Мянту́з звыча́йны, мянёк (Lota lota) — адзіная прэснаводная рыба сямейства трасковых атраду траскападобных. Народныя назвы: мень, мянёк, калека.
Апісанне Даўжыня да 1,7 м, маса да 32 кг (у Беларусі да 5 кг). Цела падоўжанае, акруглае, звужанае да хваста, ўкрытае вельмі дробнай цыклоіднай луской. Спіна зеленаватая або аліўкава-зялёная з чорна-бурымі плямамі і палосамі. Галава шырокая, прыплюснутая. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік, 2 вусікі — ля ноздраў. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя.
Пашырэнне
Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, у плыткіх прыбярэжных водах Балтыкі. У Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку, пры тэмпературы вышэй 15—16 °C хаваецца ў норах, пад карчамі і т.п.
Асаблівасці біялогіі Драпежнік. Корміцца дробнай рыбай, ракападобнымі, лічынкамі насякомых.
Палавой спеласці дасягае на 3—4-м годзе жыцця. Нераст адбываецца ў снежні—лютым на неглыбокіх месцах вадаёмаў з пясчаным або камяністым дном і хуткім цячэннем. Развіццё ікры цягнецца да вясны.
Прамысловае значэнне Прамысловае значэнне ў Беларусі мае ў Браслаўскіх і Нарачанскіх азёрах. Водзіцца ў Сарачанскай групе азёр.
Мяса белае, шчыльнае, без дробных костак, смачнае, дыетычнае (19 % бялку, 0,6 % тлушчу). Далікатэсам лічыцца вялікая тлустая пячонка ментуза (51—67 % тлушчу, багатага вітамінамі A і D), у некаторых краінах яе ядуць сырой. Мянтуз асабліва папулярны ў фінскай нацыянальнай кухні, дзе далікатэсам лічыцца і ікра ментуза. Вельмі смачныя юшка з ментуза, смажаны, заліўны мянтуз, пірагі з начынкай з мянтуза. Увогуле, мянтуза можна гатаваць як траску.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Трасковыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе Катэгорыя:Жывёлы на марках