Адам Антонавіч Вайніловіч (, ), 1 лістапада 1806, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 22 снежня 1874, вёска Савічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, — сярэднезаможны землеўласнік Слуцкага павета Мінскай губерні, папячыцель сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845). Быў бацькам віцэ-старшыні (1888—1907) і старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутата (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928).

Паходжанне роду Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Нарадзіўся 1 лістапада 1806 г. у сям’і Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), і яго жонкі Тэафіліі Адынец (1782—1845). Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч быў сынам Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай, якія пабраліся шлюбам у 1770 г.

Спачатку быў хрышчаны 21 лістапада 1806 г. у родавым маёнтку Савічы ва ўніяцкай царкве ў Савічах, а пасля 23 лістапада хрышчаны ў каталіцкім касцёле ў Цімкавічах (Слуцкі павет). Бацька назваў яго «Адамам» у гонар князя Адама-Ежы Чартарыйскага. Поўнае ж імя атрымаў «Адам-Дамінік».

Адукацыя У маладосці ён, каталік, вучыўся ў Слуцку ў кальвінісцкай школе, а пасля вучыўся ў Віленскім універсітэце ў лепшыя часы гэтай адукацыйнай установы, жывучы ў доме свайго стрыя Яна Вайніловіча (1767—1844), члена «Радзівілаўскай камісіі», у Вільні.

Службовая дзейнасць Пасля заканчэння ўніверсітэта Адам Вайніловіч быў накіраваны на стацкую службу — у канцылярыю Віленскага ўніверсітэта (з 1 кастрычніка 1827 г.), дзе 22 мая 1829 г. атрымаў чын губернскага сакратара. З 1829 г. стаў жыць у маёнтку і займацца сельскай гаспадаркай.

Універсітэцкія веды дапамагалі яму займацца гаспадаркай і быць пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, за што атрымаў вялікі аўтарытэт у мясцовым грамадстве. Але службовую кар’еру зрабіў не вельмі прыкметную: быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара часовага паліцэйскага ўпраўлення Слуцкага павета (з 20 жніўня 1832 па 9 чэрвеня 1842 г.), паралельна (па выніках дваранскіх выбараў у Мінску) быў выбраны 27 верасня 1832 г. дваранамі Слуцкага павета на пасаду гранічнага (межавага) суддзі Слуцкага павета (1832—1835). На чарговых дваранскіх выбарах у Мінску 12 верасня 1835 г. быў выбраны на пасаду папячыцеля сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845): на гэту пасаду ён пераабіраўся дваранамі Слуцкага павета на выбарах у 1838 і 1841 гг. Апошнім разам Адам Вайніловіч быў пераабраны на пасаду папячыцеля сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (і другім кандыдатам на пасаду слуцкага павятовага маршалка) на дваранскіх выбарах у Мінску 30 кастрычніка 1844 г. і праслужыў да 25 красавіка 1845 г., калі падаў у адстаўку, не даслужыўшы кадэнцыі да 1847 г.

Адзінай прыкметнай у межах Беларусі пасадай для Адама Вайніловіча была тая, што ў 1857 г. ён быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў (Стары Барысаў і інш.) князя Леана Людвікавіча Радзівіла (1808—1885) (з прычыны дзяржаўнага кантракту Саксоніі) расійскаму вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу (1831—1891). Менавіта з-за свайго вялікага досведу ва ўрэгуляванні зямельных спраў, эрудыцыі, добрасумленнасці, высакародства душы Адам Вайніловіч быў выбраны на гэту ролю арбітра. Праца Адама Вайніловіча ў Фінансавай камісіі, якая рыхтавала барысаўскія маёнткі для продажу, была паспяховай: амаль усе пабудовы ў маёнтку былі ўзведзены па яго планах і пад яго кіраўніцтвам, лугі асушаны, даўгі маёнтка ў значнай ступені выплачаны. Гэтыя якасці душы і справавання бацькі ў поўнай меры праявяцца і ў дзейнасці яго сына Эдварда Вайніловіча (1847—1928).

Сям’я thumb|Ганна Эдвардаўна Вайніловіч (з роду Ваньковічаў) — жонка Адама Антонавіча Вайніловіча Адам ажаніўся, маючы больш за 40 год, бо дагэтуль яго вельмі займала грамадская дзейнасць па ўладкаванні зямельных спрэчак паміж дваранамі. Жонкай стала Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) — дачка Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), уласніка маёнтка Вялікая Сляпянка, Камароўка каля Мінска (зараз у межах Мінска вядомыя аднайменныя раёны), Зарэчча над Свіслачу Мінскага павета, і яго жонкі Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яе род Ваньковічаў адносіўся да рэгіянальнай эліты Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, а пазней Мінскай губерні Расійскай імперыі, дзе і меў маёнткі (у Мінскім і Ігуменскім паветах). У прыватнасці, дзед Ганны Эдвардаўны Ваньковіч пан Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (?—1812) быў барысаўскім павятовым маршалкам (1797—1802), а пасля мінскім губернскім маршалкам (1802—1806) і валодаў маёнткамі ў Мінскім, Ігуменскім і Барысаўскім паветах Мінскай губерні.

thumb|Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (Кастравіцкая) (1864—1935) — дачка Адама Антонавіча Вайніловіча У сям’і Вайніловічаў з пяццю дзецьмі (чатыры дачкі і сын Эдвард), меўшай не вельмі вялікі маёнтак, матэрыяльныя магчымасці былі вельмі абмежаваныя, бо маці Ганна з вялікай спадчыны сваіх бацькоў Ваньковічаў атрымала сабе толькі 10 000 рублёў срэбрам.

Сын Адама Эдвард Вайніловіч (1847—1928) стаў буйным гаспадарчым і палітычным дзеячам Расійскай імперыі і Беларусі — быў віцэ-старшынёй (1888—1907) і старшынёй (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутатам (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, лідарам ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908), актыўным прыхільнікам дзяржаўнасці Беларусі.

Адна дачка Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941) маладой пайшла замуж за пажылога Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894), былога мінскага губернскага маршалка (1847—1853), для якога гэта быў другі шлюб. Першай жонкай Атона Горвата была Людвіка Львоўна Оштарп (8 чэрвеня 1807—?) — дачка мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851) ад яго жонкі Гелены Кунцэвіч. Міхаліна з Вайніловічаў Горват пабудавала парафіяльны касцёл у Цімкавічах (Слуцкі павет), у чым ёй дапамагаў пробашч Тадэвуш Аскерка.

Другая дачка Габрыэла Адамаўна Вайніловіч (1850—1879) узяла шлюб з Ежы Пятровічам Магільніцкім (1827—1915), уласнікам маёнтка Філіпавічы ў Слуцкім павеце, удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў і арганізатарам паўстання ў Слуцкім павеце, арыштаваным і высланым расійскімі ўладамі ў Сібір. Маёнтак Філіпавічы быў канфіскаваны расійскай уладай. Шлюб Ежы Магільніцкага і Габрыэлы адбыўся дзесьці пасля 1869 г. у Люблінскай губерні, калі Магільніцкі вярнуўся з высылкі з Сібіры і набыў маёнтак Бзовец у Краснастаўскім павеце Люблінскай губерні, дзе маладыя і пасяліліся.

Трэцяя дачка Марыя Адамаўна Вайніловіч (1849—1927) пайшла замуж за Ксаверыя Бельскага (1842—1919), уласніка маёнтка Ацечына ў Кобрынскім павеце.

Чацвёртая дачка Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (1864—1935) — пабралася шлюбам з Вацлавам Генрыкавічам Кастравіцкім, уласнікам маёнтка Грыцкоўшчына (каля Койданава) у Мінскім павеце Мінскай губерні. Ядвіга была сяброўкай вядомай польскамоўнай пісьменніцы Марыі Родзевіч (1863—1944) з Ялаўца, а таксама «правай рукой» свайго брата Эдварда Вайніловіча. Пасля Рыжскага дагавора ў 1921 г. яна выехала разам з сямействам Вайніловічаў у Быдгашч, дзе памерла і была пахавана побач з братам Эдвардам на Старафарных могілках горада.

Паўстанне 1863—1864 гадоў і пагроза секвестра маёнткаў

Брат Адама Тадэвуш Вайніловіч (1804—1878), з’яўляючыся патрыётам, аўтарытэтным і доўгачасовым слуцкім павятовым маршалкам (1845—1863), прыняў удзел у падзеях, звязаных з падпісаннем г.зв. «мінскага пратакола», калі падчас дваранскіх выбараў у Мінску ў 1862 г. дваране Мінскай губерні ўнеслі ў пратакол дваранскага сходу тэкст адрасу да расійскага цара аб жаданні злучыць Мінскую губерню ў адміністрацыйных адносінах з польскімі губерніямі Расійскай імперыі, мроячы аб адраджэнні былой Рэчы Паспалітай. Тадэвуш Вайніловіч падпісаўся пад пратаколам, падаў у адстаўку з пасады маршалка і нават са спакойнай душой у сваім маёнтку рыхтаваўся да высылкі расійскімі ўладамі за такі крок, але абышлося.

Эмацыйны патрыятычны запал ахапіў многія слаі грамадства літоўска-беларускіх губерняў, асабліва бурна на любыя водгукі падзей у Варшаве і сваім краі рэагавалі моладзь і жанчыны. Гімназічная моладзь Слуцка, сярод якой было больш за 300 вучняў, часта пакідала свае прамыя абавязкі вучыцца, каб удзельнічаць у патрыятычных дэманстрацыях як у касцёле, так і за яго межамі, насіла «патрыятычную біжутэрыю» (заколкі з «Арлом» ці «Пагоняй», запінкі да кашуль з партрэтамі Тадэвуша Касцюшкі, Анджэя Замойскага, Леапольда Кроненберга). Людзі сталага веку хадзілі на дэманстрацыі ў кунтушах і канфедэратках з какардамі з нацыянальнымі гербамі, спявалі патрыятычныя і рэлігійныя гімны ў касцёлах і на вуліцы, захапляліся мясцовымі агітатарамі (якія сваёй дзейнасцю рабілі сабе папулярнасць у народзе), перадавалі адзін аднаму нелегальную літаратуру, прыхоўвалі зброю, а часам і саміх паўстанцаў. Тых цвяроза думаючых людзей, што глядзелі глыбей і бачылі, што паўстанне не падрыхтавана і ўвогуле не мае шанцаў на поспех, а яго наступствы будуць неспрыяльнымі для края, узбуджаныя натоўпы ганьбавалі.

Сын Адама Вайніловіча Эдвард, які ў 1861—1865 гг.вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, быў патрыётам, але занатаваў у сваіх успамінах, што мала тады рэагаваў на заклікі мясцовых агітатараў і паўстанцкіх эмісараў і не падзяляў сфарміраваную тады агітатарамі ў людскім асяроддзі грамадскую думку Слуцка, якая пасля здрадзіла сваім жа героям: «Адзінае, што лічыў тады дрэнным і зараз не магу дараваць, гэта тое, што шырокія колы грамадства былі такія нявопытныя альбо загіпнатызаваныя. <…> Магу прывесці прыклады: графу Эмерыку Чапскаму, фундатару музея Чапскіх у Кракаве, а пасля дырэктару ляснога дэпартамента, пабілі вокны. Швагер мой, Ежы МагільніцкіЕжы Пятровіч Магільніцкі (1827—1915) узначаліў паўстанне ў Слуцкім павеце, быў высланы на катаргу, а пасля вызвалення ажаніўся з Габрыэлай Адамаўнай Вайніловіч (1850—1879), сястрой Эдварда., сасланы на катаргу, не меў міру ў стваральнікаў грамадскай думкі, якія пасля папівалі гарбатку з абаранкамі, калі яго маёнтак канфіскоўвалі. Памятаў усё гэта, і тая несправядлівасць паўплывала, напэўна, на тое, што занадта, можа, абыякава адносіўся да грамадскай думкі і не дабіваўся ніколі папулярнасці. Такім спосабам стваралася грамадская думка, якой пачалі паддавацца людзі насуперак сваім найглыбейшым перакананням, і неслі сваё жыццё і маёнтак у ахвяру, разумеючы нават усю бясплённасць сваёй самаахвярнасці. <…> Для ілюстрацыі настрою прывяду прыклад асабісты: меў шчасце мець матку, любоў якой да мяне была бязмежнай, і памятаю, як мяне, 15-гадовага юнака, яна падгаворвала, каб, калі прыйдзе хвіліна, стаў у шэрагі тагачасных мнімых абаронцаў айчыны. Хвіліна тая прыйшла — на маё шчасце, не быў дома, калі прыйшла да Савіч слуцкая партыя„Партыяй“ у часы паўстання называлі паўстанцкі атрад. пад кіраўніцтвам слаўнага палкоўніка Уладзіслава Машэўскага, некалькі асоб забралі маю стрэльбу, забралі 6 запрэжаных коней і пісара маёнтка, якога маці блаславіла і адправіла. Манеўравалі нядоўга, былі разбіты на мяжы Ігуменскага павета».