Балі́йцы (саманазва Suntikan Bali) — народ, карэнныя насельнікі астравоў Балі і Пеніда ў Інданезіі. Жывуць таксама на іншых астравах гэтай краіны, у Малайзіі і ЗША. Прыкладная агульная колькасць (2013 г.) — 3 640 тыс. чал.Bali

Гісторыя

Востраў Балі быў населены чалавекам сучаснага тыпу ў перыяд мезаліту. Каля 2 тысячагоддзя да н.э. яго занялі плямёны аўстранезійцаў, якія стварылі ў VI ст. да н. э. — VIII ст. н. э. дастаткова развітую культуру, апрацоўвалі бронзу, рабілі кераміку, рытуальныя барабаны і пірамідальныя магільні, падобныя да марае палінезійцаў.

У канцы 1 тысячагоддзя н. э. Балі быў заваяваны выхадцамі з суседняга вострава Ява, якія распаўсюдзілі тут будызм і індуізм. У 1073 г. адбылася рэлігійная рэформа, якая садзейнічала далейшаму ўкараненню індуізму сярод простага насельніцтва і падзелу яго на касты. З прыходам індуізму звязана распаўсюджанне пісьмовасці. Найстаражытнейшыя вядомыя надпісы адносяцца да XI ст. У 1284 г. Балі зноў быў заваяваны яванцамі і ўвайшоў у склад яванскай дзяржавы Маджапахіт. Сюды перасяляліся выхадцы з вышэйшых колаў маджапахіцкага грамадства. У выніку яны сфарміравалі асноўную частку вышэйшых каст Балі. Частка мясцовага насельніцтва, якая не прыняла яванскую культуру, склала асобны пласт так званых балі ага.

Ужо ў XIV ст. на Балі вылучылася асобная галіна маджапахіцкай дынастыі. Распад дзяржавы на Яве, а таксама кантакты з еўрапейскімі гандлярамі з канца XVI ст. прывялі да актыўнасці мясцовых манархаў-раджаў. Іх арміі ўрываліся на Усходнюю Яву і востраў Ламбок. З Балі вывозілі спецыі, тканіны, рабоў і опіум. Але ў XVII ст. адзіная балійская дзяржава канчаткова распалася на некалькі малых манархій.

У 1908 г. востраў Балі быў акупаваны Нідэрландамі. У 1949 г. ён увайшоў у склад Інданезіі. Экспансія саміх балійцаў, а потым разбуральны землятрус 1917 г. і палітыка перасялення, якую праводзілі інданезійскія ўлады ў другой палове XX ст. у межах вырашэння аграрнага пытання, прывялі да з’яўлення асобных невялікіх раёнаў, кампактна населеных балійцамі, на іншых астравах Інданезіі (Ява, Ламбок, Сулавесі і інш.).

Традыцыйная культура

Заняткі Асноўным заняткам балійцаў здаўна з’яўлялася земляробства. На штучных тэрасах гор і пагоркаў яны вырошчваюць пераважна рыс, для атрымання высокіх ураджаяў якога ўжо ў сярэднявеччы была збудавана надзвычай складаная сістэма ірыгацыі. Рысавую расаду загадзя прарошчваюць у спецыяльна адведзеных месцах, а потым пераносяць на ўзаранае драўляным плугам поле. Саспелыя каласы зразаюць нажом. Акрамя таго, вырошчваюць садавіну і гародніну, бабовыя, кукурузу, чай, какава, кветкі і г. д. Большасць земляў знаходзіцца ў карыстанні абшчыны. Плантацыйных гаспадарак на Балі амаль няма.

Жывёлагадоўля мае падсобны характар. Быкоў і коней трымаюць толькі для транспартыроўкі людзей і грузаў. З дапамогай быкоў таксама апрацоўваюць палеткі. Разводзяць свінняў, качак, курэй. Мора лічыцца месцам, населеным злымі духамі, таму самі балійцы не займаюцца марскім рыбалоўствам. Гэтая праца аддадзена ў рукі нешматлікіх перасяленцаў з іншых астравоў. Аднак рыбу ловяць з дапамогай плеценых кашоў на затопленых рысавых палях і на азёрах.

Да канца XX ст. рамёствы не былі адасоблены ад занятку сельскай гаспадаркай. Але ў сувязі з распаўсюджваннем турызму і попытам на сувенірную прадукцыю вылучыліся прафесійныя рамеснікі. Балійцы знакаміты сваім ткацтвам (ім займаюцца выключна жанчыны), ганчарствам, высокамастацкай апрацоўкай металаў і дрэва.

Жытло Найбольш распаўсюджаны тып паселішча — вёска. Балійскія вёскі маюць строгую планіроўку, выцягнуты ўздоўж дарог з поўначы на поўдзень. Асноўную дарогу пад прамым вуглом перасякаюць вузкія вуліцы. Сялянскія сядзібы пекаранган акружаныя гліняным мурам, знутры якога размешчаны гаспадарчыя і жылыя пабудовы бале. Іх узводзяць на фундаменце з цэглы або гліны. Бале уяўляюць сабою асобныя будынкі-пакоі на па́лях, якія накрываюць саламяным дахам.

У вёсках абавязкова маюцца грамадскія пабудовы — храмы (пура), школа і абшчынны будынак для паседжанняў вясковай рады.

Вопратка Асноўнай вопраткай на Балі з’яўляецца саронг. Жаночы саронг каін доўгі, шчыльна абгортваецца вакол сцёгнаў. Мужчынскі саронг камбен кароткі. У апошнія дзесяцігоддзі на змену яму прыйшлі кароткія штаны са скураным поясам. Па-над саронгам апранаюць кашулі і кофты. Мужчыны звычайна павязваюць галаву хусткай. Сустракаюцца розныя тканіны для вопраткі, пераважна баваўняныя, упрыгожаныя гафтам, пазалотай, рознымі аплікацыямі.

Святочнае ўпрыгожванне жанчын надзвычай складанае. Яны робяць разнастайныя прычоскі, апранаюць на галаву вянкі з кветак, носяць розныя ювелірныя вырабы з бронзы і каштоўных металаў. Распаўсюджаны завушніцы з лісця. Мужчыны нават у звычайныя дні маюць скураную перавязь з крысам.

Харчаванне Паўсядзённай стравай балійскай кухні з’яўляецца вараны рыс. Яго ядуць халодным, з соллю, перцам і іншымі спецыямі. У паўсядзённым рацыёне таксама шмат садавіны і гародніны, часам рыбы і казурак. Дастаткова распаўсюджаная страва лавар з сечанай гародніны і какоса. Мясныя стравы (асабліва са свініны) ужываюць пераважна ў святочныя дні. Ялавічына не вельмі папулярна, а для прадстаўнікоў вышэйшых каст — забаронена. Прысмакамі лічацца маладыя парсючкі, якіх смажаць цалкам, кажаны, некаторыя казуркі, марскія чарапахі, лічынкі мурашак і пчол.

Звычайныя і алкагольныя напоі робяць з пальмавага соку і рысу.

Сацыяльная арганізацыя У сельскай мясцовасці галоўным грамадскім інстытутам да нашых дзён з’яўляецца вясковая абшчына дэса. Яна кіруецца радай з гаспадароў сядзіб на чале з выбраным імі старастам. У каланіяльныя часы галандцы спрабавалі прызначаць афіцыйных стараст, але іх роля абмежавалася зборам падаткаў. Акрамя старасты, існуюць іншыя грамадскія пасады (пісары, пасланцы, вартаўнік і г. д.). Абшчына аказвае абавязковую дапамогу сваім членам, у тым ліку кампенсуе страчанае ў выніку землятрусаў, пажараў і крадзяжу. Стараста і рада выступаюць у якасці суддзяў. Звычаёвае права, як і ў мусульманскіх грамадствах, мае назву адат. У дзяржаўны суд балійцы звяртаюцца толькі ў выпадку цяжкіх крымінальных злачынстваў.

Другі тып суседскай абшчыны — банджар. Звычайна ён уваходзіць у склад дэса, але таксама мае свайго старасту, храм і агульныя святы. У буйных вёсках і гарадах банджар разглядаецца нават як больш важнае аб’яднанне, чым дэса. Гэта залежыць ад таго, хто распараджаецца зямлёй абшчыны, агульнавясковая або суседская рада. Важнае месца ў жыцці вёскі таксама займаюць аб’яднанні субак, створаныя для агульнага карыстання вадой і падтрымання ірыгацыйных збудаванняў, кааператывы і прафесійныя згуртаванні і г. д.

Большая частка ворыўных земляў на Балі заўсёды кантралявалася самімі абшчынамі, якія размяркоўвалі іх паміж сем’ямі, а таксама выплачвалі адзіны падатак дзяржаве. Але ў перыяд сярэднявечча ўзніклі асобныя землеўласніцтвы феадальнага тыпу. Яны былі не вельмі вялікімі і апрацоўваліся найманымі сялянскімі групамі сека меджукут.

Акрамя таго, балійскае грамадства з XI ст. з’яўляецца каставым. Большая частка насельніцтва належыць да ніжэйшай касты шудраў (судра, джаба). Меней за 10 % насельніцтва складаюць вайш’і (гусці), кшатрыі (дзева або 'анак і агунг), брахманы (іда, іда багус). Пераход з адной касты ў іншую прынцыпова не магчымы, але пры прасоўванні па сацыяльнай лесвіцы члены ніжэйшых каст могуць мяняць сабе тытул, які ў іншых абставінах захоўваецца ўсё жыццё і перадаецца па спадчыне. Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных каст не забаронены. Лічыцца, што муж павінен належаць да больш высокай касты, чым жонка. У мінулым шлюбы прадстаўніц высакародных каст з прадстаўнікамі ніжэйшых строга караліся. Брахманы і кшатрыі звычайна займаюць месцы (пры размове, жыцці ў шматпакаёвым доме, сядзенні ў крэслах і інш.) вышэй, чым вайш’і і шудры, з імі прынята размаўляць на асаблівым стылі мовы. Брахманы абавязаны прытрымлівацца некаторых забарон у харчаванні і вопратцы.

Каставая сістэма з’яўляецца ў сваёй аснове рэлігійнай і можа не супадаць з палітычнай або маёмаснай. У мінулым на вышэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі манархі-раджы з касты агунг. У сучаснасці большасць членаў вышэйшых каст займаецца земляробствам, як і шудры. Асобныя пачэсныя касты-джаці складаюць кавалі пандэ весі і горцы балі ага.

Сем’і звычайна нуклеарныя, радзей пашыраныя. Сістэма сваяцтва патрылінейная. Шлюб адбываецца са згоды маладых, але жаніх плаціць выкуп бацькам нявесты. Выкуп пры жаніцьбе з дзяўчынай са сваёй вёскі неабавязковы. Дапускаецца палігінія. Мужчыны і жанчыны могуць разводзіцца і браць шлюб некалькі разоў у жыцці.

Святы

Большасць святаў на Балі мае рэлігійны характар. Але практыкуюцца і індывідуальныя цырымоніі, звязаныя з уяўленнем аб цыклічным жыцці кожнага чалавека. Найбольш важныя з іх — падпілоўванне зубоў, вяселле, пахаванне. Разам з індуізмам на Балі прыйшоў звычай крэмацыі памерлых. Да пачатку XX ст. прадстаўніцы вышэйшых варн маглі практыкаваць звычай самазабойства праз спаленне. Вядомы святы багоў-заступнікаў пэўнай сям’і адалан сангух.

Найбольш папулярныя святы на Балі: Усаба — вясковае свята, якое арганізуецца пасля збору рысу. Адалан — свята ў гонар гадавіны заснавання пэўнага храма. Меласці — сакавіцкае або красавіцкае свята ачышчэння вадою. Ньепі (літаральна «маўчанне») — балійскі Новы год. Святкуецца праз тры дні пасля меласці. Галунган — тыднёвы фестываль у гонар усіх багоў, калі сядзібы ўпрыгожваюць доўгімі дэкараванымі бамбукавымі тычкамі. Агох-агох — вячэрняе і начное шэсце з маскамі і выявамі злых духаў.

У сакавіку ў паселішчы Убуд святкуецца чатырохдзённы духоўны фестываль, які сумяшчае найбольш яркія рысы ўсіх іншых балійскіх фестываляў. Аднак ён папулярны больш сярод турыстаў, чым сярод карэнных жыхароў. Для баўлення асабістага часу балійцы арганізуюць пеўневыя баі і гонкі быкоў па залітых вадою палетках.

Мастацтва Балійскі фальклор знакаміты эпічным казаннем «Малат», якое па аб’ёму роўнае «Махабхараце». З часоў сярэднявечча распаўсюджаны лантар, кнігі на пальмавым лісці, а таксама летапісы-бабад.

Балійскія майстры вырабляюць батык, статуэткі з дрэва і металаў, розныя ўпрыгожванні. Далёка за межамі Балі вядомы мясцовы арнамент. Развіта танцавальнае мастацтва. Танец пендэт, відавочна, раней меў рытуальнае значэнне, бо адлюстроўвае працэс ахвярапрынашэння. Танец легонг — гэта пантаміма, якую выконваюць маладыя танцоркі. Ваенныя танцы — барыс і джаук. Народныя музычныя інструменты — драўляная флейта сулінг, скрыпка рэбаб. Пры храмах і вёсках арганізуюцца гамеланы. Яны суправаджаюць вяселлі, рэлігійныя цырымоніі, тэатральныя пастановы «Рамаяны», пастановы народнага тэатра ценяў.

Мова Балійская мова адносіцца да аўстранезійскай сям’і моў, лексічна вельмі блізкая да яванскай. Балійская пісьмовасць каракан ўзнікла ў XI ст. на аснове старажытнаіндыйскага пісьма брахмі. Ёй шырока карыстаюцца і ў наш час, хаця ў адукацыйных установах і афіцыйных выданнях распаўсюджана пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія Большасць вернікаў-балійцаў — індуісты. Індуізм разам з будызмам трапіў на Балі з суседняй Явы ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. і канчаткова замацаваўся ў XI ст., калі адбыўся падзел мясцовага насельніцтва на касты. У балійскім індуізме прасочваюцца некаторыя старажытныя паганскія аўстранезійскія вераванні (шанаванне гор, адсутнасць выяў багоў знутры храмаў, увядзенне ў пантэон некаторых мясцовых звышнатуральных істот, шаманская практыка і г. д.), а таксама ранняга будызму (Буда шануецца як асобнае бажаство) і тантрызму.

Самі балійцы называюць сваю рэлігію агама ціртха (літаральна «святая вада»). У ёй адводзіцца значная роля рытуальнай частцы і ахвярапрынашэнням. На Балі існуе мноства храмаў. Яны будуюцца асобнымі сем’ямі, прафесійнымі і каставымі аб’яднаннямі, абшчынамі, дзяржаўнымі ўстановамі.