«Бандароўна» — паэма Янкі Купалы, завершаная 24 чэрвеня 1913 года. Першая з паэм, напісаных Янкам Купалам улетку 1913 года ў Акопах. Упершыню надрукаваная ў газеце «Наша Ніва» 19 ліпеня 1913 года. Чарнавы аўтограф паэмы з закрэсленым аўтарскім прысвячэннем: «Паўліне Мядзёлцы» захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Бандароўна (паэма)». — C. 62—63.
Вытокі твору У аснове сюжэту паэмы — тры варыянты народнай песні пра Бандароўну, запісаныя на Гарадзеншчыне, Ашмяншчыне і Случчыне.Змешчаныя ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» П.Шэйна. Моцны матывамі гераізацыі, гарадзенскі варыянт твора быў гістарычнай песняй пра гібелі сумленнай прыгажуні Бандароўны. У ашмянскім і слуцкім варыянтах расповяд пра Бандароўну — гэта сямейна-побытавая песня маралізатарскага зместу. Таксама ва мностве варыянтаў вядома ўкраінская народная балада «Песня пра Бондараўну» («Ой у містечку у Богуславі…»).
Асноўныя сюжэтныя звёны паэмы ўзяты з гарадзенскага варыянту, вядомага яшчэ па запісах Яна Чачота.«Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны», Вільня, 1846. Гарадзенскі варыянт абумовіў і рытміка-інтанацыйную аснову паэмы, якая стала адным з класічных узораў засваення Купалам фальклорнайнайнае спадчыны, ідэйна-мастацкага яе асэнсавання і пераўтварэння ў новую ідэйна-эстэтычную каштоўнасць. Акцэнты асуджэння Бандароўны як нявернай каханкі пана ўзяты з ашмянскага і слуцкага варыянтаў, як і шэраг сюжэтных элементаў і матываў, асабліва выкарыстаных для характарыстыкі вобразу пана Патоцкага.
Гістарычная аснова сюжэту
Прататып юрлівага і жорсткага «пана Патоцкага» — (1707—1782), староста канеўскі і багуслаўскі, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай свайго часу і вядомы мецэнат царквы і мастацтваў.
Мікалай Патоцкі славіўся сваім эксцэнтрычным, дэспатычным і надзвычай разгульным ладам жыцця. У народных паданнях і гістарычнай памяці захавалася нямала гісторый пра яго эксцэнтрычны самавольства і самапраўства над дробнай шляхтай, сялянамі і яўрэямі, а ягоны замак у Бучачы быў гняздом неўтаймаванай раскошы і распусты. Галоўны персанаж гавэнды «Канеўскі замак» з цыклу «Успаміны Сапліцы» Генрыха Жавускага.
Паводле сюжэту балады, пан Патоцкі спрабаваў сілай дамагчыся маладой прыгажуні (дачкі бондара — Бондараўны), але, атрымаўшы рашучую адмову і публічны адпор, загадаў застрэліць дзяўчыну (або зрабіў гэта сам). Паводле паданняў, трагічны эпізод адбыўся ў мястэчку Гарадзенка (або Багуслаў).
Пазней, Мікалай Патоцкі раскаяўся ў грахах і жорсткіх учынках (у тым ліку ў забойстве дзяўчыны), адышоў ад свецкага жыцця, прыняў уніяцтва, стаў шчодрым мецэнатам Пачаеўскай лаўры і вылучыў велізарныя сродкі на будаўніцтва храмаў (у тым ліку Пакроўскай царквы і касцёла Беззаганнага Зачацця ў Гарадзенцы). Насіў простую казацкую вопратку і размаўляў украінскай. Дажываў свае дні манахам у Пачаеўскім манастыры, дзе, аднак, меў невялікі ўласны дом. У Пачаеўскай лаўры распавядаюць легенду, што навяртанне Патоцкага да пабожнага жыцця адбылося ў 1759 годзе, калі ён у гневе, што ў яго карэце адламалася кола, тройчы стрэліў ў фурмана, але той цудам застаўся непашкоджаным — а пазней распавёў, што пад час расправы маліўся, гледзячы ў бок лаўры, да тамтэйшага цудоўнага абраза Маці Божай.
Апісанне «Дужы ты з сваім багаццем, А я сілы большай. — За мной праўда і народ мой, За табой жа — грошы!» Я. Купала З паэмы «Бандароўна»
Па сваёй форме паэма — гераічнае паданне, песня-сага. На аснове сюжэтных вузлоў, вобразаў і матываў усіх трох варыянтаў народнае песні Янка Купала паглыбіў пачатковы сюжэт фальклорнае першакрыніцы сацыяльна, псіхаэмацыянальна, нязмерна ўзмацніў яго экспрэсію. Паэма ўяўляе сабой нацыянальны эпас героікі з апафеозам гераічнай смерці і справядлівай помсце, з узвялічваннем і паэтызацыяй цнатлівасці і гордае непакорнасці, з услаўленнем народу-бунтара. У аснову паэмы аўтар паклаў не канфлікт паміж героямі, як у народных песнях пра Бандароўну, а канфлікт паміж народам і прыгнятальнікам, паміж тыранам і свабодай.
Аўтар захаваў народна-песенны прыём зацікаўленага, але старонняга апявання падзей і лёсу. Пры гэтым Я.Купала не ўхіляўся ад увядзення ў плынь аб’ектывізаванага апявання элементаў суб’ектыўнага суперажывання з гераіняй. Эмацыянальная сіла паэмы ў багацці паэтычных фарбаў. Яна ўвабрала ў сябе як традыцыйна-народную фальклорную вобразнасць, так і арыгінальную, характэрную Купалу рамантыку. Аўтар выкарыстаў у паэме традыцыйна-народныя выслоўі, устойлівыя словазлучэнні, паэтычныя формулы, характэрныя народнай казцы або гутаркавай мове. Шырока ўведзены ў паэму прыём паралелізму.
Водгукі
Пераклады і мастацкія ўвасабленні На рускую мову паэму пераклалі А. Пракоф’еў і С. Родаў, на ўкраінскую — А. Малышка, Т. Масэнка. Ілюстравалі паэму Ф. Бараноўскі, М. Басалыга, М. Бельскі, Ю. Герасіменка, А. Кашкурэвіч, Я. Раманоўскі, В. Шаранговіч. Паводле матываў твору Г. Гарэлава напісала сімфанічную паэму. Вобразы паэмы ляглі ў аснову спектаклю «Янка Купала. Кругі раю» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Крыніцы
Літаратура Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Бандароўна (паэма)» / Аўтар — А.Лойка — C. 62—63. Арочка, М. Беларуская савецкая паэма. — Мн., 1979. — С.29—30. Бярозкін, Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С.104—106. Лазарук, М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.168—173. Навуменка, І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.86—88. Ярош, М. Янка Купала і беларуская паэзія. — Мн., 1971. — С.117—120.
Спасылкі Паэма «Бандароўна» на сайце Янка Купала Паэма Я.Купалы «Бандароўна»: кароткі змест і мастацкія асаблівасці / Т.Грамадчанка на сайце slowo.ws Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна». Iдэйны змест. Сутнасць канфлікту. Фальклорная аснова на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна» на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў Водгук на паэму Я.Купалы «Бандароўна». Услаўленне Бандароўны на сайце Водгукі на вершы беларускіх паэтаў
Катэгорыя:Паэмы Янкі Купалы Катэгорыя:З’явіліся ў 1913 годзе