшымі» або «старэйшым» князем (у гэтым месцы Галіцка-Валынскага летапісу, верагодна, ёсць розначытанні паміж спісамі), але не «вялікім князем», а за імі ў дагаворы названы жамойцкія князі Гердзівіл і Вікінт.

З гэтага часу назва «Жамойць» стала згадваецца (у тым ліку побач з назвай «Літва») у Галіцка-Валынскім летапісе як да часу ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага, так і пазней.

У нямецкай крыніцы «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (цэнтрам яго ўвагі была тэрыторыя сучаснай Латвіі, а іншыя землі — перыферыяй) пры апісанні падзей 1210—1220-х гг. землі Жамойці, сумежныя з уладаннямі Лівонскага ордэна, завуцца проста «Літвой». Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч тлумачыць гэта палітычнай залежнасцю Жамойці ад дынастыі «старшых князёў» Літвы ў тыя часы і пазнейНасевіч В. Л. Літва; Насевіч, В. Пытанняў больш, чым адказаў..

Генрых Латвійскі не пазначае ніводнага з пяці «старэйшых князёў» і ўвогуле нікога з літоўскага боку Дагавора 1219 года, зафіксаванага ў Галіцка-Валынскім летапісе, а «найбольш магутным з літоўцаў» (potentioris de Lethonia) называў князя Даўгерутэ, які быў цесцем князя Усевалада з Герцыке, загінуў у 1213 г. і таму не згадваўся ў Дагаворы 1219 годаКраўцэвіч К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага… С.137Генрых Латвійскі не ўжывае тытулатуру «кароль» у адносінах да паганскіх уладароў (у тым ліку да Даўгерутэ), а толькі азначэнне «старшыня». Лівонская рыфмаваная хроніка называе ананімнага бацьку Міндоўга як «könig gros» («вялікі кароль»). Гл.: Насевіч В. Л. Пытанняў больш, чым адказаў.. Вячаслаў Насевіч выказаў гіпотэзу, што Даўгерутэ мог быць сваяком тых «старэйшых» князёў і нават бацькам МіндоўгаНасевіч, В. Пытанняў больш, чым адказаў.На думку некаторых даследчыкаў, адсутнасць у Хроніцы Лівоніі імён з пяці «старэйшых князёў» (і ўвогуле нікога з літоўскага боку Дагавора 1219 года) можа тлумачыцца маладым узростам тых князёў у часы жыцця Даўгерутэ.. Першакрыніцы фіксуюць таксама факты дзейнасці балцкіх князёў (у тым ліку і літоўскіх) незалежна адзін ад аднагоКраўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 137..

Пасля захопу большай часткі Лівоніі Ордэн мечаносцаў звярнуў сваю ўвагу і на іншыя тэрыторыі балтаў-язычнікаў.

У верасні 1236 г. адбыўся першы крыжовы паход у Жамойць і з таго часу гэтая тэрыторыя надоўга стала аб’ектам пастаяннай экспансіі крыжакоўНасевiч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 30; Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года… С. 44.. Але бітва пры Саўле (22 верасня 1236 г.) — паміж войскам Ордэна мечаносцаў і яго саюзнікаў з аднаго боку і войскам жамойтаў і земгалаў з другога — скончылася тады паражэннем крыжакоў.

Разгром у бітве пры Саўле вымусіў Ордэн мечаносцаў у 1237 г. уключыцца ў склад Тэўтонскага ордэна (у Прусіі): новаствораны ў Лівоніі замест Ордэна мечаносцаў Лівонскі ордэн стаў адгалінаваннем Тэўтонскага, на што даў згоду асабіста папа рымскі Рыгор IX. Натуральнай стала ідэя злучыць тэрыторыі двух частак Тэўтонскага ордэна (у Прусіі і Лівоніі), захопліваючы прамежкавыя (у першую чаргу — прыморскія) тэрыторыі паміж іміНасевiч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 30—31; Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года… С. 44—45..

У верасні 1237 г. папскі легат Вільгельм Мадэнскі апісаў межы Курземе (Куроніі), на частцы яе — ад рэк Венты і Нёмана да Літвы і ад ракі Абавы да Земгале — было створана Курляндскае біскупства, а паўночна-ўсходняя частка Курземэ — «Фрэдэкуронія» (г.зн. «мірная Куронія»), якая не ўдзельнічала ў куршскім паўстанні — была далучана легатам да Рыжскай дыяцэзіі.

Вільгельм Мадэнскі называе Літвою тэрыторыі, якія пазней сярод немцаў будуць болей вядомыя як Жамойць, тым часам жамойты не жылі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора — тэрыторыя іх рассялення пачыналася ў вярхоўях ракі Венты і цягнулася далей на ўсход, уздоўж межаў Земгале«Curonensem vero dioecesin sic limitamus, ut quidquid est inter Memelam et praedictum fluvium Vende, usque ad Litoviam, at sicut Aboa clauditur versus fluvium Vende, usque ad terminos Semigalliae, in Curonensi dioecesi computetur» — Паводле LUB 1. Bd. 1. № 153. S. 197; Donner G. A. Kardinal Wilhelm. S. 202—203.. Сучасны беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч лічыць, што пад «Літвой» у такім сэнсе разумелася тэрыторыя шэрагу паўсамастойных «княстваў», на якія таксама распаўсюджваўся палітычны ўплыў дынастыі «старшых князёў» літвы ў тыя часы.

Сучасны літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус выказаўся (адносна аб’яўленага ў папскай буле ад 19 лютага 1236 г. крыжовага паходу супраць язычнікаў, геаграфічных апісанняў і дзеянняў легата Вільгельма Мадэнскага), што немцы-крыжакі тады дрэнна сабе ўяўлялі, якія землі былі размешчаныя паміж Куроніяй і Прусіяй, але імкнуліся іх засвоіць шляхам ваеннага захопуГудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года… С. 44..

Жамойць у часы ВКЛ

Жамойць да часу поўнай хрысціянізацыі (1417)

У сярэдзіне XIII ст. Жамойць займала парэчча Свенты і Юры — на тэрыторыі будучых воласцяў Бетыгола, Айрагола, Расіены, Крожы, Лукаў, Каршова. На Жамойць звярнулі сваю ўвагу яшчэ самыя першыя вялікія князі літоўскія падчас стварэння новай дзяржавы ва Усходняй Еўропе і ўрэшце Жамойць стала часткай Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

У 1251 г. вялікі князь літоўскі Міндоўг ідзе вайной на Жамойць да горада Цверамет (цяпер літ. Tverai «Цверы»), якім валодаў яго дзяцька князь Вікінт, але не здолеў захапіць горада.

У 1253 г. Міндоўг падараваў сваёй граматай значную частку Жамойці Лівонскаму ордэну, хоць у той час Міндоўг Жамойцю не валодаў.

У 1260 г. у Жамойці ўзнялося паўстанне, якое падтрымаў сваімі войскамі Міндоўг і замацаваў пасля ў Жамойці свайго стаўленіка — князя Траняту. Пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. кантроль над Жамойцю і Літвой захаваў новы вялікі князь літоўскі — ТранятаГісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — С. 76—77.. Пасля забойства Траняты ў 1264 г. і прыхода да ўлады ў Літве Войшалка Жамойць выйшла з-пад кантролю вялікага князя літоўскага.

Толькі пры вялікім князю літоўскім Трайдзені ў 1270-ыя гг. Жамойць зноў аказалася пад кантролем уладара ВКЛ, але аб статусе Жамойці звестак не засталосяГісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — С. 77..

Аўтар «Апісання земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, асобна ўпамінаў Жамойць (Samoita) побач з Літвой (Lectauie)Назва Lectauie з’яўляецца скажоным напісаннем лацінскай назвы Lettauie (г.зн. Літва)., Нальшчанамі (Nalsani) і Яцвяззю (Ietuesi), адзначаючы пра язычніцкую Жамойць, што «без мяча там ніколі не прапаведвалі»«Описание земель». Анонимный географический трактат второй половины XIII в..

Захопніцкія паходы крыжакоў на Жамойць і Літву не спыняліся. Да 1289 г. крыжакі захапілі шэраг памежных жамойцкіх валасцей (Каршуву, Шаўле і Цверы)Насевiч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 66.. Новы вялікі князь літоўскі Будзікід названы ў лісце лівонскага ландмайстра ў 1290 г. як «кароль», на якога крыжакі плануюць зрабіць сумесны напад з Лівоніі і Прусіі праз землі Жамойці. Крыжакі з 1292 па 1295 г. кожны год нападалі на Жамойць і іншыя куткі ВКЛКраўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 175..

У 1294 г. вялікі князь літоўскі Віцень ваяваў у Ленчыцкай зямлі і задушыў паўстанне ў Жамойці, дзе жамойцкая знаць схілялася да саюзу з Тэўтонскім ордэнам.

Пётр з Дусбурга ў сваёй хроніцы «Chronicon terrae Prussiae» (1326) пры апісанні ваенных падзей 1294—1300 гг. называе Жамойць як адну з дзвюх частак уладанняў вялікага князя літоўскага Віценя («караля Літвы»), побач з Аўкштойцю. Так яна названая раней і ў дагаворы Гедзіміна з Рыгай (1323)Насевіч, В. Л. Жамойць.

На ўсім працягу XIV ст. Жамойць моцна цярпела ад нападаў (1283—1409) рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў: толькі за часы Віценя крыжакі правялі больш 20 паходаў з тэрыторыі Прусіі ў Жамойць і Літву, даходзячы нават да Гародні і Навагрудка, і стараліся падбухторваць некаторых жамойцкіх лідараў супраць вялікіх князёў літоўскіх — храніст Пётр з Дусбурга ўказвае пра сутычкі паміж жамойтамі і войскам ВКЛКраўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 176—177.. З-за пастаяннай барацьбы ВКЛ і крыжакоў памежныя воласці Жамойці ў 2-й палове XIV ст. практычна запусцелі.

У 1345 г. пасля ўстанаўлення ў ВКЛ дуумвірату Жамойць, Панямонне, Падляшша і Берасцейская зямля адышлі пад кантроль вялікага князя літоўскага КейстутаГісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — С. 83..

У Жамойці амаль не было вялікакняскай адміністрацыі, збор войска склікала мясцовая знацьГудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — С. 94—95..

Паўлегендарныя звесткі кажуць, што Бірута (маці будучага вялікага князя літоўскага Вітаўта) нарадзілася каля Палангі, таму магла належаць да племені жамойтаў ці, хутчэй, куршаў, бо, верагодна, што жамойты яшчэ не жылі ў тыя часы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора.

У 1377 г. войскі вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Вінрыха фон Кніпродэ і герцага Аўстрыі Альбрэхта III пайшлі ў чарговы крыжовы паход супраць язычнікаў і разрабавалі жамойцкія воласці Відукле і КрожыГудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года. — С. 389—152..

Пад час усобіцы ў ВКЛ у 1382 г. Жамойць амаль цалкам (воласці Меднікі, Крожы, Калтыняны, Кнетува, Відукле, Расіены і Айрагола) была перададзена Тэўтонскаму ордэну. У складзе ВКЛ засталіся толькі воласці на ўсход ад ракі Дубісы — Ясвойна і Тандзягола.