Саюз аўтанамістаў () — вялікая парламенцкая кааліцыя дэпутатаў у I Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі, якая налічвала да 115—120 чалавек. Кааліцыя ставіла супольнай мэтай работы ў Дзяржаўнай Думе ўвядзенне дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыі і ўлічванне інтарэсаў нярускага насельніцтва дзяржавы. Лідарам Саюза аўтанамістаў стаў Аляксандр Робертавіч Лядніцкі (1866—1934). Галоўны ўплыў у Саюзе аўтанамістаў мелі дэпутаты ад заходніх губерняў — прыхільнікі «краёвасці». Само існаванне і дзейнасць Саюза аўтанамістаў поўнасцю адпавядала інтарэсам краёўцаў-кансерватараў, на чале якіх стаяў старшыня «Польскага кола» у Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі Эдвард Вайніловіч (1847—1928). Гісторыя

Пасля першых думскіх выбараў дэпутаты з ліку мясцовых (каталіцкіх і польскамоўных) дваран (г.зв. «палякаў») Заходняга края стварылі ў I Дзяржаўнай Думе групоўку (20 чалавек — у тым ліку Раман Скірмунт) пад назвай «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі»), лідары якога надрукавалі 13 (26) чэрвеня 1906 г. на старонках газеты «Kurier Litewski» (№130, 1906 г.) сваю праграму («Дэпутацкае кола Літвы і Русі. Праграма прынцыпаў»)Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 466.. Яны ўказвалі, што да складу групоўкі «маглі б увайсці дэпутаты-непалякі з Літвы і Русі», калі прымаюць прынцыпы гэтага дакумента. Прынцыпы ў вялікай меры супадалі з прынцыпамі, якія былі выпрацаваны ў Мінскім таварыстве сельскай гаспадаркі і ўпісваліся ў рэчышча ліберальных рэформ, што праводзіліся ў Расійскай імперыі пад напорам ліберальна-дэмакратычнага грамадскага руха.

У праграме сцвярджалася, што развіццё дзяржавы залежыць ад функцыянавання ў ім канстытуцыйна-парламентарнага ладу, які абапіраецца на ліберальныя прынцыпы свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і арганізацый, недатыкальнасці асобы і месца жыхарства. Выказвалася за раўнапраўе ўсіх грамадзян (без размежавання па веравызнанні і нацыянальнасці) і ліквідацыю саслоўных адрозненняў; за забеспячэнне праў нацыянальных меншасцяў; прапаноўвалася ўвядзенне рэгіянальнага самакіравання з максімальна шырокімі кампетэнцыямі, што было б першым крокам да стварэння ў Расійскай імперыі «аўтаномнага ўладкавання, які б, аднак, не парушаў цэласці дзяржавы». Граніцы рэгіянальнай аўтаноміі павінна было акрэсліць само насельніцтва. Выказваліся за праўнату праў для мясцовых моў і ўжывання іх нароўні з рускай мовай у дзяржаўных установах (адміністрацыйных, судовых, адукацыйных і культурных). У тым плане пастулявалася бясплатнае пачатковае навучанне на прынцыпах раўнапраўя мясцовых моў. Патрабавалася неўмяшальніцтва ўлад у справы каталіцкага касцёла. Найбольш супярэчлівымі былі погляды на аграрнае пытанне: дапускаліся два варыянты вырашэння праблемы, якія адпавядалі поглядам двух фракцый, паўсталых у Коле: побач са шляхам паляпшэння, урэгулявання і павелічэння зямельнай уласнасці прапаноўваўся радыкальны метад пераходу дзяржаўнай і кляштарнай зямлі і прымусовы пераход часткі прыватнай зямлі за кампенсацыю па рынкавым кошце. Выкананне аграрнай праграмы прапаноўвалася даручыць органам рэгіянальнага самакіраванняSzpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa... С. 62—76.

Дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкага кола Літвы і Русі») аб'ядналіся з дэпутатамі ад польскіх губерняў (т.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў», у якую яшчэ ўвайшлі ўсе нацыянальныя групы дэпутатаў (63 дэпутата — украінцы, татары, грузіны, эстонцы, прадстаўнікі казачых абласцей і інш.)Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва, 2006. — С. 359.Циунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 10.. Цалкам гэтая вялікая парламенцкая кааліцыя («Саюз аўтанамістаў») налічвала ў I Дзяржаўнай Думе да 115—120 чалавек і была моцным аб'яднаннем сіл для дасягнення дэцэнтралізацыі кіравання нацыянальнымі рэгіёнамі Расійскай імперыіЦиунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 10.. Актыўным дзеячом Саюзу аўтанамістаў быў і дэпутат ад Калужскай губерні Віктар Пятровіч Абнінскі (1867—1916), які звязваў барацьбу за пашырэнне праў органаў мясцовага самакіравання разам з вырашэннем нацыянальнага пытанняЦиунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 10..

«Саюз аўтанамістаў» узначаліў дэпутат Аляксандр Лядніцкі (1866—1934), выбраны ад Мінскай губерні па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча (1847—1928), старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Калі «Польскае кола з Каралеўства Польскага» мела строгую ўнутрыфракцыйную дысцыпліну, абавязковую пры галасаваннях, і выступала супраць уваходжання сваіх членаў у іншыя парламенцкія групы, то іншыя нацыянальныя групы дэпутатаў «Саюза аўтанамістаў» не былі прынцыпова супраць двайнога членства.

У саслоўных адносінах толькі «Дэпутацкае кола Літвы і Русі» і «Польскае кола з Каралеўства Польскага» складаліся ў асноўным з дваран, хоць прыкметны працэнт сярод дэпутатаў складалі асобы свабодных прафесій — адвакаты, журналісты, інжынеры і лекары. Лідары «Саюза аўтанамістаў» разлічвалі на супрацоўніцтва ў Думе з агульнарасійскімі апазіцыйнымі сіламі для дасягнення нацыянальнага раўнапраўя і мясцовага самакіравання. Лідар «аўтанамістаў» Аляксандр Лядніцкі даказваў мажлівасць і неабходнасць такіх пераўтварэнняў у інтарэсах новай дэмакратычнай Расіі.

У I Дзяржаўнай Думе дэпутаты ад «заходніх губерняў» цвёрда выказваліся за захаванне права прыватнай уласнасці на зямлю. Эдвард Вайніловіч з асаблівым задавальненнем адзначыў у мемуарах, што прадметныя і ясныя прамовы графа Юзафа Патоцкага (з Валынскай губерні) і маладога Рамана Скірмунта (з Мінскай губерні) у абарону прыватнай уласнасці сталі шырока вядомымі ў Расійскай імперыіWoyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 151; Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt… С. 241..

Аднак першая Дума праіснавала толькі 72 дні. 8 (21) ліпеня 1906 г. Мікалай II выдаў маніфест, паводле якога распускаў I Дзяржаўную Думу, што было выклікана радакалізацыяй настрояў яе дэпутатаў (асабліва «кадэтаў», меўшых тады самы вялікі ўплыў у Думе), патрабаваўшых увядзення адказнасці ўрада перад Думай, ліквідацыі Дзяржаўнага Савета і правядзення радыкальнай аграрнай рэформы. Роспуск Думы суправаджаўся заменай Івана Гарамыкіна Пятром Сталыпіным на пасадзе міністра ўнутраных спраўИстория России. XX век. — Т. I. — С. 191—192..

Групоўка дэпутатаў заходніх губерняў «Краёвае кола Літвы і Русі» ў сваёй адозве, надрукаванай 16 (29) ліпеня 1906 г. у газеце «Kurier Litewski» (№158, 1906 г.), выказвалася супраць палітыкі Гарамыкіна, які не толькі не сцішыў рэвалюцыйныя настроі ў імперыі, але і не вылучаўся зычлівасцю адносна жыхароў Заходняга края, не ліквідаваўшы выключныя законы і прававыя абмежаванні адносна «асоб польскага паходжання», што былі ўведзены, галоўным чынам, пасля паўстання 1863—1864 гадоў. У адозве заяўлялася, што «толькі згодная, цвярозая і разважлівая праца прывядзе да росквіту культуры і да дабрабыту любімага ўсімі намі края», і заклікалася прыняць удзел у выбарах новай Дзяржаўнай Думы.

У II Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі дэпутаты ад заходніх губерняў (Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі) рабілі палітычныя планы і арганізацыйныя захады, каб аб'яднаць у Думе прыхільнікаў аўтанамізма. Зноў у арганізацыйнае бюро Саюзу аўтанамістаў прадстаўнікі ад Заходняга края, польскіх губерняў, а таксама літоўскія, украінскія, казачыя і іншыя дэпутатыЦиунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 11.. У бюро абмяркоўвалі магчымыя папраўкі ў заканапраекты па аграным пытанні, мясцовым судзе і мясцовым самакіраванні, выказвалі намеры зрабіць уласны законапраект аб выкарыстанні мяцовых моў у пачатковай школе і судзеЦиунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 11.. Але намеры Саюзу аўтанмістаў не паспелі рэалізавацца, бо II Дзяржаўная Дума была хутка распушчанаЦиунчук, Р.А. Автономистов группа... С. 11..

Літаратура Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с. История России. XX век: в 2-х т. / отв.ред. А.Б. Зубов. — Москва : АСТ, 2009. — Т. I. 1894—1939 гг. — 1024 с. Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с. Циунчук, Р.А. Автономистов группа / Р.А. Циунчук // Государственная Дума России: Энциклопедия: в 2-х т. - Москва : РОССПЭН, 2006. — Т.1. Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.). — С. 10—11. Dzieje Kresów / L. Korczak [i in.]; wstęp.: A. Nowak. — Kraków: Kluszczyński, 2006. — 352 s. Jurkowski, R. Listy Edwarda Woyniłłowicza do Mariana Zdziechowskiego z lat 1905—1928, Cz. I. / R. Jurkowski // Echa Przeszłości. — Olsztyn: Uniwersytet Warmińsko-Mazurski w Olsztynie, 2007. — nr VIII. — S. 209—220. — ISSN 1509-9873. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s. Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі От Союза автономистов-федералистов (ноябрь 1905) ГОСУДАРСТВЕННАЯ ДУМА РОССИЙСКОЙ ИМПЕРИИ

Катэгорыя:Дзяржаўная дума Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Расіі Катэгорыя:Арганізацыі краёўцаў