Ямб ( — імя старажытнагрэчаскай багіні непрыстойнага, распуснага вершавання) — 1) трохдольная антычная стапа з двух складоў — кароткага і доўгага, 2) двухскладовая стапа з другім націскным складам, якая ляжыць у аснове аднаго з пяці (ямбічнага) метраў сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання. Cамы пашыраны ў сучаснай паэзіі від стапы.

Выкарыстанне ў беларускай паэзіі Упершыню тэрмін «ямб» у беларускай літаратуры ўзгадваецца ў кнізе Л. Зізаній «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова…» (Вільня, 1596). З’яўленне вершаў, напісаных ямбам, выклікана зараджэннем і развіццём у беларускай паэзіі сілаба-тонікі («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»).

Самы пашыраны ў беларускай паэзіі — чатырохстопны ямб: Ад пра|дзедаў| спакон| вякоў Мне зас|тала|ся спад|чына; Памiж| сваiх| i чу|жакоў Яна| мне лас|кай мат|чынай. (Я. Купала «Спадчына»)

Сярод іншых разнавіднасцей ямбу — двухстопны («Да вясны» Я. Коласа), трохстопны («Аблокі» А. Вялюгіна), пяцістопны («Пярэдні край. Чужы. Неразгаданы» А. Пысіна) і г. д. Звычайна ямбам пішуць байкі, ён выкарыстоўваецца ў цвёрдых формах верша: санеце («Санет» («Замёрзла ноччу шпаркая крыніца») М. Багдановіча), актаве («Спроба актавы» Я. Купалы, «Нам разам трыццаць. Мы стаім на кладцы» Н. Гілевіча), а таксама ў белым вершы, якім найчасцей пішуць драматычныя паэмы («Над Бярозай ракой» П. Глебкі). Ямбічныя памеры даюць магчымасць выяўляць самыя розныя думкі і пачуцці, надаюць вершу песеннасць і размоўнасць, плаўнасць і імклівасць.

Ямбам напісаныя паэма Я. Купалы «Магіла льва», вершы «Ворагам Беларушчыны», «Паэтам», «Песня вольнага чалавека», «Песня жней», «Разлад», «Там», «Для Бацькаўшчыны», «Свайму народу», «Госці» і інш.

Літаратура

Катэгорыя:Антычная метрыка Катэгорыя:Танічнае вершаскладанне