Транспланта́цыя — у медыцыне перасадка якога-небудзь органа ці тканкі, напрыклад, ныркі, сэрца, печані, лёгкага, касцявога мозгу, ствалавых гемапаэтычных клетак, валасоў.

Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі, называецца донарам, арганізм, якому перасаджваюць — рэцыпіентам.

Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для трансплантацыі, можа быць перасаджаны на месца выдаленага органа (ортатапічная трансплантацыя) або ў іншае месца (гетэратапічная трансплантацыя).

Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры трансплантацыі, выкарыстоўваюцб розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біялагічнай несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.).

Робяць трансплантацыю нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце), печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў, сухажылляў, касцявой, храстковай, тлушчавай тканак, сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і іншыя. Пашыраецца трансплантацыя клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперыментальнай анкалогіі робяць трансплантацыі пухлін жывёлам.

У раслін трансплантацыя — перасадка розных частак расліны на іншую расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Трансплантацыя выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная трансплантацыя лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.

Класіфікацыя Адрозніваюць наступныя віды трансплантацыі:

аўтатрансплантацыя, ці аўталагічная трансплантацыя — рэцыпіент трансплантанта з’яўляецца яго донарам для сябе самога. Напрыклад, аўтатрансплантацыя скуры з непашкоджаных участкаў на абпаленыя шырока ўжываецца пры цяжкіх апёках. Аўтатрансплантацыя касцявога мозгу ці гемапаэтычных ствалавых клетак пасля высокадознай проціпухліннай хіміятэрапіі шырока ўжываецца пры лейкозах, лімфомах і хіміяадчувальных злаякасных пухлінах. ізагенная трансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца 100 % генетычна і імуналагічна ідэнтычнае рэцыпіенту аднайцавае блізня рэцыпіента. алатрансплантацыя, ці гоматрансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца чалавечы арганізм, які адрозніваецца генетычна і імуналагічна. ксенатрансплантацыя, ці міжвідавая трансплантацыя — трансплантацыя органаў ад жывёлы іншага біялагічнага віду.

Гл. таксама Транспланталогія Біяэтыка Серджыа Канавера

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Вопросы клеточных технологий и биоинженерии тканей (обзор) . Журнал СФУ 2008 (том 1, номер 3), с. 269—294.

*